Культура22

У Вільні адбылася прэм'ера спектакля «Ціхары» па п'есе Сашы Філіпенкі. І вось чаму яго варта пабачыць ФОТЫ

Украіна перамагла, а Пуцін націснуў кнопку запуску ядзернай зброі. Свет зруйнаваны, але ў бункеры ў 2030 годзе працягваюцца палітычныя суды над беларусамі… 

У Вільні адбылася прэм'ера сатырычнай драмы пісьменніка Сашы Філіпенкі «Ціхары». Паставіла спекталь украінская рэжысёрка Саша Дзянісава.

«Беларусь 2030. Суд у постапакаліпсісе» — такі жанр вызначыла Дзянісава. 

Запрашэнні на спектакль, якія атрымалі гледачы, былі ў форме «тэатральнай позвы». 

«П'еса «Ціхары» — не проста ўспаміны, а сатыра, каб усвядоміць мінулае, сустрэцца з сучаснасцю і паглядзець у будучыню праз прызму вайны ва Украіне. Гэта адкрыты заклік да дыялогу на тэмы, якія балюча абмяркоўваць, але ад якіх няможна ўцячы: дабро, зло, правасуддзе, помста, ці магчымы дыялог паміж гвалтаўніком і ахвярай, катам і абвінавачаным?» — адзначаюць стваральнікі спектакля. 

Афішу для спектакля стварыў Уладзімір Цэслер

У пастаноўцы расказваецца гісторыя доктара, які адмовіўся лячыць амапаўца (на напісанне натхніла рэальная гісторыя). Доктара Леўчанку грае літоўскі акцёр Андрус Дарыла. На сцэне ён у медыцынскім белым касцюме, на кішэні якога вісіць чырвоная стужка. Нават у бункеры «падсудны» сядзіць за кратамі.

Суддзю грае Марына Здаранкова. Яна, як і пракурорка (Аляксандра Мятальнікава), — у чорным касцюме, які перажыў гэты самы апакаліпсіс і таму памяты і ў белых плямах. 

Яны па чарзе перадаюць адна адной судзейскі малаток і стукаюць ім па металічнай бочцы. Такі гук вельмі нагадаў аўтарцы гэтага тэксту момант, калі на Акрэсціна, дзе яна сядзела на сутках, адзін з ахоўнікаў узяў дубінку і стаў грукаць ёй па металічных дзвярах камеры. 

Суддзя стала адхіляе пратэсты адваката — акцёра Іллі Ясінскага. Яго белы касцюм і бэчэбэ-красоўкі кантрастуюць з цёмным адзеннем прадстаўніц рэжыму і іх гумовымі тапкамі. Дарэчы, вобразы для спектакля стварыла беларуская дызайнерка Аляксандра Жук

«Спадар Леўчанка, ці быў пацыентам спадар Губопік Аляксандр Рыгоравіч? Ці быў ён тым, па паводзінах якога адразу было зразумела, якія менавіта мерапрыемствы трэба было праводзіць?» — пытаецца пракурорка. 

«Той дзень я магу параўнаць толькі з тым, калі ў нас адбыўся тэракт у цэнтры горада, выбух у метро. Цяжкія хворыя прыбывалі, а рэаніматолагаў не хапала.

У мяне, напрыклад, быў хлопец, якому асколкам светлашумавой гранаты вырвала кавалак біцэпса. Быў мужчына, у якога было пяць раненняў гумовай куляй, адно з іх у вобласці гартані…» — расказвае ў судзе Леўчанка. Пракурорка перабівае яго.

«Ці так я разумею, што з пастаноўкай дыягназаў іншым пацыентам у вас праблем не было, але з Губопікам чамусьці ўзніклі?» — пытаецца яна. 

На што Леўчанка ў дэталях успамінае тую ноч, калі збітыя, параненыя людзі паступалі ў бальніцу. 

Адзін з самых кранальных момантаў у спектаклі — калі доктар Леўчанка пачынае ўзаемадзейнічаць з гледачамі. Ён падыходзіць да людзей у зале і працягвае да іх рукі, цісне далоні. Глядзіць у вочы і далей расказвае пра падзеі таго дня. 

«Дактароў не хапала, аднаго хірурга забралі прама падчас аперацыі. А яшчэ, калі памятаеце, аднаго доктара затрымалі за тое, што ён не даў схлусіць Следчаму камітэту, што адзін з забітых у сутыкненні з сілавікамі быў п'яны…» — кажа «падсудны». 

Сілавіка, які памёр ад інсульту, граў Віталь Лявонаў.

Ролю яго «напарніка», сведкі абвінавачання, выканаў Сяргей Тоўсцікаў. 

У спектаклі амапаўцы выходзілі на сцэну пад песню «Завіруха», размахваючы ў танцы дубінкамі. 

«Санітараў не было, мы самі прывезлі яго (амапаўца. — «НН») на машыне хуткай дапамогі», — расказвае сілавік. 

«У вас была машына хуткай дапамогі?» — перапытвае адвакат. 

«Так, для навядзення парадку на вуліцах горада. Намі было канфіскавана некалькі машын хуткай дапамогі, на якіх мы перамяшчаліся, гэта дазваляла неадкладна затрымліваць злачынцаў», — працягвае сілавік і смяецца.

«Я кляўся лячыць людзей, а не звяроў», — выкрыквае ў нейкі момант падсудны Леўчанка. 

Сведка з боку абароны — патолагаанатам Аляксандра Чарапко. Яе грае актрыса Ніёле Макутэнайце. У спекталі Чарапко падрабязна расказвае, ад чаго памёр сілавік Аляксандр Губопік. Вердыкт — інсульт, выратаваць было ўжо немагчыма. 

Раптам у суд бок абвінавачання выклікае калегу Леўчанкі — акадэміка Эльдара Абрамава. На сцэне з'яўляецца вядомы расійскі акцёр Аляксандр Філіпенка. У зале — апладысменты.

Менавіта ў вусны Аляксандра Філіпенкі рэжысёрка ўкладае глыбокія разважанні.

«Смерць, якая здарылася са спадаром Губопікам у 2020-м, не павінна была здарыцца <…>. Было 25 аперацыйных, 50 аперацыйных залаў. Пры жаданні гэта бальніца нават магла забяспечыць маленькую вайну». 

У гэты момант раздаецца выбух, што нагадвае ўсім прысутным аб тым, што за межамі бункера ідзе ядзерная вайна.

У размову ўмешваецца адвакат. 

«Ці так я разумею, спадар Абрамаў, што вы былі доктарам былога прэзідэнта? Ці так я разумею, што ўсе ўзнагароды, прэміі, пасады вы атрымалі падчас яго кіравання?» — пытаецца ён. 

«Так. <…> Галубок мой, ён кіраваў так доўга, што, акрамя ўсяго іншага, пры ім я атрымаў яшчэ і рак, і дыябет. Я разумею, да чаго вы ведзяце: пры любой іншай уладзе я б стаў тым, кім я стаў. І, магчыма, нават хутчэй. Так, я лячыў прэзідэнта, яго генералаў, міністраў, якія ненавідзелі яго, але хадзілі перад ім на пальчыках. Мяне шанавалі як лекара. <…> Я не разумею, чаму павінен адмаўляцца ад узнагарод за маю добрую працу», — адказвае акадэмік. 

Абрамаў запэўнівае, што Леўчанка вінаваты і нічога не можа быць апраўданнем. «Ён парушыў клятву, — гучна ўскрыквае акцёр. — <…> Калі мы захочам лячыць толькі добрых людзей, вам трэба будзе знайсці іншую планету. Вы пытаецеся ў мяне, ці лячыў я нягоднікаў? Хлопчык мой, вам не хапіла б ніякіх трыбуналаў, каб асудзіць усіх тых падонкаў, якіх я выратаваў. 

 <…> Вы лічыце, што калі мы перастанем лячыць дрэнных людзей, яны ўсе перамруць як мухі і мы ўсе зажывём у раі?» 

На судзе ў камізэльцы з надпісам Press з'яўляецца «вядомы журналіст Сямён Стасаў», якога грае акцёр Аляксандр Рацько. 

Ён чытае сваю калонку. 

«Вам не здаецца, што працэс праваліўся? З самага пачатку было зразумела, што ён праваліцца, таму што матывацыя яго была абраная няправільна — працэс палітычны. У рэчаіснасці на грамадзяніна Леўчанку і на нябожчыка грамадзяніна Губопіка ўсім тут катэгарычна напляваць, таму што дзяржава пераследуе зусім іншыя мэты <…>.

Я абсалютна ўпэўнены, што Леўчанка невінаваты. Яго прыцягнулі сюды, каб сказаць: «Глядзіце, мы судзілі сілавікоў, а цяпер мы сталі такія чыстыя і сумленныя, што можам судзіць тых, хто ў тыя дні супраць сілавікоў змагаўся», — кажа журналіст.

У канцы спектакля акцёры чыталі асабістыя гісторыі затрыманых людзей. Некаторыя з іх расказвалі свае, напрыклад, Ілля Ясінскі. Падалося, што ў гэты момант гледачы ў зале перасталі дыхаць, некаторыя плакалі.

«Для мяне гэта спроба паглядзець на нашы народы, якія павязаныя праз расійскую агрэсію»

Рэжысёрка Саша Дзянісава ў каментары «Нашай Ніве» расказала, што пра спектакль яна пачала думаць яшчэ да пачатку вайны ва Украіне. 

Саша Дзянісава

«Ужо пасля я выехала ў Польшчу, потым зрабіла пяць выстаў пра Украіну. Гэта мая галоўная мэта. Цяпер я вярнулася з Бостана, дарабіла спектакль «Гаага», пра Пуціна і суд. І вось тут таксама тэма суда.

Мне вельмі шкада беларусаў цяпер, якія былі героямі пасля сваёй рэвалюцыі. Такая маштабная катастрофа, як вайна, паглынула меншую катастрофу — беларускую драму. Два гады таму Еўропа вітала беларусаў.

У спектаклі я, як украінка, зрабіла яшчэ такі погляд — праз ядзерную катастрофу. І пасыл тут — паразважаць, як кожны разбіраецца са сваім мінулым: як беларусы будуць займацца люстрацыяй, ці будуць яны вольныя.

Для мяне гэта спроба паглядзець на нашы народы, якія павязаныя праз Пуціна, праз вайну, праз расійскую агрэсію.

Напісана п'еса была два гады таму. У мяне была ідэя зрабіць яе неяк інакш, бо ўсё ж прайшоў час. А цяпер іншая сітуацыя — Лукашэнка перацягнуў ядзерную зброю, Прыгожын у Беларусі. Таму тут узнікла тэма ядзернай вайны, бункера. Усё як бы змянілася, Украіна перамагла, а Беларусь усё яшчэ займаецца судамі, рэпрэсіямі. 

Я бачу, як гэта кранае беларусаў. Гэта важна, што я зрабіла штосьці для вас, для людзей».

Спектакль «Ціхары» наведала і нацыянальная лідарка Святлана Ціханоўская. 

«Мяне ўразіла, як у пастаноўцы спалучаюцца неймаверна балючыя гісторыі з неймаверна добрым гумарам. Асобна хачу адзначыць ігру акцёраў: Андруса Даралы, Марыны Здаранковай, Іллі Ясінскага, Аляксандры Мятальнікавай, Сяргея Толсцікава, Ніёлы Макутэнайце, Аляксандра Рацько, Віталя Леонава, Аляксандра Філіпенкі — моцна, трапна і чула. Вашы асабістыя аповеды ў канцы спектакля — вартыя асобных авацый. Немагчыма было стрымаць слёз, слухаючы гісторыі рэпрэсій з боку рэжыму супраць нашых найбольш таленавітых прадстаўнікоў культуры. Я ганаруся кожным і кожнай з вас, мой нізкі вам паклон», — падзялілася ўражаннямі Ціханоўская пасля спектакля ў сваім тэлеграм-канале. 

Адна з глядачак апісала свае эмоцыі пасля спектакля ў размове з «Нашай Нівай». 

«Гэта вельмі кранула, — кажа яна і плача. — Я памятаю, як мне маці казала, што не трэба выходзіць на пратэсты. А мне вельмі хацелася, але баялася за родных… Пражывала ўсё з беларусамі ўсё роўна. Гэты спектакль вярнуў мяне ў той час, гісторыі людзей, якія там агучаныя, вельмі жывыя. Я заўтра з'язджаю ў Беларусь і, паглядзеўшы гэта, не ведаю, як паеду туды да родных. Не ўяўляю, як там ім жывецца. У мяне толькі слёзы…»

Спектакль «Ціхары» плануюць паказваць і далей. Наступныя пастаноўкі абяцалі ў жніўні ў Вільні. 

Чытайце таксама: 

З Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек звальняюць галоўнага рэжысёра — сусветна вядомага

На платформе Vodblisk стаў даступны кароткаметражны фільм «Возера радасці»

Берасцейскую Біблію і іншыя беларускія каштоўнасці распрадае былы міністр?

Выйшла першая аўдыякніга Святланы Алексіевіч на беларускай мове

Каментары2

  • менавіта
    03.07.2023
    Самае сатырычнае ў гэтым усім, што мы зараз у гэтым жывем. Сёння ехаў праз горад і бачыў, што карнікі стаяць літаральна ў кожным куце, у тым ліку апранутыя ў цывільнае. Жудаснае ўражанне. Свята ў канцлагеры нейкае. Але, трэба адзначыць, што звычайных людзей, бяручых удзел у гэтым бесаўскім шабашы, зусім мала. Нават пад прымусам усё меньш ідыётаў становіцца. То бок, не здаемся. Савок таксама не за адзін дзень здох.
  • Ізноў невероятчына палезла
    03.07.2023
    То й няхай шчырыя русскія людзі насалоджваюцца творамі шчырага русскага чалавека. А беларусу тое навошта? 

У інтэрнэт злілі канфідэнцыйнае дасье на найбольш верагоднага кіраўніка Дзярждэпа пры Трампе. Чаго чакаць Беларусі?

У інтэрнэт злілі канфідэнцыйнае дасье на найбольш верагоднага кіраўніка Дзярждэпа пры Трампе. Чаго чакаць Беларусі?

Усе навіны →
Усе навіны

Генералаў Хрэніна і Вальфовіча адправілі на дровы4

Міліцыянт, які вядзе канал віцебскага ГУБАЗіКа, выпадкова выдаў сябе13

Патэнцыйны будучы канцлер Германіі прапануе паставіць Расіі ўльтыматум4

Навагрудскі архіепіскап заявіў, што Зяленскі купіў машыну Гітлера. Гэта даўно абвергнуты фейк13

Працуе не для грошай, візіянер і лётае ў эканом-класе, хоць можа дазволіць сабе прыватны самалёт. IT-бізнэсмен расказаў пра Добкіна8

«Лукашэнка першым адчуе катастрофу Пуціна» — Святлана Алексіевіч у вялікай гутарцы ТОК21

Біткойн упершыню перакрочыў за 80 тысяч даляраў1

Стала вядома, чаму расійскія турысты масава едуць у Беларусь9

Сур'ёзная аварыя пад Слуцкам — пяцёра трапілі ў бальніцу, адзін загінуў на месцы

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У інтэрнэт злілі канфідэнцыйнае дасье на найбольш верагоднага кіраўніка Дзярждэпа пры Трампе. Чаго чакаць Беларусі?

У інтэрнэт злілі канфідэнцыйнае дасье на найбольш верагоднага кіраўніка Дзярждэпа пры Трампе. Чаго чакаць Беларусі?

Галоўнае
Усе навіны →