Літаратура1414

«Зыбіцкая — прыклад дзікунства». Гутарка з пераможцам Гедройця Сяргеем Абламейкам

Чаму Мінск — гэта еўрапейскі горад і што рабіць, каб Беларусь не стала часткай Расіі? Пісьменнік і журналіст Сяргей Абламейка, які стаў сёлета пераможцам Гедройця, разважае пра Зыбіцкую і наймацнейшую зброю ў барацьбе за незалежнасць.

Ганаровую прэмію Сяргей Абламейка атрымаў за кнігу «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення. Кніга першая».

«Архітэктура — гэта не толькі форма арганізацыі прасторы, а матэрыяльнае выяўленне, сведчанне цывілізацыйнай прыналежнасці народа да той ці іншай культуры. Нашы старыя цэнтры гарадоў сведчылі пра гісторыю і прыналежнасць да заходняй цывілізацыі, — кажа Сяргей Абламейка.

— З самых ранніх часоў нацыянальна-палітычнага руху, з 1917 года, палітыка, прапаганда, публіцыстыка БНР вызначаліся крайнім гістарызмам. Стары Мінск быў адным з пунктаў гэтай прапаганды. Яшчэ ў 1919 годзе была ідэя, што Замчышча павінна быць сядзібай урада і сойма БНР як важная частка нацыянальнага руху. 

У 1920-я вакол Старога Мінска была пэўная ідэалагічная барацьба. Беларусы тут ішлі разам з іншымі народамі, цэнтральнаеўрапейскімі, і да пачатку XX стагоддзя справа рэстаўрацыі старых цэнтраў гарадоў ужо была вельмі папулярнай. 

Здаровыя, у культурным плане, народы, захоўваюць гістарычныя цэнтры гарадоў. Некаторыя дагэтуль іх аднаўляюць. Напрыклад, як у Дрэздэне. 

Калі б гэта ўсё захавалі і, як хацелі дзеячы Інбелкульта, — адрэстаўравалі, — я ўпэўнены, што наш народ быў бы больш прасунуты ў самасвядомасці. Таксама многія палітычныя падзеі ў другой палове XX стагоддзя не адбыліся б, у тым ліку ў 1990-х. Магчыма, галасаванні ў 1994-м і 1996-м былі б з зусім іншым вынікам. 

У цэлым наша культура дыхае сёння на адно лёгкае. Другое наша лёгкае, якога няма, выяўляецца ў матэрыяльных сімвалах нашай цывілізацыйнай прыналежнасці», — кажа Сяргей Абламейка.

Фота: «Радыё Свабода»

«НН»: Што з разбуранага ў Старым Мінску варта было б адбудаваць найперш?

СА: Калі вы гаворыце Стары Мінск, то тут трэба добра раздзяляць, што мы маем на ўвазе пад гістарычным Мінскам. 

Сёння — гэта Верхні горад і яго ваколіцы. Там засталося некалькі дзясяткаў старых дамоў, якія часткова адрэмантаваныя і, трэба прызнаць, вельмі дрэнна адрэстаўраваныя. Але для Мінска сітуацыя больш спецыфічная, бо там быў гістарычны раён, які называўся Стары горад — гэта і ёсць гістарычны цэнтр, ён старэйшы за Верхні горад, які існуе сёння. 

Я б гаварыў не пра аднаўленне канкрэтных будынкаў, а пра сам Стары горад з яго двума рынкамі, забудаваным Замчышчам і тымі кварталамі, якія былі паміж дзвюма гарамі — Замкавай і Верхняга горада. Гэта даволі вялікая тэрыторыя. 

«НН»: Як вы бачыце будучыню Нямігі і будынкаў, якія паўсталі на ёй пасля зносу старой Нямігі?

СА: Дэмантаж. Прыбіраць і той хмарачос, які на Замчышчы пабудавалі, і Дом мод, і гандлёвы дом на Нямізе, і паркінгі. Мы маем прафесійныя праекты адраджэння Старога горада. 

Ёсць праект архітэктара Уладзіміра Папругі, які вызначаецца прафесіяналізмам, бо ў ім улічваюцца не толькі культурныя патрэбы, але і эканамічныя паказчыкі. Праект паказвае, колькі сотняў квадратных метраў інвестыцыйных плошчаў дае адраджэнне Старога Мінска. 

Таксама прапанавана фантастычнае рашэнне з транспартам: напрыклад, сёння праспект Пераможцаў звязаны з праспектам Партызанскім вуліцай Леніна, а архітэктар хоча вывесці звязку на вуліцу Купалы. Асноўны транспартны паток будзе там, а каля рэчкі — вялікі мост-эстакада, які ад Палаца Спорту вядзе адразу да Стэлы. Праспект перакрыецца, за Палацам машыны ездзіць не будуць. 

Ёсць людзі, якія гатовы аднаўляць гэты Стары горад, няма толькі палітычнай волі.

«НН»: Зыбіцкая вам падабаецца такая, якая яна цяпер?

СА: Страшная сітуацыя. Зыбіцкую раптам з васьміметровай вуліцы зрабілі дваццаціметровую, адбудавалі дамы, якіх там не было.

Гэта ўсё лёгка можна было б аднавіць, але перамог камерцыйны падыход. Пабудавалі наватворы-муляжы, яны самі па сабе дзікія — шкло, зусім іншыя формы. 

Не стамляюся крытыкаваць таварыства «Мінская спадчына», якое я называю «спадчина», менавіта праз рускае «и». Яны капіююць маскоўскія падыходы. 

Фота: сацыяльныя сеткі

Пры мэру Лужкове ў Маскве была знішчана тысяча помнікаў архітэктуры. Іх прынцып быў такі: аднаўляем дом і прадаём яго бізнэсменам пад офісы, рэстараны. Старыя дамы для гэтага не падыходзілі. Рэстаўраваць — гэта значыць, што дом аднаўляецца з таго матэрыялу, з якога ён быў пабудаваны, у такім жа памеры. А яны зносілі старыя, аднаўлялі на іх месцы муляжы са значна большымі памерамі, каб выйграць плошчы. Так зроблена на вуліцы Зыбіцкай. 

Гатэль «Еўропа», напрыклад, аднавілі не на тым месцы, дзе ён стаяў, з лішнім паверхам і большым па памеры. Тое самае адбылося з домам на вуліцы Зыбіцкай, 27, які цяпер належыць праваслаўнай царкве — адноўлены большы па памеры і з іншых матэрыялаў. Гэта хамства, насамрэч, шкода культуры. 

Зыбіцкая — маніфесны прыклад гэтага дзікунства, а яшчэ адзін з іх — злаякасны «зуб» Чыжа. 

«НН»: Якія з будынкаў рэканструяваныя ўдала, а якія не?

СА: Рэканструкцыя — слова ўвогуле не з арсенала Старога Мінска. Там можа праводзіцца толькі рэстаўрацыя і рэгенерацыя. 

Было рэгенеравана некалькі будынкаў, напрыклад, царква Святога Духу і гатэль «Еўропа». Гэта не самыя ўдалыя прыклады рэгенерацыі, але лепш, чым нічога.

А вось тое, што зрабілі з вуліцай Рэвалюцыйнай, мне не падабаецца. Там аднаўляюць нешта накшталт расійска-губернскага горада XIX стагоддзя. 

Мінск да другой паловы XIX стагоддзя быў усё ж заходні горад. Пасля былі пажары, схілы дахаў сталі рабіць пляскатыя, накрываць іх бляхай. У Расійскай імперыі нават быў камітэт, які займаўся тым, каб заходнія губерніі сталі больш падобныя і набліжаныя да ўнутраных губерняў Расіі. 

У выніку так сталася, што Мінск да канца XIX стагоддзя — пачатку XX-га стаў расійска-губернскім горадам. І вось цяпер яго так і аднаўляюць архітэктары, якія далёкія ад нашай культуры і гісторыі. 

Рэстаўрацыя — гэта палітычная справа, яна мае такое вымярэнне. Што нам аднаўляць сёння: узоры расійскага часу ці дарасійскага? 

Непрыемна мне глядзець на Ратушу, якая адноўлена ў стылі расійскага правінцыйнага класіцызму архітэктара Фёдара Крамера. 

У цэнтры ёсць будынак, які называюць вялікі гасцінны двор, ён насупраць Ратушы, у цэнтры плошчы Свабоды. З боку цяперашняга Кафедральнага сабора быў комплекс дамоў, на фотаздымку ў 1941 годзе ён выглядаў так, што 5 ці 6 будынкаў стаяць вельмі шчыльна. Гэта тыповая сітуацыя еўрапейскага рынку. 

Уявіце сабе, што зрабілі гора-рэстаўратары: знеслі гэтыя дамы і аднавілі адзін нізкі з калонамі. Выглядае як правінцыйная дваранская ці шляхецкая сядзіба — убоганька, а можна было адрэстаўраваць. 

Канечне, рэстаўрацыя — ідэалагічная справа. Як мы хочам выглядаць: расійска-губернскім горадам ці еўрапейскім?

«НН»: Як вы лічыце, беларусы гатовы да таго, каб іх горад выглядаў па-еўрапейску?

СА: Пасля 2020-га значна больш, чым да яго. Мне здаецца, што працэс нацыянальнага ўсведамлення, акультурвання беларусаў, нягледзячы на тое, што адбывалася апошнія 25 гадоў, ішоў. Думаю, што калі б была палітычная воля, беларусаў лёгка можна было б завесці гэтай ідэяй. 

Бачыце, палякі цалкам зруйнаванае «Старэ Място» аднаўлялі ўсім народам, стаялі скарбонкі. Яшчэ спявак Уладзімір Высоцкі, калі там быў, кідаў у іх ахвяраванні. Гэта адбывалася дзесяццігоддзямі і стала выхаваўчым працэсам. І для нас ён бы быў такі. 

Немцы ўжо 25 гадоў Дрэздэн аднаўляюць, хай бы наша аднаўленне было разлічана на 50 гадоў, хутчэй нават і не трэба, бо гэта кансалідуючая рэч. 

Фота: «Радыё Свабода»

«НН»: Вы пісалі ў кнізе «Чаму Беларусь не Расія», што беларуская нацыя цяпер амаль што скончыла сваё фарміраванне. Як ацэньваеце вы, цяперашнія рэпрэсіі, гвалт могуць разбурыць гэту нацыю як, напрыклад, у 1920-1930-я?

СА: Так, можна ўсё. Асабліва, калі Расія ліквідуе незалежнасць Беларусі цалкам. 

Нацыянальныя працэсы часта адбываюцца незалежна ад нашай волі. І, як ні дзіўна, не звязаны з нацыянальнай мовай. Але рэпрэсіі могуць умацаваць нацыю.

Пытанне, колькі гэта працягнецца. 

Нацыянальны працэс — гэта калі супольнасць адчувае сваё адзінства, адрознасць ад іншых народаў, востра перажывае салідарнасць, усведамляе адзінства свайго гістарычнага лёсу,

хоча разам ісці ў будучыню і прад’яўляе прэтэнзіі на авалодванне, кантроль за дзяржавай.

Нацыя хоча, каб ёй дзяржава служыла. Адна з асноўных рысаў нацыянальных рухаў — патрабаванне роўнасці ўсіх членаў нацыянальный групы. Адпаведна, што ўсе павінны мець роўныя правы. У нас улада ставіцца да людзей як да нейкіх плебеяў.

Людзям непрыемна нават хадзіць па дзяржаўных установах.

Многія этнолагі, палітолагі называлі беларусаў апошнім нацыяналізмам у Еўропе.

Чэшскі прафесар Міраслаў Грох пісаў у 1995 годзе, што беларускі праект падвешаны, не ведаем, чым ён скончыцца. Праз 25 гадоў падзеі паказалі, што змрочныя прагнозы не спраўдзіліся, усё ж беларуская нацыя жыве. І яна дафармавалася, уся салідарнасць, якая была і ёсць, — тыповыя нацыянальныя працэсы. 

Калі рэпрэсіі будуць цягнуцца вельмі доўга, то яны могуць разбурыць нацыю і запаволіць яе, але ў мяне сумненні, што гэта магчыма зрабіць. Але разумею пагрозу, што ў выпадку ліквідацыі незалежнасці Беларусі гэта можа адбыцца. 

«НН»: Што трэба рабіць, каб Беларусь не стала часткай Расіі?

СА: Тое, што вы робіце зараз. Мы гаворым з вамі на беларускай мове, вы робіце інтэрв’ю, я пішу кнігі, робім сайты, тэксты. Мы падтрымліваем тое, дзеля чаго пакліканы, як людзі, якія робяць сваю працу.

Людзям у Беларусі будзе дастаткова размаўляць па-беларуску хаця б дома, выхоўваць дзяцей у роднай мове. Цяпер трэба проста жыць і выжыць у той сітуацыі, якая ёсць.

Культура — гэта тэрыторыя суверэнітэту нацыі. Таму мы павінны яе падтрымліваць, асабліва цяпер.

«НН»: Многія лічаць, што кнігай, прамовай, артыкулам нічога змяніць нельга…

СА: Я лічу, што можна. Культура можа быць мацнейшая за зброю.

Працэсы, якія цяпер адбываюцца, вельмі натуральныя. Проста варта рабіць сваю працу і думаць пра будучыню.

Трэба больш салідарнасці праяўляць адно да аднаго. Тыя, хто за мяжой, не вінаватыя перад тымі, хто ў Беларусі, і наадварот. Я ў свой бок чую абвінавачванні, бо з’ехаў з краіны даўно, працую на «Радыё Свабода» ў Празе. Але і гэтае стаўленне ў людзей пасля падзей 2020-га мяняецца.

«НН»: Чаму — ці дзякуючы каму — Беларусь не памрэ?

СА: Дзякуючы Францыску Скарыне, Кастусю Каліноўскаму, Уладзіміру Караткевічу, беларускай мове і беларусам.

Чытайце таксама: 

Журы прэміі Ежы Гедройця зрабіла нечаканы выбар

«Новае не абавязкова добрае, а пустое — яно і ёсць пустое. Зашмат фрагментаў, замала раманаў» — Ульяна Верына з журы Гедройця

Жонка Генадзя Бураўкіна: Добра, што ён не бачыць таго, што сёння робіцца. Нават мемарыяльную дошку на яго доме не далі павесіць

Каментары14

  • Месціч
    03.12.2022
    Дай бог, каб атрымалася!
  • Jahor
    03.12.2022
    ром, дзеля чаго вы гэта пішаце? Як бы па-беларуску, але не ўсталяваўшы беларускую раскладку, не прытрымліваючыся ні арфаграфіі, ні пунктуацыі. Праляталі міма і какнулі? Проста без ніякага сэнсу, рэфлекторна?
  • Valadzimir
    03.12.2022
    Ізноў нагадаю тутэйшым, якіх працягваюць карміць рамантычна-патрыятычнай хлусьлівай дэмагогіяй, што Белоруссия-Беларусь НІКОЛІ НЕ БЫЛА Еўропай. Яна ўзьнікла пасьля зьнішчэньня ВКЛ на ягоным месцы як расейская правінцыя і зараз фактычна зьяўляецца расейскім пратэктаратам.
    Ніякай незалежнасьці і суб'ектнасьці ў Белоруссии-Беларусі не было, няма і не будзе - яе другаснасьць, падпарадкаванасьць, правінцыйнасьць закадзіравана ў самой ейнай назве, якая азначае частку (маючую сваеасаблівы нацыянальы "колорит") значна большай Вялікай Русі - Расеі. І таму нават сам тэрмін "беларускі нацыяналізм" абсурдны, а "Белай Русі - Белоруссии - Беларусі" прадвызначана стаць часткай Расеі.

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы

Усе навіны →
Усе навіны

Жыхар Віцебска патэлефанаваў у банк і «падарваў асабістыя якасці Лукашэнкі». Яго адправілі ў калонію2

Вазняк падтрымаў Канапацкую і запэўніў, што яна будзе дабівацца вызвалення палітвязняў21

Вось што Меркель напісала пра Трампа ў сваіх мемуарах10

Урсула фон дэр Ляен аказала першую дапамогу пасажыру на борце самалёта3

Расія ўдарыла па Дняпры балістычнай ракетай новага тыпу7

Выйшаў доўгачаканы працяг культавай украінскай гульні S.T.A.L.K.E.R. У Расіі геймераў прыстрашваюць не гульнявой, а рэальнай зонай за дзяржздраду5

Стрыжак расказаў, чаму Верамейчык не змог легалізавацца ў Еўрасаюзе45

Cambridge Dictionary назваў слова 2024 года

У ЗША заклікаюць панізіць гандлёвы статус Кітая да ўзроўню Беларусі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы

Галоўнае
Усе навіны →