«Бізнэс-рашэнні прымаў чыста інтуітыўна». Былая топ-менеджарка Twitter расказала пра Маска і закуліссе працы ў кампаніі
Былая кіраўніца Twitter Blue Эстэр Кроўфард апублікавала вялікі пост пра свае ўражанні ад працы пад кіраўніцтвам Ілана Маска. Многія ведаюць яе па фатаграфіі ў спальным мяшку: Эстэр даводзілася начаваць у офісе з-за гіганцкіх працоўных нагрузак. Цяпер Кроўфард згавае пра гэтыя часы з іроніяй і падзякай і ні пра што не шкадуе, піша Dev.by.
Пра старую каманду Twitter
Кроўфард трапіла ў каманду Twitter пасля куплі яе стартапа Squad у 2020 годзе. Паводле яе слоў, «гэта было адначасова займальна і жудасна»: кампанія здавалася ёй занадта ізаляванай і бюракратычнай. Адбываліся дурныя інтрыгі, пастаянныя рэарганізацыі змены назваў каманд. «Вы не маглі быць проста стваральнікам — вам таксама трэба было быць палітыкам», — дадала яна.
Эстэр прызналася, што была шакаваная, наколькі састарэлым было кіраванне: «У мяне асабліва не было жадання думаць пра нешта акрамя штоквартальных справаздач аб прыбытках і стратах». Таксама ёй здавалася, што ўсё ў кампаніі трымаецца «на клейкай стужцы» і на невялікія змены ў сацсетцы могуць сысці месяцы, перш чым гэтага ўдасца дамагчыся. Менеджараў было занадта шмат, а замест дыскусій былі стандартныя «не, гэта немагчыма» або «гэта тычыцца іншай каманды».
Кроўфард успамінае адзін эпізод, які ілюструе блытаніну: «Мой калега правёў месяц, спрабуючы атрымаць дазвол на тое, каб звязацца з блогерамі. Ён прайшоў праз тры ўзроўні кіраўнікоў і шэсць розных каманд. У выніку ва ўзгадненні ўдзельнічалі чатыры кіраўнікі. Гэта было вар'яцтва, на жаль, я бачыла, як некалькі топ-перформераў выгаралі і былі маральна знясіленыя пасля такога досведу».
Пра адносіны з калегамі
Хоць большасць супрацоўнікаў добра спраўляліся з працай, праблему стваралі лоў-перформеры, якіх перакідвалі з адной каманды ў іншую. Менеджары проста не ведалі, якую нагоду прыдумаць, каб звольніць гэтых работнікаў. Нешматлікія кіраўнікі валодалі воляй і рэсурсамі, каб гэта зрабіць, заключае Кроўфард.
Яна з цеплынёй успамінае працу з камандамі дызайну, распрацоўкі, даследаванняў, маркетынгу і PR. «Часта гэта была невялікая крос-функцыянальная каманда матываваных людзей, якія аказвалі вялікі ўплыў», — кажа былая супрацоўніца. Тым больш у гэтых камандах было весела і яны здаваліся хутчэй выключэннем, чым правілам.
Продаж сацсеткі
Перад продажам кампаніі кіраўніцтва нічога не тлумачыла супрацоўнікам і «хавалася за адвакатамі». Аднак Эстэр была настроена аптымістычна і вырашыла застацца ў Twitter. «З самага пачатку я бачыла, што некаторыя змены, якія Ілан збіраўся ўнесці, былі разумнымі, іншыя — дурнымі», — прызнаецца Кроўфард. Тады яна адкрыта дзялілася сваім меркаваннем і часта пярэчыла супраць новаўвядзенняў.
Пасля продажу кампаніі Эстэр не адчувала сябе ў псіхалагічнай бяспецы: здавалася, што яе могуць «звольніць у любы момант ні за што». Яна неаднаразова бачыла, як гэта адбываецца з іншымі — і як негатыўна гэта ўплывае на карпаратыўны дух. Аднак супрацоўніца спрабавала падбадзёрыць сваіх калег і падтрымліваць тых, хто імкнуўся адаптавацца да новага, больш хардкорнага тэмпу працы.
Сустрэча з Маскам
Ілан здаўся ёй смешным і абаяльным. Але яго характар не з лёгкіх: яна заўважыла, што паводзіны і рэакцыя Маска могуць мяняцца маментальна — ад іроніі да гневу. Таксама цяжка было зразумець, у якім настроі ён знаходзіцца цяпер і якая будзе яго рэакцыя на тую ці іншую падзею. Неўзабаве людзі пачалі яго адкрыта баяцца: што ён нечакана выкліча іх на нараду або ім прыйдзецца казаць яму дрэнныя навіны.
Найбліжэйшае асяроддзе Ілана, якое ён прывёў у кампанію, фанатычна верыла яму і падтрымлівала змены. Калегі Эстэр раілі ёй трымаць язык за зубамі і быць больш асцярожнай. Яна ўспамінае, што не прытрымлівалася гэтых парадаў: ёй было нецікава баяцца ці «хадзіць на дыбачках вакол Ілана». «Альбо ён будзе паважаць мяне за тое, што я сапраўдная, альбо звольніць мяне. Любы зыход быў для мяне прымальны».
Які Маск на самай справе
Кроўфард хутка зразумела, што Маск прымае прадуктовыя або бізнэс-рашэнні чыста інтуітыўна: ён не лічыў патрэбным абапірацца на сабраныя даныя або абгрунтоўваць сваё бачанне.
«Мяне гэта асабліва хвалявала, бо я лічыла, што валодаю карыснымі карпаратыўнымі ведамі, якія маглі б дапамагчы яму прымаць больш правільныя рашэнні», — кажа Эстэр. Часам ёй здавалася, што ён давярае водгуках выпадковых людзей больш, чым спецыялістам кампаніі. «Я дагэтуль не разумею чаму», — прызнаецца яна.
Былая супрацоўніца лічыць, што Маск валодае выключным талентам вырашаць складаныя тэхналагічныя задачы, але не здольны ствараць эфектыўныя прадукты, якія палягчаюць чалавечую сувязь і зносіны — гэта патрабуе іншага тыпу інтэлекту. Бізнэсмену не хапае сістэмнасці мыслення і эмпатыі, лічыць яна.
Тая самая гісторыя з мяшком
Таксама Кроўфард згадала нашумелую гісторыю, якая зрабіла яе вядомай.
Пасля куплі сацсеткі Маскам у сетцы з'явіўся здымак дзяўчыны, якая спіць проста ў офісе Twitter на падлозе ў спальным мяшку. «Стаць віруснай навіной было дзіўным і цікавым досведам. На мяне нападалі левыя і называлі падхалімкай мільярдэра, але ў той жа час на мяне нападалі правыя за тое, што я працуючая мама, якую дэманізавалі як прыклад жанчыны, якая аддае перавагу кар'еры перад сям'ёй», — смяецца яна. Эстэр несур'ёзна паставілася да гэтых каментароў.
На самай справе гісторыя аказалася простай. Супрацоўніца атрымала немагчымы дэдлайн для яе праекта. Ёй давялося працаваць круглыя суткі разам са сваёй камандай, якая была раскідана па ўсім свеце, і ім усё ж такі ўдалося выканаць задачу ў тэрмін, як кажа Эстэр, «насуперак усяму». Яна называе гэтыя некалькі месяцаў вар'яцкімі, але не шкадуе, што там апынулася.
Звальненне — найлепшы падарунак
Сваю працу ў кампаніі Маска яна параўноўвае з гульнёй «на 10-м узроўні складанасці». Ёй было цікава вырашаць складаныя задачы, і цяпер яна не хоча ні перабольшваць свой вопыт, ні крытыкаваць сваю былую працу. Кроўфард кажа, што звальненне для яе было «найлепшым падарункам, які я калі-небудзь атрымлівала». Цяпер яна атрымала час, каб расслабіцца, узяць перапынак і вярнуцца ў кампанію, у якую яна будзе верыць.
Кроўфард спадзяецца, што рэбрэндынг Twitter у X дапаможа кампаніі знайсці новую апору. Адначасова яна спачувае супрацоўнікам, якім даводзіцца літаральна змагацца за рэкламадаўцаў, а таксама карыстальнікам, якія сутыкаюцца з хаатычнымі абнаўленнямі платформы. «Гэта быў вар'яцкі дом,» —кажа Эстэр.
«Ва ўсім гэтым ёсць і павучальная гісторыя для ўсіх, хто ў чымсьці мае поспех: чым вышэй вы падымаецеся, тым менш становіцца ваш свет. Гэта дзіўны парадокс, але самыя багатыя і ўплывовыя людзі таксама з'яўляюцца аднымі з самых ізаляваных», — лічыць яна. Ілан здаваўся ёй зусім адзінокім, а яго лад жыцця быў для Эстэр непадыходзячым. Цяпер яна лічыць, што кампрамісу быць не можа: калі вы паспяховыя, але пры гэтым адчуваеце сябе самотна, то нешта ідзе не так.
Каментары
а можа яшчэ больш простай? хацела сэканоміць на жытле?