Ад пачуцця віны да дэпрэсіі. Сотні беларусаў пасля выбараў звярнуліся па псіхалагічную дапамогу — расказваем, чым небяспечныя сённяшнія траўмы для будучыні нацыі
Інфармацыйны кантакт-цэнтр дапамогі пацярпелым Probono запрацаваў 14 жніўня 2020 года, праз пяць дзён пасля выбараў. Сярод відаў дапамогі, па якую беларусы могуць звярнуцца на тэлефонную лінію або праз анкету на сайце і чат-бот, з першых дзён была прапанаваная псіхалагічная. Сотні псіхолагаў з усёй Беларусі вырашылі, што не могуць заставацца ў баку ад падзей, і запісаліся ў валанцёры. Пры гэтым першыя з іх дзяжурылі пад Акрэсціна і іншымі ізалятарамі ўжо 10 жніўня.
Ад жніўня псіхолагі апрацавалі каля 1070 запытаў на дапамогу. Яшчэ дзясяткі ці сотні людзей самастойна звярталіся з новымі для сябе траўмамі да прыватных спецыялістаў. Расказваем, што часцей за ўсё хвалявала і хвалюе беларусаў. І ці зможам мы аднойчы пераадолець калектыўную траўму.
*у мэтах бяспекі ўсе спецыялісты, з якімі мы камунікавалі, папрасілі захаваць іх ананімнасць
«Сярод кліентаў ёсць дзеці, у якіх бацькі ў турме — яны сталі непаслухмянымі»
Псіхолагі шчыра прызнаюцца, што, як і многія іншыя беларусы, былі не гатовыя да таго ўзроўню гвалту і рэпрэсій, якія выліліся на людзей у мінулым годзе. Толькі адзінкавыя спецыялісты мелі досвед крызіснай дапамогі і працы з вострымі траўмамі. Аднак асноўная маса ніколі раней не сутыкалася з крызіснымі наступствамі масавых катаванняў, міліцэйскага самавольства. Усе беларускія спецыялісты ў паскораным тэмпе самаадукоўваліся: калегі з-за мяжы (Латвіі, Расіі, Ізраіля, Грузіі, Украіны) арганізавалі бясплатныя анлайн-вебінары.
Адна са спецыялістак, якая непасрэдна займалася размеркаваннем заявак па канкрэтных псіхолагах, распавяла «Нашай Ніве», якія катэгорыі грамадзян тэлефанавалі на гарачую лінію Probono.
«Гэта, безумоўна, тыя, хто пацярпеў ад фізічнага і сэксуальнага гвалту. І той, хто ўсё ж вырашаўся звярнуцца па дапамогу, часта прасіў знайсці спецыяліста за мяжой у мэтах дадатковай бяспекі. Індывідуальныя і групавыя сесіі праводзіліся з тымі, хто сядзеў суткі (часам некалькі разоў), хто быў затрыманы і атрымаў штраф. Таксама да нас звяртаюцца бацькі палітзняволеных, якія перажываюць за дзяцей, не могуць есці і спаць, жонкі-сёстры-браты, з блізкімі якіх адбылася бяда. Ëсць сярод кліентаў і дзеці, у якіх сядзяць бацькі. Праз гэтыя падзеі яны сталі горш вучыцца, сталі больш няўважлівыя і знерваваныя, не хочуць дамаўляцца, не слухаюцца. Калі пры дзецях зладзілі ператрус, гэта таксама вельмі траўмуе псіхіку. Акрамя гэтага, ёсць катэгорыя грамадзян, якая непасрэдна не пацярпела, але іх выбівае з каляіны нават проста чытанне навін: стала цяжка працаваць, канцэнтравацца на побытавых рэчах, слёзы на вачах, расце трывожнасць, парушаецца сон».
Кранальная сустрэча Лявона Халатрана з сынам пасля паўгода зняволення.
Асобна псіхолагі працуюць з судовымі валанцёрамі і тымі, хто дзяжурыць ля ізалятараў, дакументатарамі, журналістамі. Усе яны, праўда, не вельмі ахвотна звяртаюцца па дапамогу, бо збольшага ўпэўненыя, што могуць даць рады самастойна і што хапае тых, каму дапамога куды больш актуальная.
Ад чаго канкрэтна пакутуюць беларусы?
Псіхолагі выдзяляюць цэлую групу найбольш распаўсюджаных праблем:
- трывожнасць, дэпрэсія, разгубленасць (прычым у людзей, што раней былі псіхічна здаровымі);
- пачуццё віны ў розных формах (напрыклад, беларусы, якія не былі ў жніўні ў краіне, вельмі перажываюць, што не змаглі быць разам са сваімі суайчыннікамі ў важны момант), спроба знайсці сабе месца ў падзеях, што адбываюцца;
- канфлікты са сваякамі і іншымі людзьмі з супрацьлеглымі поглядамі на пратэсты і палітыку;
- адаптацыя ў выніку пераезду ў іншую краіну;
- бяссонне;
- экзістэнцыйны крызіс: страта сэнсу жыцця, веры ў бяспеку свету, правасуддзе, справядлівасць, разбурэнне сістэмы каштоўнасцяў.
«Адным з самых сур’ёзных наступстваў гвалту ў РАУС ці ў ізалятары, які мы назіраем, з’яўляюцца псіхалагічныя траўмы, на перапрацоўку якіх можа спатрэбіцца вельмі шмат часу. У большасці выпадкаў наша псіхіка здольная даць рады стрэсавай падзеі, перапрацаваць яе самастойна. Але калі стрэс большы за ўнутраныя рэсурсы, справіцца вельмі цяжка і трэба звяртацца па дапамогу. Ускладняецца сітуацыя ў людзей, якія самі па сабе больш трывожныя і чуллівыя, хто ўжо меў нейкія траўмы ў мінулым. І добра, калі пацярпелага пасля ізалятара сустракаюць блізкія, сябры, ён можа адчуць падтрымку, яго ўспрымаюць як героя — гэта часам спрацоўвае як пярына. Праз некаторы час пасля падзеяў становіцца зразумела, ці апрацавала псіхіка цяжкія перажыванні самастойна. Калі чалавек праз некалькі месяцаў не вяртаецца ў свой нармальны стан, трэба звяртацца да псіхолага, а ў некаторых выпадках да лекара. У самым горшым выпадку можа сфармавацца посттраўматычны стрэсавы разлад альбо іншыя разлады адаптацыі. У такіх выпадках спатрэбіцца не толькі праца з псіхолагам, але і медыкаментозная падтрымка», — кажуць спецыялісты.
Колькі часу спатрэбіцца, каб вярнуць чалавека ў норму, — сказаць амаль немагчыма. Сітуацыя ўскладняецца тым, што мы працягваем жыць у стрэсавых падзеях.
«Апрацаваць траўматычны досвед можна цалкам толькі тады, калі ты ў бяспецы. А мы падчышчаем «хвасты» ад траўм, а адбываюцца ўсё новыя», — каментуюць псіхолагі.
«Нам трэба будзе інтэграваць у грамадства гвалтаўнікоў, і гэта яшчэ цяжэй»
У асобную групу ненармальных наступстваў трапляюць вядомыя многім страхі. Псіхолагі згадваюць топ асноўных са свайго назірання:
- Страх любых міліцыянераў — нават даішнікаў. Беларусы страцілі давер да людзей у форме і чакаюць падвох ад кожнага прадстаўніка сістэмы.
- Боязь людзей у чорным адзенні і цёмных бусаў.
- Страх захоўваць дома наяўныя грошы, бо да цябе могуць прыйсці з ператрусам і забраць іх.
- Сумненні наконт бяспекі шпацыраў у белым і чырвоным адзенні, за якое могуць затрымаць.
Сярод кейсаў, з якімі прыйшлося працаваць, спецыялісты выдзяляюць некалькі найбольш складаных для іх гісторый. Псіхолаг Марына расказвае:
«Для мяне ўсе гісторыя жудасныя. Але выбівае з сябе, калі людзі, якія проста маглі выконваць сваю працу, спецыяльна робяць так, каб умовы зняволеных рабіліся горшымі: не выключаюць ноччу святло, забіраюць матрацы, не водзяць у душ, не даюць прылегчы на нары днём і гэтак далей. Каб нармальна жыць у ізалятары, штодзённа прыходзіцца прыніжацца. Паводзіны сучасных канваіраў, міліцыянераў недапушчальныя, але лёгка тлумачацца з пункту гледжання псіхалогіі. Ва ўсіх нас ёсць прырода агрэсіі і жорсткасці. І эксперымент Стэнлі Мілгрэма пра падпарадкаванне даказаў, што, калі ў чалавека няма адказнасці за яго ўчынкі, ён здольны на многае. Логіка такая: «начальнік аддаў загад, не ты прымаў рашэнне біць, табе проста выдалі дубінку». Людзі атрымалі ўладу і асэнсаванне беспакаранасці і кайфуюць ад гэтага. А каб пайсці насуперак начальству, трэба мець вельмі высокі ўзровень развіцця асобы, чым могуць пахваліцца далёка не ўсе сілавікі».
Сілавікі і супрацоўнікі ізалятараў, катэгорыя гвалтаўнікоў, да ініцыятыў і псіхолагаў, з якімі мы размаўлялі, пакуль што не звярталіся. Але спецыялісты ўпэўненыя, што гэта частка насельніцтва будзе мець патрэбу ў дапамозе (і ўжо мае, проста не прызнаецца сабе ў гэтым) яшчэ больш, чым пратэстоўцы, ахвяры.
«Пакуль што гэта катэгорыя грамадзян нібыта цень нашай краіны, зло і чэрнь. Але яе трэба будзе інтэграваць у здаровае грамадства, і гэта вельмі важны момант, які пакуль упускаецца псіхалагічнымі супольнасцямі. Пра гэта трэба будзе думаць і вырашаць, як з імі можна было б працаваць, як складана б камусьці не было прыняць на сеанс умоўнага амапаўца».
Прыватны спецыяліст Аляксандр у ліку цяжкіх кейсаў згадвае наступныя:
«Ëсць кліенты, якія адчуваюць пачуццё віны, таму што іх білі не так моцна, як іншых. Іншая дзяўчына, якая пацярпела на Акрэсціна, выйшла адтуль гераіняй, і ў гэтым сэнсе ўсё было нармальна, але яна скардзілася на тых, хто робіць мала, на людзей, якія баяцца і выбіраюць сябе, яе гэта моцна кранае. Вельмі цяжка працуецца з хлопцам, які яшчэ ў жніўні з’ехаў з краіны ў мэтах бяспекі, уезд у Беларусі яму забаронены. Ëн пакінуў усё жыццё тут, падтрымкі ад блізкіх няма, перажывае дэпрэсію і адчай».
«Генацыд немагчыма сцерці з памяці»
Псіхолагі ўпэўненыя: тое, што адбываецца сёння, так ці інакш закранае амаль кожнага беларуса, нават калі ён не ўдзельнічае ў актывізме, а пасіўна чытае навіны. Беларусы атрымалі калектыўную траўму, якую прыйдзецца доўга перапрацоўваць, як было з нашымі продкамі пасля Другой сусветнай вайны (прычым з некалькімі пакаленнямі).
«Сучасныя бацькі губляюць «глебу пад нагамі», таму што не могуць забяспечыць дзецям патрэбны ўзровень базавай бяспекі. Дзеці і падлеткі вымушаныя або хутка сталець, або рэгрэсаваць у ранейшы псіхалагічны ўзрост, калі «ўсё было добра». Абодва варыянты парушаюць нармальнае псіхічнае развіццё, што няўхільна адаб'ецца на будучыні. Траўмаваная моладзь перадасць гэтую інфармацыю на генетычным узроўні сваім дзецям. У самым «лёгкім» варыянце новае пакаленне будзе нараджацца са схільнасцю да безыніцыятыўнасці, з павышанай трывожнасцю, эмацыйнай няўстойлівасцю, хутчэй будзе праяўляцца «сіндром вывучанай бездапаможнасці» (нельга нічога змяніць, таму можна нічога не рабіць увогуле, і гэта будзе тычыцца самых розных сфер), — дзеліцца псіхатэрапеўтка Алена.
Ва ўсім гэтым негатыве суразмоўца Аляксандр бачыць патэнцыйны пазітыўны момант, які магчымы, калі беларусы ўсё ж дамогуцца справядлівасці.
«Калі перамога адбудзецца, я веру, што наш досвед можа стаць вельмі рэсурсным для нацыі. Мы адчуем новы прыток сілы і веры ў сябе. Гэта дапаможа верыць у сябе і на іншых, побытавых узроўнях».
Згодная з ім і Алена:
«Генацыд, канечне, немагчыма сцерці з памяці. Але тое, што нас не забівае, робіць мацнейшымі. Пасля такіх страшных траўм нацыя хутка сталее і здабывае неверагодную ўстойлівасць».
Каментары