Першы зарэгістраваны інтэрнэт-партал за два гады. Хто заснаваў і пра што піша Tochka.by
Навінавы партал у верасні атрымаў рэгістрацыю СМІ ад Мінінфарма. За апошнія два гады гэта першы такі выпадак. «Наша Ніва» паглядзела, за якія тэмы бяруцца рэпарцёры і як медыя падае навіны.
Tochka.by — інтэрнэт-партал, які пачаў працаваць на медыярынку ў маі гэтага года.
Усе правы медыя належаць ЗАТ «Кропка дыджытал груп». Дырэктар — Ігар Рубан.
Ён скончыў Мінскае вышэйшае інжынернае зенітна-ракетнае вучылішча СПА, у 2014 годзе Акадэмію кіравання пры прэзідэнце (вывучаў кіраванне дзяржаўнымі інфармацыйнымі рэсурсамі).
З 1995-га па 1999-ы працаваў спецыяльным карэспандэнтам, журналістам-міжнароднікам у інфармацыйным агенцтве БелТА. З 1999 па 2002 год быў прэс-сакратаром у Беларускай асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў.
Пасля да 2010 года займаў пасаду намесніка дырэктара па камерцыйных пытаннях у прадуктовай IT-кампаніі Белтрансспадарожнік.
З 2011 па цяперашні час працуе рэдактарам «Весніка Белнафтахіма».
Галоўным рэдактарам выдання стаў былы прэс-сакратар агенцтва Sputnik Беларусь Павел Тухто. Раней ён быў кіраўніком прадстаўніцтва нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі ў Маскве.
«Наша галоўная задача — зрабіць беларускі медыярынак моцным, дапамагчы вярнуць яму страчаныя за мінулыя гады пазіцыі», — вызначаў місію новага медыя рэдактар у інтэрв'ю marketing.by.
— З сыходам і перафарматаваннем працы шэрагу буйных гульцоў узровень якаснай журналістыкі ў байнэце прыкметна зваліўся. Трафік збіраюць праекты, якія цалкам залежаць ад навінавых агрэгатараў, заточаныя пад найпросты рэрайт нататак беларускіх і расійскіх агенцтваў. Квітнее самае сапраўднае пірацтва па прынцыпе «ў інтэрнэце ўзяў — у інтэрнэт і аддаў». А колькасць рэдакцый, якія абапіраюцца на свой уласны кантэнт, зусім невялікая — і гэта сумна».
Ён удакладняў, што над праектам працуе каманда прафесійных журналістаў, якія прыйшлі ў рэдакцыю з дзяржаўных і незалежных СМІ.
З сайтаў з вакансіямі вядома, што на Tochka.by шукалі рэдактара, патрабаваўся досвед працы ад 3 гадоў, заробак 2500 рублёў.
«Усіх аб'яднала жаданне рабіць якасны і максімальна неангажаваны прадукт для шырокай аўдыторыі, — казаў Тухто. —
Мы лічым, што любая навіна або гісторыя павінна быць расказана як мага падрабязней — з важным для яе кантэкстам і бэкграўндам. Рэдакцыя піша пра палітыку і эканоміку, але асноўную ўвагу надае жыццёвым гісторыям. Стараемся шукаць цікавыя тэмы і ў рэгіёнах — іх там хапае».
Павел Тухто сцвярджае, што за месяц аўдыторыя медыя наблізілася да мільёна наведвальнікаў.
На новым інтэрнэт-партале няма навін пра палітвязняў, судовыя працэсы і рэпрэсіі беларусаў. Праблемных, вострых тэмаў рэдакцыя таксама не ўздымае. Раз за разам з’яўляецца інфармацыя, якая падаецца ў праўладным ключы, а Лукашэнку журналісты партала называюць «кіраўніком дзяржавы» і «прэзідэнтам».
Слова «вайна» ў дачыненні да падзей ва Украіне журналісты партала не выкарыстоўваюць, спасылаюцца на расійскія інфармацыйныя рэсурсы.
Некаторыя навіны і падзея медыя ўвогуле абыходзіць бокам. Напрыклад, не піша пра затрыманні журналістаў. Даваў навіну новы партал пра прысуджэнне Нобелеўскай прэміі Алесю Бяляцкаму, але з іншымі акцэнтамі:
«Ён (Бяляцкі — НН.) знаходзіўся ў зняволенні з 2011 па 2014 год. Нагодай для затрымання Бяляцкага тады стала ўхіленне ад выплаты падаткаў, ён быў асуджаны на сем гадоў. Пакаранне адбываў у папраўчай калоніі ў Бабруйску. На волю выйшаў датэрмінова — у чэрвені 2014-га. Пасля дэманстрацый супраць беларускіх уладаў у 2020-м яго зноў затрымалі — 14 лютага 2021-га. На праваабарончы цэнтр «Вясна» заведзена крымінальная справа».
У горадзе парталу нават дазволілі паставіць рэкламны банэр. І адразу да новага медыя з'явілася цікавасць у аднаго з лукашэнкаўскіх тэлеграм-каналаў.
Пра што пішуць на Tochka.by? Жыццё зорак, надвор’е, ДТЗ, турызм, тэхніку і тое, як правесці ўікенд.
Паказальна, што парталу час ад часу даюць каментары некаторыя дзяржслужачыя, што для незалежных СМІ ў апошнія два гады стала недаступным.
Звярнулі таксама ўвагу на журналістаў, якіх набрала ў штат рэдакцыя. Сярод іх, напрыклад, ёсць былы рэпарцёр расійскага тэлебачання Дзяніс Кошалеў.
Чытайце таксама:
Ці прыдатны Telegram для насамрэч бяспечных камунікацый? Эксперт па лічбавай бяспецы тлумачыць, чаму ягоны адказ — не
Кітай уступіў у тэхналагічную гонку, паказаўшы свой першы квантавы камп'ютар. Тлумачым, чаму гэта важна
Шале, глэмпінг і хаткі на дрэвах. Топ незвычайнага жылля для адпачынку ў Беларусі
-
«Грабуць цялежкамі». У Віцебску прадпрымальнікі са згарэлага гандлёвага цэнтра прадаюць выратаваны тавар на вуліцы
-
«Кацёл масай 300 кг гатовы ўзарвацца». У аграгарадку пад Маладзечнам з-за перабояў з электрычнасцю загараюцца ацяпляльныя катлы?
-
У якія еўрапейскія краіны ездзілі беларусы ў 2024 годзе?
Каментары