Амерыканская настаўніца, у якую стрэліў 6-гадовы вучань, хоча адсудзіць у дырэктаркі 40 мільёнаў даляраў
У пазове Эбігейл Цвернер гаворыцца, што школьнае кіраўніцтва не прыслухалася да яе папярэджанняў, што агрэсіўны хлопчык носіць з сабой пісталет, паведамляе The Wall Street Journal.
Настаўніца з Вірджыніі, у якую стрэліў яе 6-гадовы вучань, на гэтым тыдні падала пазоў на 40 мільёнаў даляраў супраць адміністрацыі школьнай акругі, заявіўшы, што адміністрацыя не прыняла мер, нягледзячы на неаднаразовыя папярэджанні пра тое, што ў хлопчыка быў пісталет.
Хлопчык, імя якога не называецца, стрэліў у Эбігейл Цвернер 6 студзеня. У пазове гаворыцца, што 25-гадовая настаўніца ў момант стрэлу сядзела за сталом, куля прабіла ёй руку і захрасла ў грудзях. Нягледзячы на раненне, яна здолела вывесці дзяцей з класа, а сама выбегла апошняй.
Інцыдэнт прыцягнуў увагу ўсіх Злучаных Штатаў і выклікаў пытанні пра гвалт з ужываннем агнястрэльнай зброі ў школах. У пазове гаворыцца, што хлопчык быў узброены пісталетам 9-мм калібру, які яго маці набыла на законных падставах.
Спадарыня Цвернер абвінаваціла ў халатнасці школьную раду, а таксама трох былых работнікаў школы — намесніка дырэктара, дырэктара і кіраўніка. Усе яны з таго часу з’ехалі з раёна або перайшлі на іншую працу.
У пазове гаворыцца, што хлопчык праяўляў агрэсію і дома, і ў школе. Яго перавялі ў іншую школу пасля таго, як ён стаў душыць настаўніка і зачапіў дзяўчынку на гульнявой пляцоўцы. Гэтай іншай школай стала тая, дзе працуе міс Цвернер.
Мінулай восенню бацькам загадалі быць з ім у школе цэлы дзень, пасля таго як ён аднойчы бегаў за вучнямі на гульнявой пляцоўцы з папругай.
Па словах бацькоў хлопчыка, стрэліў ён у настаўніцу ў самы першы тыдзень, калі бацькі перасталі прыходзіць з ім.
У пазове адзначаецца, што за два дні да стральбы хлопчык разбіў аб падлогу мабільны тэлефон спадарыні Цвернер. Калі іншыя настаўнікі адрэагавалі на гэты эпізод, ён іх аблаяў.
У абедзенны перапынак у дзень стральбы спадарыня Цвернер сказала спадарыні Паркер, тагачаснай намесніцы дырэктара, што дзіця ў агрэсіўным настроі.
«Пачуўшы гэту інфармацыю, памочніца дырэктара не адказала і нават не зірнула на пазоўніцу», — гаворыцца ў пазове.
Таксама вучні казалі супрацоўнікам школы, што ў хлопчыка быў пісталет, але спадарыня Паркер нібыта адмовілася дазволіць абшукаць яго пасля таго, як ніхто нічога не знайшоў падчас першапачатковага вобшуку. Праз некалькі гадзін хлопчык выпусціў адзіную кулю ў спадарыню Цвернер.
Сваякі дзіцяці звяртаюць увагу на тое, што ў яго вострая інваліднасць. У студзені яны гаварылі, што моляцца за хутчэйшае выздараўленне спадарыні Цвернер і супрацоўнічаюць з мясцовымі і федэральнымі праваахоўнымі органамі.
Спадарыня Цвернер патрабуе суда прысяжных і кампенсацыі шкоды, каб пераадолець посттраўматычнае стрэсавае расстройства, а таксама фізічны і душэўны боль.
Чытайце яшчэ:
У баранавіцкай школе настаўніца дала аплявуху вучню. Бацькі сталі на бок настаўніцы
Каментары