Людзі і іх хатнія гадаванцы могуць перадаваць адно аднаму супербактэрыі, якія маюць устойлівасць да лекаў
Варта ўлічваць гэтую рызыку пры блізкім кантакце са свойскімі жывёламі, бо яны прыносяць у дом больш мікробаў, чым вы думаеце.
Навукоўцы высветлілі, што людзі і іх хатнія гадаванцы здольныя перадаваць устойлівыя да лекаў супербактэрыі, якія могуць выклікаць захворванні рознай ступені цяжкасці. Пра гэта 21 сакавіка паведаміла выданне New York Post са спасылкай на новае даследаванне, якое будзе афіцыйна прадстаўлена ўжо ў наступным месяцы.
У даследаванні, якое 15 красавіка гэтага года будзе агучана на Еўрапейскім кангрэсе клінічнай мікрабіялогіі і інфекцыйных захворванняў у Капенгагене, адзначаецца, што былі зафіксаваныя выпадкі перадачы супермікробаў ад жывёл да чалавека.
Даследчыкі вывучылі амаль 3000 пацыентаў бальніцы Шарытэ ў Берліне. У іх бралі мазкі з носа і прамой кішкі. Таксама мазкі на аналіз бралі ў сабак і катоў, якія жылі разам з пацыентамі. Людзей апытвалі наконт колькасці свойскіх жывёл і наколькі цесна яны з імі кантактуюць.
Навукоўцы шукалі найбольш распаўсюджаныя супербактэрыі (напрыклад, Enterococci, Staphylococcus aureus і Enterobacterales), якія маюць устойлівасць да мноства антыбіётыкаў: метыцыліну, ванкаміцыну, цэфаласпарыну і інш.
«Высветлілася, што ў 30% удзельнікаў быў станоўчы вынік на такія віды бактэрый. Сярод іх 11% — уладальнікі сабак і 9% мелі дома ката. Таксама аналізы паказалі, што ў 15% абследаваных сабак і 5% абследаваных катоў — станоўчы вынік як мінімум на адну супербактэрыю і толькі ў чатырох выпадках з усіх супербактэрыя хатняга гадаванца была такога ж віду, як і ў іх гаспадароў.
Напрыклад, у аднаго мужчыны і ягонага сабакі былі выяўленыя генетычна ідэнтычныя кішэчныя палачкі 3GCR, якія сустракаюцца як у людзей, так і ў жывёл», — піша New York Post са спасылкай на даследаванне.
Пры гэтым навукоўцы адзначаюць, што было выяўлена толькі некалькі такіх выпадкаў, таму можна меркаваць, што ўвогуле наяўнасць пэўнага віду бактэрыі ў катоў і сабак усё ж такі не ёсць гарантыяй перадачы чалавеку небяспечных супербактэрый.
Але варта таксама ўлічваць, што больш за ўсё ў такім выпадку рызыкуюць менавіта людзі са слабай імуннай сістэмай, бо гэта можа выклікаць у іх захворванні рознай ступені цяжкасці.
Нагадаем, што супербактэрыі звычайна ўзнікаюць з прычыны частага лячэння антыбіётыкамі, да якіх у бактэрый з часам выпрацоўваецца ўстойлівасць. Кожны год з-за такіх бактэрый ва ўсім свеце памірае ад некалькіх сотняў тысяч да некалькіх мільёнаў чалавек.
Каментары