Меркаванні99

Гісторык Пашкевіч: Прыхільнікі «шырокага дэмакратызму» ў моўным пытанні крывадушнічаюць, як Маа Цзэдун

Гісторык Аляксандр Пашкевіч адрэагаваў у фэйсбуку на заявы Дзмітрыя Балкунца ў свежым выпуску праграмы Віталя Цыганкова «Двубой» на тэлеканале «Белсат», прысвечаным моўнаму пытанню ў Беларусі. 

У «Двубоі» Віталя Цыганкова, прысвечаным будучаму статусу беларускай мовы (ясна, што гэтае пытанне можа быць пастаўлена толькі ў пакуль гіпатэтычнай новай Беларусі, а не ў той, якую мы маем цяпер), паміж сабой спрачаюцца Дзмітрый Балкунец і Зміцер Лукашук.

Ну, Лукашук ясна за што топіць — за адзіную дзяржаўную беларускую мову. А вось у Дзмітрыя Балкунца пазіцыя нібыта больш складаная.

Як піша вядучы Цыганкоў у анонсе: «Дзмітрый Балкунец заяўляе: Мова — жывы арганізм. У Беларусі павінна быць некалькі моў: беларуская, руская, англійская. Не павінна быць прымусу, на якой мове размаўляць».

Больш складаная, праўда, гэтая пазіцыя толькі на першы погляд. На самай справе то тут таксама ўсё гранічна проста: гэтая пазіцыя за захаванне статус-кво, каб нічога ў моўнай сферы не мянялася. Каб руская была дэ факта адзінай функцыянальна дзяржаўнай, а беларуская блыталася пад нагамі і абслугоўвала часткова і вельмі абмежавана нейкія малазначныя сферы. Якія яна і пры Лукашэнку абслугоўвала, ды нават і цяпер, падчас разгулу антыбеларускага дзяржаўнага гвалту, крыху абслугоўвае. Костку ёй кідаць пры любой уладзе будуць нейкую, фасады афармляць не адмовяцца, як прадмет нікому не патрэбны ў школьнай праграме заставацца будзе — але каб больш, то прабачце…

Ну а англійская Балкунцом, канешне, прыплеценая «для краснага слаўца», для падкрэслівання ісціннага дэмакратызму. Маўляў, не за панаванне рускай мовы я руплюся, як вы маглі падумаць.

Не раўнуючы, як той Маа Цзэдун — «Хай расцвітаюць сто кветак…». Аднак Маа Цзэдун, калі гэта казаў, крывадушнічаў, ніякія сотні кветак яму не былі патрэбныя, хапала адной-адзінай. То гэткая самая крывадушнасць і тут.

Уплятанне ў канву разважанняў пра руска-беларускае двухмоўе згадкі пра англійскую мову — гэта ж не нейкая аўтарская вынаходка Балкунца. Гэта цалкам адпавядае пэўнай «метадычцы», якой карыстаюцца ўсе шматлікія культурныя «рускамірцы» на ўсіх неахопных прасторах колішняга «вялікага і магучага».

«Метадычку» я бяру ў двукоссе таму, што яна не ў літаральным сэнсе прымяняецца тут, канешне. Ясна, што ніхто не дыктуе казаць такое непасрэдна з Крамля. Але за гады і дзесяцігоддзі аргументацыя праціўнікаў развіцця, а дзе-нідзе і адраджэння нацыянальных моў адшліфавалася так, што стала «агульным месцам».

І гэты нібыта шырокі дэмакратызм прыхільнікаў статус-кво стаў вельмі зручным інструментам, каб ставіць палкі ў колы развіццю нацыянальных моў.

Рэч у тым, што нават ідэйным рускамірцам каб ужо адкрыта казаць, што нам пляваць на лёс нейкай нярускай мовы і мы не збіраемся асабліва рупіцца пра паляпшэнне яе стану — не надта камільфо. На словах усім хочацца паказаць сябе дэмакратамі.

Як у маім любімым падручніку па гісторыі СССР пісалі пра Аляксандра І: «Любил щегольнуть либеральной фразой, прикрывая ей свою крепостническую сущность». Вось і тут гэтак жа сама любяць.

Таму і прыплятаюць абсалютна штучна да ўнутранага моўнага пытання, якое ва ўсіх без выключэння краінах, што паўсталі на руінах СССР, стаяла і стаіць (дзе больш востра, дзе менш, а недзе за 30 год ужо і зусім перастала стаяць) у плоскасці падзелу роляў паміж мясцовай нацыянальнай мовай і рускай, яшчэ і пытанне вывучэння замежных моў. Плюс яшчэ асобная фішка — туды ж, у гэты агульны кацёл, дадаткова кідаць «клопат» пра мовы іншых народаў краіны, мовы нацыянальных меншасцяў.

І выходзяць тады яны такія ўсе ў белым — мы ж не пра захаванне дамінавання рускай клапоцімся, як вы маглі падумаць. Нам жа яшчэ і лепшае авалоданне нашымі суграмадзянамі міжнароднай англійскай невыносна баліць. А яшчэ ж нам баліць і тое, каб беларускія палякі польскую ведалі, а літоўцы — літоўскую. Ну то давайце ўсё гэта закінем у адзін кацёл, старанна перамяшаем паміж сабой, зварым і на выхадзе атрымаем трыумф дэмакратыі.

На самай справе нічога добрага мы гатаваннем гэтага ўсяго ў адной пасудзіне ніколі не атрымаем. Калі ўсё мяшаць у адным катле, то на выхадзе ўсё задушыць самы моцны элемент (у нашым выпадку гэта руская мова), а іншыя хіба толькі нейкі пах дадуць, які не будзе мяняць сутнасці.

У канкрэтна гэтай галіне, каб прыйсці да сапраўды канструктыўнага і станоўчага выніку, усе моўныя праблемы павінны быць строга размежаваныя і вырашацца ў розных пакетах: справа статусу беларускай і рускай мовы асобна, справы вывучэння замежных моў, перадусім англійскай — асобна, а справы моў нацыянальных меншасцяў — зноў жа асобна. Бо гэтыя ўсе праблемы нібыта і падобныя, паколькі ўсе моваў тычацца, але на самай справе яны вельмі розныя. Адпаведна вельмі розныя для іх пазітыўнага ўрэгулявання патрабуюцца і механізмы.

Не думаю, што прыхільнікі змешвання накшталт Балкунца гэтага не разумеюць. Разумеюць, думаю.

Праблема тут выключна ў тым, што дэклараваныя імі мэты розняцца ад рэальных. То-бок, рыхтык як імператар Аляксандр, яны фарсяць фразай, прыкрываючы сутнасць.

Каментары9

  • Jahor
    18.12.2022
    Гэта музыка (я маю на ўвазе пазіцыю Балкунца) гучала і ў канцы 80-х і пачатку 90-х, калі з'явілася магчымасць у беларускай мовы выходзіць з савецкага канцлагера.
  • belariy
    18.12.2022
    а я таксама за дзьве дзяржаўныя мовы ў Беларусі: беларускую і ангельскую.
  • Ваша імя
    18.12.2022
    мясцовы2, які ж Балкунец "ліберал"? Ён чыстай вады імперац, і быў такім адразу.

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмяшыць вас толькі канцоўка8

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмяшыць вас толькі канцоўка

Усе навіны →
Усе навіны

Аляксандр Глеб возьме ўдзел у праўладным «Марафоне адзінства» ў Мазыры13

У Крамлі адмовіліся каментаваць прычыны крушэння самалёта ў Казахстане1

Мінюст пазбавіў ліцэнзіі гродзенскага адваката з-за «недастатковай кваліфікацыі». Раней ён служыў у КДБ3

ЗША рассакрэцілі новыя дакументы па праграмах ЦРУ «па кантролі над розумам», якія ладзіліся падчас Халоднай вайны10

З'явілася расшыфроўка перамоў экіпажа рэйса Баку — Грозны з дыспетчарам. Усё паказвае на тое, што самалёт падбілі зенітнай ракетай13

Закладчыкі хавалі наркотыкі ў шышках, каштанах і жалудах3

Іван Наскевіч выдаў кнігу пра Следчы камітэт — які ён раней узначальваў6

Беларусы сабралі неабходную суму грошай на калядныя падарункі дзецям палітвязняў2

У Вілейцы з'явіўся ліхтар, якому трэба ціснуць руку, а ў адказ ён здыме капялюш і запаліць святло

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмяшыць вас толькі канцоўка8

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмяшыць вас толькі канцоўка

Галоўнае
Усе навіны →