Паплечнікі палітыка па Аб'яднанай грамадзянскай партыі распавялі «Народнай Волі» апошнія навіны пра свайго кіраўніка.
Раней аднапартыйцы палітыка распавядалі, што ад Мікалая амаль два месяцы не было ніякай інфармацыі, але апошнім часам інфармацыйная блакада скончылася і весткі ад яго пайшлі.
«Па нашай інфармацыі, Мікалай з бранхітам патрапіў у шпіталь, — кажуць паплечнікі Казлова. — Няма падрабязнасцей, дзе ён мог так захварэць, як невядома і тое, дзе Мікола на гэты момант знаходзіцца: ці то ў калоніі, ці то пакуль яшчэ на лячэнні».
Па словах суразмоўцаў, у параўнанні з некаторымі іншымі палітвязнямі, сітуацыя з Мікалаем Казловым выглядае больш-менш нармальна.
«Як ужо паведамлялася, няма цяпер татальнай інфармацыйнай блакіроўкі, таму лісты родным і блізкім ад Міколы ідуць, — распавядаюць яны. — Нават было некалькі тэлефонных званкоў ад яго.
Трымаецца Мікалай Казлоў годна. Натуральна, калі чалавек робіць выбар і вырашае не з’язджаць з краіны, то ён добра падрыхтаваны да магчымых выпрабаванняў».
Аднапартыйцы кажуць, што многія пішуць яму лісты, хаця ў калонію яны не даходзяць:
«Некаторыя пішуць нашаму партыйнаму лідару, іншыя не бачаць у гэтым сэнсу, бо карэспандэнцыю ўсё роўна не аддаюць. Не так даўно дапамагалі сястры Мікалая сфарміраваць вялікую перадачу для яе брата і нашага калегі.
Ёсць шмат людзей, якія гатовыя дапамагаць, цікавяцца лёсам Мікалая Казлова».
Палітыка затрымалі 27 ліпеня 2022 года. 3 лістапада 2022 года яго асудзілі на два з паловай гады пазбаўлення волі за «ўдзел у масавых беспарадках». У выніку паставілі ў віну ўдзел у мірным маршы пратэсту, што прайшоў у адну з нядзеляў у жніўні 2020 года.
Мікалай Казлоў адбывае пакаранне ў магілёўскай калоніі №15.
У маі 2023 года ў яго памерла маці, але палітыка на пахаванне не адпусцілі.
Каментары