У ЗША на аўкцыёне прадалі скрадзеную нацыстамі карціну Шагала за 7,4 мільёна даляраў
Карціна пад назвай «Бацька» належыць руцэ беларускага мастака Марка Шагала. Продаж адбыўся ў аўторак, 15 лістапада, у аўкцыённым доме Phillips. Карціну набылі за 7,4 мільёна даляраў. Пра гэта паведамляе The Times of Israel.
Карціну Шагала 1911 года «Бацька», напісаную алеем на палатне, купіў у 1928 годзе польска-яўрэйскі скрыпічны майстар Давід Цэндэр. Ён страціў сваю маёмасць, калі быў вымушаны пераехаць у Лодзінскае гета. Дэпартаваны ў Асвенцім, дзе былі забітыя яго жонка і дачка, ён выжыў і пераехаў у Францыю ў 1958 годзе, дзе памёр у 1966 годзе, так і не стаўшы ўладальнікам карціны.
Тым часам праца зноў з’явілася на выставах, і аказалася, што яе купіў сам Марк Шагал, верагодна, у перыяд паміж 1947 і 1953 гадамі. Пасля таго як мастак памёр у Францыі ў 1985 годзе, карціна ў 1988 годзе трапіла ў нацыянальныя калекцыі, а затым твор быў замацаваны за Цэнтрам Пампіду і перададзены на захоўванне ў Музей яўрэйскага мастацтва і гісторыі ў Парыжы.
Французскі парламент у пачатку года аднагалосна прыняў закон аб вяртанні 15 работ яўрэйскіх сем’яў, абрабаваных нацыстамі. Тагачасны міністр культуры Разэлін Башэло назвала гэта «першым крокам», пры гэтым адзначыла, што іншыя скрадзеныя творы мастацтва і кнігі ўсё яшчэ захоўваюцца ў дзяржаўных калекцыях.
Каментары