Музыка

Чаму некаторыя тыпы музыкі прымушаюць наш мозг спяваць, а іншыя не

Ні для кога не сакрэт, што музычныя густы змяняюцца з узростам, а таксама могуць адрознівацца ў залежнасці ад рэгіёна і ад сацыяльнай групы, да якой належыць чалавек. Але дзеці нараджаюцца без музычнага досведу. Дык што ж адбываецца ў мозгу, што ў выніку мы маем розныя музычныя густы?

Прадказальнасць як вызначальны фактар

У даследаванні, апублікаваным у Journal of Neuroscience ў 2021 годзе, навукоўцы сцвярджаюць, што кожны раз, калі мы слухаем музыку, у мозгу пачынаюць працаваць механізмы прагназавання. То-бок калі вы будзеце слухаць незнаёмую вам музыку і яна раптам перастане гучаць, то вы маглі б праспяваць ноту, якая павінна быць далей і якая, на вашу думку, найбольш адпавядае мелодыі. І самае цікавае, што гэта адбываецца падсвядома.

Падобныя прадказанні генеруюцца ў слыхавой зоне кары галаўнога мозга і зліваюцца з нотай, якая сапраўды прагучала, што прыводзіць да «памылкі прадказання». Даследчыкі выкарысталі гэтую памылку, каб зразумець, наколькі добра мозг можа прадказаць наступную ноту ў мелодыі.

Яшчэ ў 1956 годзе амерыканскі кампазітар і музыказнавец Леанард Мэер прапанаваў тэорыю, што эмоцыі падчас праслухоўвання музыкі могуць быць выкліканыя пачуццём задавальнення або расчаравання. З тых часоў акадэмічныя дасягненні дапамаглі выявіць сувязь паміж музычнай здагадкай і іншымі больш складанымі пачуццямі.

На працягу ўсёй гісторыі кагнітыўнай неўралогіі задавальненне часта звязвалі з сістэмай узнагароджання, асабліва ў дачыненні да працэсаў навучання. Даследаванні паказалі, што існуюць пэўныя нейроны, якія рэагуюць на памылку прагназавання. Акрамя іншых функцый, гэты працэс дазваляе нам пазнаваць і прадказваць свет вакол нас. Пакуль незразумела, стымулюе задавальненне навучанне ці наадварот, але гэтыя два працэсы без сумневу звязаныя між сабой. Гэтая сувязь адносіцца і да музыкі.

Калі мы слухаем музыку, найбольшае задавальненне нам прыносяць падзеі, прадказаныя толькі з умеранай дакладнасцю. Іншымі словамі, занадта простыя і прадказальныя падзеі (ці, наадварот, занадта складаныя) не абавязкова стымулююць да новага навучання, і ў выніку чалавек адчувае няшмат задавальнення. А больш за ўсё задавальнення мы атрымліваем ад падзей, якія знаходзяцца недзе паміж гэтымі межамі: яны дастаткова складаныя для прагназавання, каб выклікаць цікавасць, але пры гэтым адпавядаюць нашым меркаванням, каб сфармаваць шаблон.

Прагнозы залежаць ад нашай культуры

У той жа час прадказанне намі мелодыі застаецца непарушна звязана з нашым музычным выхаваннем. Каб даследаваць гэтую з'яву, група навукоўцаў сустрэлася з прадстаўнікамі саамаў — народа, які насяляе рэгіён на поўначы Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі і Кольскім паўвостраве Расіі. Іх традыцыйны спеў, вядомы як ёйк, значна адрозніваецца ад заходняй танальнай музыкі з-за абмежаванага кантакту з заходняй культурай.

The Conversation распавядае пра даследаванне, апублікаванае ў 2000 годзе, калі розных музыкаў папрасілі паслухаць урыўкі ёйкаў, якіх яны ніколі раней не чулі. Музыкі былі падзеленыя на тры групы: з саамскіх рэгіёнаў, з Фінляндыі і з іншых краін Еўропы. Апошнія ўвогуле не былі знаёмыя са спевам ёйк да правядзення даследавання. Падчас эксперымента музыкаў прасілі праспяваць наступную ноту ў песні, якая наўмысна была прапушчаная. Цікава, што вынікі моцна адрозніваліся паміж групамі: не ўсе ўдзельнікі далі аднолькавы адказ, але для кожнай з груп некаторыя ноты былі больш распаўсюджанымі і часцей за астатнія даваліся ўдзельнікамі ў якасці адказу. Найбольш дакладна прадказалі наступную ноту ў песні, натуральна, саамскія музыкі, за імі ішлі фіны, якія па ўсёй бачнасці больш «адчуваюць» саамскую музыку, чым музыкі з іншых краін Еўропы.

Прыклад традыцыйнага спеву ёйк

Вывучэнне новых культур праз пасіўнае ўздзеянне

Гэта падводзіць да пытання аб тым, як мы атрымліваем веды пра культуры — працэс, вядомы як інкультурацыя. Напрыклад, музычны ці тактавы памер: у заходніх музычных традыцыях звычайна выкарыстоўваецца памер 4/4 (які часта можна пачуць у класічным рок-н-роле) або 3/4 (як у вальсах). Аднак іншыя культуры выкарыстоўваюць тое, што заходняя музычная тэорыя называе асіметрычнымі памерамі, якімі славіцца, у прыватнасці, балканская музыка, напрыклад, памеры 7/8 ці 9/8.

Каб вывучыць гэтыя адрозненні, у даследаванні 2005 года разглядаліся народныя мелодыі з сіметрычнымі і асіметрычнымі памерамі. У кожнай мелодыі ў пэўны момант дадаваліся або выдаляліся акцэнты — тое, што называлі «выпадковасцямі», — і потым іх слухалі ўдзельнікі рознага веку. Незалежна ад таго, сіметрычным ці асіметрычным быў памер твора, немаўляты ва ўзросце да шасці месяцаў слухалі ўсе мелодыі аднолькавы час. Аднак 12-месячныя дзеці праводзілі значна больш часу, гледзячы на ​​экран, калі «выпадковасці» былі ўведзеныя ў твор з сіметрычным памерам. З гэтага даследчыкі змаглі зрабіць выснову, што ўдзельнікі былі больш здзіўленыя «выпадковасцямі» ў сіметрычных памерах, бо мозг інтэрпрэтаваў гэта як парушэнне знаёмай схемы.

Прыклад твора з асіметрычным памерам 9/8

Каб праверыць гэтую гіпотэзу, кампакт-дыск з балканскай музыкай (з асіметрычнымі памерамі) прайгравалі немаўлятам некаторы час. Ужо пасля аднаго тыдня праслухоўвання немаўляты праводзілі аднолькавую колькасць часу, слухаючы музыку з уведзенымі «выпадковасцямі» незалежна ад таго, сіметрычным ці асіметрычным быў памер твораў. Гэта азначае, што праз пасіўнае праслухоўванне балканскай музыкі яны змаглі пабудаваць унутранае ўяўленне аб музычнай метрыцы, што дазволіла ім прадбачыць заканамернасць і выявіць «аварыі» ў абодвух тыпах твораў.

Даследаванне 2010 года паказала надзіва падобны эфект сярод дарослых — у гэтым выпадку не на рытм, а на вышыню гуку. Гэтыя эксперыменты паказваюць, што пасіўнае ўздзеянне музыкі можа дапамагчы нам вывучыць пэўныя музычныя ўзоры такой культуры — гэта і ёсць інкультурацыя.

Усе згаданыя эксперыменты дапамагаюць зразумець, як пасіўнае праслухоўванне музыкі можа змяніць наша прагназаванне музычных шаблонаў, калі мы сутыкаемся з новым творам. І хоць патрабуюцца далейшыя даследаванні ў гэтай галіне, дакладна на гэты момант вядома, што наша музычная культура (то-бок музыка, якую мы слухалі цягам усяго жыцця) скажае наша ўспрыманне і прымушае нас аддаваць перавагу пэўным творам з большай верагоднасцю, чым іншым, — ці праз падабенства, ці на кантрасце з мелодыямі, якія мы ўжо чулі.

Каментары

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Беларуськалій падаў у суд на літоўскія ўлады з-за санкцый3

Лідарам па спажыванні трафіку ў Беларусі з'яўляецца чацвер4

Падаражэлі папулярныя крэдыты на жыллё

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі з кірмашу ў Польшчы45

Трамп паабяцаў «жорсткую расплату» ХАМАС, калі ізраільскія закладнікі не будуць адпушчаныя да ўступлення яго на пасаду2

Абвінавачанне ў атручванні чацвярых дзяцей у Краснаярскім краі выставілі іх бацьку2

Устанавілі тарыфы на платны прыём дактарамі3

«Будзе двоеўладдзе: Зурабішвілі паспрабуе перападпарадкаваць сабе дзяржапарат». Якія перспектывы пратэстаў у Грузіі3

Стыльная карэянка, што скарыла сэрцы гледачоў Алімпіяды, трапіла ў спіс «100 жанчын 2024 года»

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →