Суп з запечаных памідораў з бульбай у сыры — арыгінальны абед з простых інгрэдыентаў
Думаеце, з памідораў не зробіш незвычайнай стравы? Гэты суп вас пераканае. Хрусткая бульба, запечаная ў сыры, робіць страву асаблівай — такой вы яшчэ не каштавалі.
Каб згатаваць суп з запечаных памідораў з бульбай у сыры, вам спатрэбіцца:
- 4 бульбіны (бярыце вялікія і доўгія)
- 2 кілаграмы вялікіх і доўгіх памідораў, разрэзаных напалову
- трохі масла
- 2 сталовыя лыжкі смятаны
- маленькі пучок зялёнай цыбулі (дробна яе парэжце)
- 200 грамаў казінага сыру ці рыкоты (можаце замяніць на мяккі тварог)
- 1 узбітае курынае яйка
- 1 галоўка часнаку, разрэзаная напалову гарызантальна
- 2 вялікія чырвоныя цыбуліны, ачышчаныя і разрэзаныя на чатыры часткі
- некалькі галінак свежага чабору (ці сухі чабор на выбар)
- 2 сталовыя лыжкі аліўкавага алею
- соль і молаты чорны перац
- 250 мілілітраў булёну з гародніны (па жаданні)
- 100 мілілітраў вяршкоў з 10—20 працэнтамі тлушчу (па жаданні)
- некалькі кропель вустэршырскага соусу (па жаданні)
- некалькі кропель бальзамічнага воцату (па жаданні).
- Разагрэйце духоўку да 190 градусаў.
- Запякайце бульбу проста на рашотцы духоўкі на працягу 90—115 хвілін ці да гатоўнасці.
- Тым часам пакладзіце памідоры, часнок, чырвоную цыбулю і чабор (калі выкарыстоўваеце свежы) у вялікую форму для запякання і прыпраўце на смак соллю і молатым чорным перцам. Апырскайце алеем і запякайце ў духоўцы 40—50 хвілін. Дастаньце з духоўкі і адстаўце ўбок, каб астудзіць.
- Разамніце часнок тыльным бокам відэльца і здыміце скуру. Перакладзіце запечаныя памідоры, цыбулю, часнок і чабор у кухонны камбайн ці блэндар і здрабніце да аднароднасці.
- Калі суп занадта густы, пераліце яго ў вялікую каструлю і развядзіце булёнам ці вяршкамі. Калі жадаеце, дадайце крыху вустэршырскага соусу ці бальзамічнага воцату.
- Дастаньце бульбу з духоўкі і, утрымліваючы гарачую бульбіну кавалкам тканіны ці сурвэткай, разрэжце кожную напалову і дастаньце з яе мякаць. Збярыце мякаць з усіх бульбін у асобнай місцы.
- Дадайце да бульбяной мякаці масла, смятану, зялёную цыбулю і сыр, перамяшайце. Дадайце туды ж узбітае яйка, зноў перамяшайце.
- Прыпраўце на смак соллю і молатым чорным перцам, пакладзіце сумесь у выемкі ў бульбінах. Пакладзіце бульбіны на бляху і выпякайце іх у духоўцы 15—20 хвілін ці пакуль бульба не стане залаціста-карычневай і не пакрыецца хрумсткай корачкай.
- Перад падачай разагрэйце суп і разліце яго па талерках (павінна атрымацца чатыры порцыі). Падавайце кожную порцыю з дзвюма палавінкамі бульбы.
Каментары
ну тады мот падкажа, што можна зрабіць з завяўшых памідорофф?