Спектакль тэатра беларускай драматургіі па творах Караткевіча сёння пакажуць анлайн
Відэасэрвіс Voka 13 ліпеня пакажа ў жывым эфіры прэм'еру Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі — спектакль «Карней» па матывах твораў Уладзіміра Караткевіча. Трансляцыя пачнецца ў 19:00 па мінскім часе і будзе бясплатна даступная гледачам у любым пункце свету.
У аснове спектакля — апавяданне Уладзіміра Караткевіча «Карней — мышыная смерць», а таксама ўрыўкі з празаічных твораў пісьменніка, яго вершаў і эсэ. Галоўным прадметам даследавання ў гэтай пастаноўцы будзе Дом — як сімвал, як пачуццё, як сувязь з роднай зямлёй, як злучальнае звяно пакаленняў, досведаў, часоў і выпрабаванняў.
Шматкамерная мастацкая здымка ў высокай якасці, як абяцаюць, дазволіць кожнаму гледачу, які далучыцца да прагляду 13 ліпеня, максімальна пагрузіцца ў атмасферу тэатральнай залы і ўбачыць усё, што адбываецца на сцэне, з розных ракурсаў.
Паглядзець прэм'еру анлайн можна будзе ў дадатку Voka або на сайце voka.tv — з любой прылады і без аўтарызацыі. Паказ працягне серыю трансляцый, якія відэасэрвіс праводзіць з Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі ўжо не першы сезон.
Каментары