НАТА сочыць за ваеннай актыўнасцю ў Беларусі, аднак не бачыць ані прамой, ані апасродкаванай пагрозы саюзнікам з боку ПВК «Вагнер». Такую заяву зрабіла афіцыйная прадстаўніца НАТА Аана Лунгеску ў інтэрв'ю польскаму інфармагенцтву PAP.
Рэагуючы на агрэсіўныя дзеянні Расіі, НАТА ўзмацніла сваю абаронную прысутнасць на ўсходнім флангу і прадаўжае рабіць усё неабходнае для стрымлівання ўсякай пагрозы і абароны кожнага сантыметра тэрыторыі альянсу, падкрэсліла суразмоўца агенцтва.
7 жніўня Беларусь пачала вайсковыя вучэнні каля мяжы з Польшчай і Літвой. Пры гэтым Мінабароны ў Мінску паведаміла, што заснаваныя гэтыя манеўры на досведзе, атрыманым у выніку «спецыяльнай ваеннай аперацыі» (то-бок вайны Расіі супраць Украіны).
Вучэнні праходзяць у Гродзенскай вобласці, недалёка ад так званага Сувалкскага калідора — тэрыторыі працягласцю меншай за сто кіламетраў, якая злучае Польшчу і Літву і аддзяляе Калінінградскую вобласць РФ ад Беларусі.
Між тым Мінабароны Польшчы 8 жніўня, задаволіўшы запыт памежнай службы, узгадніла перакідванне яшчэ 1000 вайскоўцаў да мяжы з Беларуссю. Гэта было зроблена на фоне спробаў нелегальнага пераходу мяжы. Перакідвае на мяжу дадатковыя сілы і Літва.
У інтэрв'ю агенцтву Аана Лунгеску паўтарыла звернуты да сусветнай супольнасці заклік кіраўніцтва НАТА, які прагучаў на саміце Паўночнаатлантычнага альянсу ў Вільні: не падтрымліваць Расію ў яе агрэсіўнай вайне супраць Украіны і асудзіць усіх, хто робіць гэта.
Каментары