Расійскага наёмніка, які выступаў з чэрапам азоўца, маглі застрэліць вагнераўцы. Вялікі скандал у Расіі
Фота з вайны ва Украіне наёмнік Ігар Мангушаў у сацсетках часта падпісваў так: «Забівай усіх, Бог разбярэцца». А яго жыццё скончыў стрэл у патыліцу каля пасёлка Стаханава. Нягледзячы на спробы расійскай цэнзуры замяць гэты інцыдэнт, сітуацыя выклікала розгалас.
Дык хто ж яго забіў?
Спачатку з'явілася інфармацыя пра тое, што ноччу 3 лютага Мангушава цяжка паранілі каля пасёлка Стаханава, які знаходзіцца за 60 кіламетраў ад Бахмута, дзе цяпер праходзіць лінія фронту (мужчына ўпаў у кому і памёр праз чатыры дні). Ад самага пачатку гэта выклікала шмат пытанняў.
Расійскаму наёмніку, які выступаў на сцэне з чэрапам азоўца, прастрэлілі галаву
На наступны дзень расійскія блогеры расказалі, што яму стрэлілі ў патыліцу з блізкай адлегласці. А яшчэ пазней — што пры гэтым ён стаяў на каленях. Гэта спарадзіла шмат пытанняў у ягоных паплечнікаў.
Каналы, блізкія да прыгожынцаў, і некалькі іншых прапагандыстаў пачалі «разганяць» версію пра тое, што быццам Мангушаў «паводзіў сябе неадэкватна на блокпасту» і яго за гэта застрэлілі. Але ягоны сябра, нацыянал-сацыяліст і сталініст Андрэй Марозаў (па мянушцы «байцовы кот Мурз») вырашыў правесці ўласнае расследаванне.
Аказалася, што ў Стаханаве не існавала аніякага блокпаста. Да ўсяго іншага, Мангушава забілі каля 11-й гадзіны вечара 3 лютага, а прывезлі ў лякарню толькі праз дзве гадзіны. Прычым тэлефон Мангушава быў ужо разблакаваны — то-бок ён, імаверна, разблакаваў яго сам яшчэ пры жыцці для тых, хто яго забіваў.
Пасля гэтага іншыя прыгожынскія каналы пачалі накідваць супярэчлівыя версіі: што Мангушава прынялі за «збеглага зэка», што яго забілі «збеглыя зэкі», што яго забілі «дыверсанты УСУ» і гэтак далей. Але ў выніку расследавання Марозаў прыйшоў да высновы, што ў інцыдэнце вінаватыя вагнераўцы, якіх спрабуюць прыкрыць блізкія да Яўгена Прыгожына людзі.
Пасля гэтага Марозаў паскардзіўся на тое, што вагнераўцы здзекуюцца з мабілізаваных, да прыкладу, крадуць іхняе забеспячэнне. Таксама «Мурз» распавёў пра выпадкі, калі мабілізаваныя нібыта калечаць сябе, каб пазбегнуць новых кантактаў з вагнераўцамі.
Па версіі «Мурза», чальцы нейкай парамілітарнай групы (намёк на вагнераўцаў) спрабавалі абрабаваць Мангушава. Яны змусілі яго разблакаваць тэлефон (магчыма, каб паглядзець, ці ёсць у яго на рахунку грошы), а пасля таго, як зразумелі, з кім маюць справу, вырашылі ад яго пазбавіцца. Пасля гэтага яны думалі, як гэта зрабіць, а зранку 4 лютага адвезлі мясцовым сілавікам ягоныя рэчы і тэхніку.
Скандал не сціхае ўжо тыдзень, а афіцыйных падрабязнасцяў па такой, здавалася б, рэзананснай справе не дадаецца.
(каб чытаць працяг — гартайце далей)
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬХто такі Ігар «Бераг» Мангушаў і чым ён адметны?
Даволі вядомая постаць сярод рускіх імперскіх шавіністаў. Яму было 36 гадоў, калі ён праславіўся пасля выступу з чэрапам украінскага вайскоўца на адной з Z-вечарын.
Мангушаў нарадзіўся ў сям'і Рэймераў у 1986 годзе (яўрэйскія карані яму пасля прыпомняць некаторыя апаненты). У нулявых ён зацікавіўся імперскімі ідэямі і змяніў яўрэйскае прозвішча Рэймер на Мангушаў, у якім гучаць каўказскія ноткі.
Пасля школы Ігар паступіў у Вайскова-марское вучылішча імя Фрунзэ, але кінуў на 4-м курсе. Пасля гэтага пару гадоў займаўся зборкай камп'ютараў і працаваў, дзе атрымаецца.
Пры гэтым Мангушаў таксама выкладаў у прыватных школах, сярод якіх была і праваслаўная гімназія. Адметна, што чалавека без профільнай адукацыі ўзялі выкладаць гісторыю, грамадазнаўства і пачатковую вайсковую падрыхтоўку адначасова.
А каля 2010 года ён стаў адным з заснавальнікаў і кіраўнікоў малавядомай арганізацыі «Святая Русь», якая даволі хутка знайшла падтрымку сярод мясцовых улад. Акрамя гэтага, ён быў кіраўніком маскоўскай філіі праваслаўнага руху «Георгіеўцы» і ўдзельнікам антыміграцыйнай ініцыятывы «Ціхі цэнтр».
Адзначыўся ён і пракрамлёўскай актыўнасцю. Рух «Георгіеўцы», які пазіцыянаваўся як праваслаўны, удзельнічаў у шматлікіх пракрамлёўскіх мерапрыемствах.
Пры гэтым ён не быў і не стаў класічным праўладным актывістам. Ён удзельнічаў у пратэстах на Балотнай плошчы ў 2012 годзе і быў затрыманы, у ягоных сацсетках дагэтуль красуецца допіс «Я супраць партыі жулікаў і зладзеяў» (лозунг накіраваны супраць партыі «Адзіная Расія») і допіс з фота Пуціна разам з байкерамі з «Начных ваўкоў» з подпісам «Маразм мацнеў, хачу сабе кулямёт».
E.N.O.T. CORP
Рэгіянальная грамадская арганізацыя «Адзіныя народныя таварыствы» (E.N.O.T. CORP) была заснаваная ў 2011 годзе Ігарам Мангушавым і Раманам Целянкевічам.
Ва ўсіх такіх арганізацый (і ў тых арганізацый, дзе ўдзельнічаў Мангушаў) былі куратары «зверху». Звычайна гэта былі супрацоўнікі ФСБ, звязаныя з Адміністрацыяй прэзідэнта Расіі. Куратарам расійскіх неанацыстаў і ультракансерватараў у адміністрацыі Пуціна быў Уладзіслаў Суркоў, які падзяляў іхнія погляды і тады быў намеснікам і кіраўніком Адміністрацыі Пуціна (фактычна з 2000 па 2011 год, а пасля з 2013 па 2020-ы).
Суркоў, да прыкладу, адмаўляе дзяржаўнасць Украіны і кажа, што Украіну трэба «змушаць да брацкіх адносін». Праўда, у 2020 Суркоў патрапіў у няласку, быў звольнены з усіх пасад і, па звестках былога дэпутата Ільі Панамарова, сядзіць пад хатнім арыштам за хабарніцтва і раскраданне маёмасці на Данбасе з 2014 па 2020 год.
На мяжы 2013 і 2014 гадоў Мангушаў накіраваўся ў Луганск. Там ён паўдзельнічаў у «рускай вясне» — гібрыднай аперацыі па захопе Крыма і Данбаса.
Пасля Мангушаў застаўся там ваяваць на баку сепаратыстаў і ўзяў сабе пазыўны «Бераг». А «Адзіныя народныя таварыствы» дасылалі людзей на фронт. Таксама яны пасябравалі са Стралковым-Гіркіным і, па словах аднаго з кіраўнікоў арганізацыі Уладзіміра Хамякова, менавіта яны прывезлі яго на Данбас.
З Мангушавым адбыўся эпізод, які пасля стаў мемам: ягонае падраздзяленне ўзяло ў палон цемнаскурага хлопца, які ваяваў на баку Украіны. Пасля гэтага «дзеля смеху» хлопца змусілі паказваць нацысцкае прывітанне на фоне ўкраінскага сцяга.
Пасля выезду з Данбаса невядома, дзе дакладна Мангушаў працаваў, але сябе ён называў «паліттэхнолагам». Таксама Мангушаў быў добра знаёмы з Прыгожыным і паўдзельнічаў у працы «Фабрык троляў».
«Злівы» з Раскамнагляда. Майдан ва Украіне і пратэсты ў Казахстане вачыма Масквы
На мяжы 2018 і 2019 гадоў на «Янотаў» пачалі ціснуць. Некалькі відных чальцоў арыштавалі, а былому кіраўніку арганізацыі Целяшкову ў выніку прысудзілі 13 гадоў турмы быццам бы за бясчынствы і марадзёрства на Данбасе.
Доўгі час Мангушаў з жонкай правялі за межамі Расіі (у тым ліку каля года ў Лівіі) — хутчэй за ўсё, яны з'ехалі, каб засцерагчыся ад пераследу.
Мангушаў адрозніваўся ваяўнічай антыўкраінскай пазіцыяй. Ён з тых людзей, хто называе Украіну «Маларосіяй» і ўвогуле адмаўляе існаванне ўкраінскай нацыі. У 2019 годзе ён адмыслова паехаў «ганяць лібералаў» у Пецярбург, дзе вырваў з рук чалавека і парваў украінскі сцяг. У адным з відэа ён недзе ў Еўропе хваліцца ўкраінскім уцекачам, што «забіваў іхніх салдат».
24 лютага 2022 года Мангушаў запісаў зварот да ўкраінцаў. Там ён паабяцаў, што вайна скончыцца «праз лічаныя дні» і прапанаваў «здавацца ў палон магутнаму расійскаму войску».
Таксама ён называе Украіну «нашай зямлёй», якую трэба «вярнуць», а тых, хто выступае за Украіну, — «людзьмі, якія мусяць быць знішчаныя».
Ягоны дэвіз, якім ён падпісваў шмат фота ў сацсетках, — «Забівай усіх, Бог разбярэцца».
На цяперашняй вайне ён узначальваў падраздзяленне «Сурыкаты», якое займалася барацьбой з дронамі.
У нядаўнім інтэрв'ю «Бераг» распавядаў пра свае амбітныя планы, але лёс вырашыў іначай: яму стрэлілі ў патыліцу «свае» ў прыгарадзе Луганска. Імаверна, ягоная сям'я не атрымае і пасмяротных выплат, бо фармальна ён загінуў не на вайне.
Каментары