Грамадства

«Паеду туды, дзе танней». Беларусы расказалі, колькі яны плацяць за стаматалагічныя паслугі ў Еўропе, Грузіі і Узбекістане

Некаторыя перад тым, як з’ехаць надоўга з Беларусі, абавязкова наведваюць стаматолага. «У Еўропе дорага», — кажуць. Паразмаўлялі з беларусамі, якія нядаўна звярталіся да стаматолага за мяжой і даведаліся, колькі там трэба выкласці за прыём і ці ездзяць яны лячыць зубы ў іншыя краіны.

Адна з варшаўскіх стаматалогій. Фота: Іnstagram / @dental_warszawa

Польшча

Павел звярнуўся да стаматалога некалькі тыдняў таму, бо ў яго разбурыўся зуб. Яму трэба было прыбраць штыфт і паставіць пломбу на суседні зуб. 

«Увогуле, у мяне дрэнны стан зубоў, я іх не лячыў, калі было патрэбна, таму прыходзіцца цяпер. 

За гэтыя паслугі я заплаціў 250 злотых (прыкладна 142 беларускія рублі) у прыватнай клініцы. Хадзіў потым яшчэ тры разы, рамантавалі два зубы, за іх — 220 злотых (каля 125 рублёў). І можа спатрэбіцца яшчэ некалькі разоў запісацца.

Дзесьці каля 1000 злотых (прыкладна 567 рублёў) я ўжо заплаціў за стаматалагічныя паслугі і думаю, што яшчэ прыкладна столькі патрачу. У гэтую суму ўваходзіць менавіта сам рамонт, ніякіх здымкаў, напрыклад, мне не рабілі. 

З запісам праблем не было. Мне прапанавалі дату праз тры дні, а потым я хадзіў раз на тыдзень. Нейкіх чэргаў не заўважыў», — расказвае ён.

Доктарка параіла Паўлу паставіць брэкеты. Гэта можа каштаваць яшчэ каля 5-6 тысяч злотых (2835-3402 рублі).

Паехаць лячыць зубы ў іншую краіну, дзе гэтыя паслугі таннейшыя, у Паўла думак не было. Расходы на стаматалагічныя паслугі не б’юць моцна па яго кішэні.

«Я б сказаў, што гэта нават танна, бо ў Мінску было даражэй. 

Жонка жартуе, што ў мяне такі выраз твару, быццам бы я не да стаматолага іду, а ў краму па цукеркі. Сам прыём праходзіць цудоўна, усё вельмі ветліва. Адна толькі праблема — не разумею польскую мову, а доктарка не ведае англійскай. Але яна на камп'ютары адкрывае перакладчык, і мы так размаўляем. Тут ёсць жаданне ісці да стаматолага. Першы час, канечне, думаў, што ў Еўрасаюзе будзе вельмі дорага лячыць зубы, але аказалася не так», — кажа ён. 

Сярэднія цэны на стаматалогію ў Польшчы:

Кансультацыя — 100 злотых (каля 57 рублёў)

Пломба — ад 180 да 300 злотых (102-170 рублёў)

Лячэнне канала — ад 650 злотых (амаль 370 рублёў)

Выдаленне зуба — ад 250 да 650 злотых (142-369 рублёў), у залежнасці ад складанасці. 

Германія

Ала мае нямецкае дзяржаўнае медыцынскае страхаванне, таму некаторыя паслугі для яе бясплатныя. 

Нядаўна яна звярталася да стаматолага, калі ў яе пацямнеў адзін з зубоў. Прыёму яна чакала каля трох тыдняў. 

«Доктар не звярнула асаблівай увагі на мае скаргі. Замест гэтага зрабіла мне бясплатную чыстку зубоў (якую аплачвае страхоўка раз на год) і адзін рэнтген-здымак (таксама бясплатна, бо і гэта за кошт страхоўкі). Затым яна прапанавала мне пазбавіцца ад шасці зубоў і накіравала да хірурга-стаматолага.

Я вырашыла пашукаць іншага доктара і праз некалькі дзён была ўжо ў яго. Там мне зрабілі здымкі ўсіх зубоў па два разы, нейкую «палепшаную» чыстку, якая была за мой кошт — 146 еўра (каля 389 рублёў) і 39 еўра (каля 104 рублі) за размову пра тое, як даглядаць зубы. 

Таксама сказалі, что мне птрэба замяніць усе старыя пломбы на новыя, а гэта 17 пломб. Каштавала гэта 1914 еўра (5091 рубель), частку гэтай сумы — 905 еўра — аплаціла страхоўка. То-бок адна пломба каштавала 112 еўра (298 рублёў). Можна было зрабіць усё за кошт страхоўкі, але у такім выпадку выкарыстоўваць самыя танныя матэрыялы», — расказвае яна. 

Пры гэтым Але не вельмі спадабалася якасць стаматалагічных паслуг, якія яна атрымала. 

«Першы доктар вельмі напужаў мяне, таму я згадзілася на прапанову другога доктара замяніць усе старыя пломбы на новыя. Але я дагэтуль не ўпэўненая, што гэта было неабходна, бо я раней наведвала стаматолагаў і не мела вялікіх праблем з зубамі. Часам рабіла пломбы, але не 17 штук. 

Таксама доктар прапаноўваў занадта часта — 4 разы на год — платную «палепшаную» чыстку ўсіх зубоў і спрабаваў прадаваць розныя прылады: шчоткі для языка, гелі. Таксама не прапанаваў мне дадатковае абследаванне, калі яно было неабходнае — аб'ёмны здымак зуба. Так я ўсё ж страціла адзін зуб, які можна было ўратаваць. 

Такім чынам я лічу, што некаторым стаматолагам у Германіі не хапае кваліфікацыі і яны спрабуюць выцягнуць з кліентаў грошы. Але гэта толькі мой маленькі вопыт», — падсумоўвае жанчына. 

Сярэднія цэны на стаматалогію ў Германіі:

Кансультацыя — бясплатна, калі пацыент збіраецца працягнуць лячэнне, проста агляд — 20 еўра (53 рублі).

Пломба — ад 70 да 120 еўра (186-319 рублёў).

Лячэнне канала — ад 160 еўра (ад 425 рублёў).

Выдаленне зуба — ад 70 да 100 еўра (ад 186 да 266 рублёў).

Грузія

Дар’і даўно трэба было паставіць пломбы, але дзяўчына адкладвала паход да стаматолага. Звярнулася да яго прыкладна паўгода таму. 

«Мне параілі доктара з Украіны ў прыватнай клініцы. Лячыла спачатку два зубы, мне ўсё спадабалася, і я вырашыла пайсці зрабіць усе астатнія. Так я залячыла прыкладна дзесяць зубоў. 

Кансультацыя ў асноўным тут усюды бясплатная. У сярэднім лячэнне аднаго зуба каштуе каля 60 лары (каля 52 рублёў).

Калі ёсць нейкія складанасці, напрыклад, трэба лячыць каналы, то выйдзе каля 100 лары (каля 87 рублёў). Залежыць ад таго, наколькі «цяжкі» зуб. Мне, напрыклад, трэба было рабіць рэканструкцыю аднаго зуба, заплаціла за яго 150 лары (каля 130 рублёў). У цэлым не лічыла, колькі я аддала, можа, 700-800 лары (прыкладна 609-696 рублёў) за лячэнне ўсіх зубоў», — дзеліцца яна. 

Дзяўчына адзначае, што ў Грузіі даволі танныя стаматалагічныя паслугі.

«Калі запісвалася, спачатку не было чаргі, а потым праз некаторы час у доктаркі стала шмат кліентаў і мне трэба было чакаць 2-3 тыдні, каб да яе трапіць. 

Падаецца, што тут той выпадак, калі і кошт, і якасць цудоўныя. Але некаторыя кажуць, што тут можа не быць нейкіх матэрыялаў для больш крутога лячэння. Думаю, што залежыць ад клінікі», — кажа яна. 

Таксама дзяўчына паставіла сабе брэкеты. За іх яна аддала каля 200 даляраў (прыкладна 505 рублёў).

«Думала лячыць зубы ва Украіне, таму што раней рабіла гэта час ад часу. Мне падабаліся там якасць і цэны. А так у Грузіі вельмі шмат спецыялістаў з Беларусі, Украіны», — падсумоўвае яна. 

Сярэднія цэны на стаматалогію ў Грузіі:

Кансультацыя — у асноўным бясплатна.

Пломба — 60 лары (52 рублі).

Лячэнне канала — 100 лары (87 рублёў).

Выдаленне зуба — ад 50 да 75 лары (44-65 рублёў).

Літва 

Андрэй (імя змененае) звярнуўся да стаматолага два тыдні таму. У мужчыны выпала пломба, таксама яму трэба было вырваць зуб мудрасці.

«Высветлілася, што лячыць мне варта адразу тры зубы. Кансультацыя доктара каштавала 5 еўра (каля 13 рублёў), здымак — 25 еўра (каля 67 рублёў). Выдаліць зуб — 40 еўра (106 рублі), лячэнне — прачыстка каналаў і пломба — 300 еўра (каля 798 рублёў) за адзін зуб. Але трэба лячыць яшчэ адзін, які мне будзе каштаваць прыкладна 200 еўра (532 рублі)», — расказвае ён. 

Адна з віленскіх стаматалогій. Фота: Іnstagram / @neodentaklinika

Мужчына кажа, што ўзровень стаматалагічных паслуг у Літве вельмі высокі, але каштуюць яны дорага. Андрэй збіраецца ехаць у Грузію, каб залячыць астатнія зубы. 

«Безумоўна, якасць паслуг тут вышэйшая, чым у Беларусі. Тлумачаць, што прывяло да таго, што зуб забалеў, даюць рэкамендацыі. 

У Мінску я хадзіў у прыватную клініку, вывальвалася пастаянна пломба. Тут паставілі — трымаецца. 

Але ўсё роўна вырашыў, што не магу аддаваць такія грошы за лячэнне. Збіраюся ехаць у Грузію ў адпачынак, там зраблю намнога танней. Сябры казалі, што там таксама добра робяць», — расказвае ён. 

Сярэднія цэны на стаматалогію ў Літве:

Кансультацыя — 25 еўра (67 рублёў) 

Пломба — ад 60 да 90 еўра (160-239 рублёў)

Лячэнне канала — 120-160 еўра (319-426 рублёў)

Выдаленне зуба — 40-100 еўра (106-266 рублёў)

Славакія

Ганна жыве на дзве краіны ўжо некалькі гадоў. Паход да стаматолага яна адкладвала: у Нідэрландах вельмі дорага каштуюць такія паслугі. 

«Мяне нічога моцна не трывожыла, не хадзіла нават на планавыя агляды. Некалькі месяцаў таму стаў балець адзін зуб і я зразумела, што час ісці», — расказвае яна. 

Першая кансультацыя ў Нідэрландах каштавала 80 еўра. У яе ўвоходзіў панарамны здымак зубоў.

«Пасля мне выставілі рахунак за лячэнне шасці зубоў на суму 700 еўра (каля 1862 рублі). Я вырашыла, што гэта вельмі дорага. І паколькі я жыву на дзве краіны, то паехала далечвацца ў Славакію. Адзін зуб — 180 еўра, але там былі нейкія складанасці, кансультацыя бясплатная. Аказалася, што там гэта таксама нятанна. Паставіла дзве пломбы, і потым была дылема: альбо лячу зубы, альбо плачу арэнду за кватэру. Выбрала другое.

У мяне была магчымасць паехаць далячыць у Беларусі, зрабіла там чатыры зубы, за кожны аддала 30 еўра (80 рублёў)», — кажа яна.

У Нідэрландах дзяўчына запісвалася на кансультацыю да доктара за тры тыдні. У Славакіі чакаць прыйшлося месяц. 

«Але мне пашчасціла: хтосьці адмяніў запіс, я патрапіла на прыём праз два тыдні.

Гэта быў мой першы досвед лячэння зубоў за мяжой. Выглядае ўсё, вядома, інакш. Зусім іншыя клінікі, інструменты, якімі карыстаюцца дактары. У Беларусі я такога не бачыла. Ніякіх адмоўных эмоцый ад паходу да стаматолага ў мяне не было», — расказвае яна. 

Сярэднія цэны на стаматалогію ў Славакіі:

Кансультацыя — ёсць бясплатная, а ў некаторых клініках 20 еўра (53 рублі).

Пломба — ад 50 еўра (ад 133 рублі).

Лячэнне канала — ад 40 еўра (ад 106 рублёў).

Выдаленне зуба — ад 60 еўра (160 рублёў).

Узбекістан 

Аліна (імя змененае) звярталася па стаматалагічную дапамогу ўжо некалькі разоў. 

«Трэба было спілаваць накладкі на верхніх зубах. Іх ставілі мне ў працэсе артадантычнага лячэння.

Спілавалі іх бясплатна: лекар палічыў, што нічога сур'ёзнага не зрабіў. 

Лячэнне карыесу аднаго зуба абышлося ў 400000 сумаў (каля 94 рублёў). Да гэтага ж лекара хадзіла на кансультацыю (баялася, што зноў карыес), яна была бясплатная», — расказвае Аліна.

Яшчэ яна носіць брэкеты. Ставіла яна іх у Беларусі, а ва Узбекістане трэба было працягнуць лячэнне. 

«Наогул, гэта вялікая праблема для тых, хто носіць брэкеты. У любой краіне складана знайсці спецыяліста, які пагодзіцца працягнуць лячэнне, а не пачынаць усё нанова. Я яго знайшла не адразу, паводле рэкамендацыі.

Здымкі ў клініцы абышліся мне прыкладна ў 500000 сумаў (117 рублёў). Замена аднаго брэкета — у 350000 сумаў (каля 82 рублёў). Замянілі пяць, наперадзе яшчэ замена чатырох.

Кожны месяц яшчэ трэба праходзіць неклінічную актывацыю (агляд, замена дугі). Гэта каштуе 550000 сумаў (129 рублёў). Увогуле, цэны тут на стаматалагічныя паслугі такія ж, як і ў Беларусі», — кажа яна. 

Аліна звярталася ў тры розныя клінікі. Усюды яна была задаволеная якасцю паслуг. Чаргі на запіс да доктара не было. 

Сярэднія цэны на стаматалогію ва Узбекістане:

Кансультацыя — у асноўным бясплатна.

Пломба — 200000 сумаў (47 рублёў).

Лячэнне канала — ад 100000 сумаў (прыкладна ад 23 рублёў).

Выдаленне зуба — ад 100000 да 400000 сумаў (23-94 рублі).

Чытайце таксама: 

«Галоўнае, каб пасля гэтага не пачалі змяншаць прэміі». Медыкі пра абяцанні павысіць надбаўкі і пра рэальныя заробкі

Пранкер, які перад рэферэндумам дрэсіраваў беларускіх педагогаў, выйшаў на расійскі прастор. І зноў паспяхова

Каментары

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»

Усе навіны →
Усе навіны

Пад Мінскам на дарогу выскачыла казуля — перакуліўся МАЗ ФОТАФАКТ

У сеціве з'явілася відэа, магчыма, першага ў гісторыі прымянення новых расійскіх балістычных міжкантынентальных ракет2

Жыхар Віцебска патэлефанаваў у банк і «падарваў асабістыя якасці Лукашэнкі». Яго адправілі ў калонію2

Вазняк падтрымаў Канапацкую і запэўніў, што яна будзе дабівацца вызвалення палітвязняў21

Вось што Меркель напісала пра Трампа ў сваіх мемуарах10

Урсула фон дэр Ляен аказала першую дапамогу пасажыру на борце самалёта3

Расія ўдарыла па Дняпры балістычнай ракетай новага тыпу7

Выйшаў доўгачаканы працяг культавай украінскай гульні S.T.A.L.K.E.R. У Расіі геймераў прыстрашваюць не гульнявой, а рэальнай зонай за дзяржздраду5

Стрыжак расказаў, чаму Верамейчык не змог легалізавацца ў Еўрасаюзе47

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»

Галоўнае
Усе навіны →