Д’ябал з нафталіну
У кінапракаце – працяг і паўтор клясычных стужак Рычарда Донэра. «Вяртаньне Супэрмэна» ды «Омэн 666».
«Вяртаньне Супэрмэна» («Superman Returns»)
ЗША–Аўстралія, 2006, каляровы, 154 хв.
Жанр: кінакомікс
Адзнака: 4 (з 10)
Пасьля шасьцігадовых вандровак па космасе Супэрмэн вяртаецца на Зямлю. Кінутая каханка Лоіс Лэйн адпомсьціла артыкулам «Чаму Супэрмэн непатрэбны?» дый наладзіла асабістае жыцьцё, бартануўшы мужчыну сваёй мары. І толькі нягоднік Лекс Лютэр памятае пра былога ворага. Лысы інтрыган крадзе крышталі плянэты Крыптон і пагражае цэламу сьвету...
Стваральнікі «Вяртаньня» яўна ня ведаюць, што рабіць з адроджаным Супэрмэнам. Вялыя сямейныя праблемы з таемным каханьнем і дзіцём-астматыкам, ураздроб – прыгоды й выратаваньні і непрыхавана халтурны Кевін Спэйсі ў ролі кінанягодніка. Глямурны Брэндан Рут у блакітным касьцюмчыку ня мае харызмы колішняга Супэрмэна – Крыстафэра Рыва. А калі супэргерой паўтарае подзьвіг Заснулае прыгажуні – гэта выглядае на зьдзек.
Рэжысура Браяна Сынгера («Людзі- Х») – апатычна-камэрцыйная: катастрофы самалёта, жаночы віск і Марлон Брандо вылучаюцца. Сярод рэанімаваных масак Марлон Брандо – самы жывы. Супэрмэнаў тата сьцягнуты з выкінутых нарэзак папярэдніх фільмаў. Памерлы Брандо пратэставаць ня мог.
Усё ж сцэнарныя прыдумкі карціны саступаюць трэшавым ляпам «Беларусьфільму»: вялікія грошы дазваляюць зрабіць цукерку зь любой сыравіны.
❏
«Омэн 666» («Omen»)
ЗША, 2006, каляровы, 110 хв.
Жанр: містыка
Адзнака: 3,5 (з 10)
Жонка амэрыканскага дыплямата перанесла цяжкія роды. Дзіця сканала, і муж употайкі ўзяў на выхаваньне хлопчыка, якога выдаў за свайго сына. Празь пяць гадоў дыплямат пачынае падазраваць, што яго сын – антыхрыст.
Карціна Джона Мура амаль не адступае ад арыгіналу Рычарда Донэра. Чорны сабака-ахоўнік, нянька-сатаністка (Мія Фэроў са звычкамі Шапакляк), зьляканыя малпы, адсечаная галава. Як і ў карціне 30-гадовай даўніны, сын д’ябла зьнішчае людзей на сваім шляху – і мае анёльскі выгляд дзіцяці.
Але зусім ня страшна. Джон Мур пужае рэзкімі гукамі й зьменаю плянаў, што добра вядома зь японскіх жахавак. Найбольшы кашмар фільму – ігра Ліва Шрайбэра (дыплямата Торна). Адсутнасьць акторства нязграбна кампэнсуюць закадравымі грымотамі. Дарэмна.
Справа ня толькі ў талентах, сам час зьмяніўся.
Каментары