«Паводле наяўнай інфармацыі, расійскія акупацыйныя войскі адводзяць асобныя падраздзяленні і рыхтуюць да эвакуацыі персанал акупацыйных адміністрацый населеных пунктаў часова занятай тэрыторыі Запарожскай вобласці», — гаворыцца ў чарговай аператыўнай зводцы ўкраінскага Генштаба.
Генштаб паведамляе пра наступныя прыкметы эвакуацыі і адводу войскаў РФ.
З населенага пункта Міхайлаўка выехалі падраздзяленні Расіі, якія базаваліся ў мясцовым аддзяленні паліцыі і адной з навучальных устаноў.
У населеных пунктах Палогі і Інжынернае расіяне выязджаюць з дамоў, дзе яны былі раскватараваныя, вывозяць выкрадзеную маёмасць.
У населеным пункце Бурчак акупацыйныя ўлады праводзяць перапіс для так званай «добраахвотнай эвакуацыі насельніцтва».
Генштаб таксама паведамляе пра ўдалыя дзеянні ўкраінскіх войскаў на Запарожскім кірунку, у прыватнасці, — пра абстрэл месцаў канцэнтрацыі жывой сілы расіян у населеных пунктах Мірнае, Такмак, Інжынернае, Палогі, Яснае і Конскія Раздоры.
Страты праціўніка, сцвярджае Генштаб, склалі больш за 230 чалавек параненымі, знішчана больш за 15 адзінак вайсковай тэхнікі розных тыпаў і боепрыпасаў.
Каментары