Ірына Шушкевіч: Калі муж зразумеў, што сілы яго пакідаюць, казаў мне вельмі шмат прыгожых слоў…
Крыху больш за месяц прайшло з таго часу, як не стала першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча. Яго жонка распавяла «Народнай Волі» пра жыццё з мужам у горы і радасці, успомніла маладыя гады і апошнія дні Станіслава Станіслававіча.
…Мы гутарым з Ірынай Кузьмінічнай у кабінеце Станіслава Шушкевіча. Тут усё, як і раней, на сваіх месцах — працоўны стол з камп’ютарам, кнігі на стале і ў шафе, фотаздымкі на сценах.
Нічога не хачу тут мяняць, вельмі цяжка гэта зрабіць, — прызнаецца наша суразмоўца. — Няхай усё застаецца як было.
Ірына Кузьмінічна пачынае з успамінаў. Са сваім будучым мужам яна пазнаёмілася ва ўніверсітэце.
— Я была студэнткай, а Станіслаў Станіслававіч у нас выкладаў. Ён быў вельмі добрым выкладчыкам і надзвычай цікавым чалавекам. Лекцыі былі заўсёды захапляльнымі, студэнты хадзілі да яго з задавальненнем.
І ён заўсёды быў на першых ролях у кампаніі. Аднакурснікі ўспаміналі, што «калі недзе нешта адбывалася, то наперадзе быў Стасік».
Як жартаваў акадэмік Салавухін, кафедру ядзернай фізікі і мірнага выкарыстання атамнай энергіі трэба было назваць інакш — «Кафедрай ядзернай фізікі і мірнага выкарыстання энергіі Шушкевіча».
— А чацвёрку вам, круглай выдатніцы, за што будучы муж паставіў?
— Так, у мяне ў залікоўцы былі толькі выдатныя адзнакі, а тут прыходжу здаваць «Асновы радыёэлектронікі», і мне Станіслаў Станіслававіч ставіць чацвёрку. Пры гэтым прадмет, як мне падаецца, я ведала цудоўна.
Я знаходзіла такому факту толькі адно тлумачэнне: такім чынам выкладчык хацеў, каб я на яго звярнула ўвагу. І мне на самай справе стала цікава: за што мне гэта? Пасля гэтай чацвёркі я ж нават павышаную стыпендыю не атрымлівала пэўны час.
— Пакрыўдзіліся тады на выкладчыка?
— Скажам так: ён дабіўся маёй увагі да яго. Але не больш за тое, бо ніякіх заляцанняў, пакуль я была студэнткай, з боку Станіслава Шушкевіча асабліва не назіралася. Хаця дыпломную працу пісала менавіта ў яго.
Памятаю, дыпломы мы атрымлівалі пад самы Новы год. Быў выпускны вечар, і туды мы запрасілі некалькіх выкладчыкаў. Прыйшлі двое — Шушкевіч і Салаў.
Пасядзелі ў рэстаране, а калі вечар падыходзіў да заканчэння, Станіслаў Станіслававіч раптам паклікаў усю кампанію да сябе на кватэру працягнуць вечарыну. І ўсе адправіліся ў яго кватэру ва ўніверсітэцкім доме на Адоеўскага. У яго кватэры было чыста, акуратна, ён мог усё сам прыгатаваць. Мы тады папілі кавы і гарбаты і разышліся. Вось пасля гэтага вечара Станіслаў Шушкевіч і пачаў да мяне заляцацца.
— Галантны быў кавалер?
— Заляцаўся прыгожа! Мы з ім шмат гулялі ў выхадныя, заходзілі ў сталовыя, кафэ, рэстараны. І, што самае цікавае, і мне, і Станіславу больш за ўся спадабалася сталовая ў Лагойску, куды неяк заехалі. Там было ўсё так смачна, чыста, прыгожа, лепш, чым у рэстаране.
Кветкі таксама дарыў, хаця, шчыра кажучы, не зусім разумеў, навошта яны жанчыне. А праз паўгода пасля той навагодняй вечарыны мы пажаніліся. Гэта адбылося 31 ліпеня 1976 года.
— На колькі муж быў старэйшы за вас?
— Мне, калі жаніліся, было 23, Станіслаў быў на 18 гадоў старэйшы.
— Не бянтэжыла такая розніца ва ўзросце?
— Ведаеце, я заўсёды звяртала мала ўвагі на нейкія знешнія прыкметы. Для мяне галоўнае, каб з чалавекам было цікава і каб ён быў сумленны, справядлівы, мужны.
— А як бацькі паставіліся да вашага выбару?
— Мы з мамай былі па жыцці фактычна сяброўкамі. І калі яна даведалася, за каго я збіраюся выйсці замуж, то сказала: «Калі так хочаш, то я перашкаджаць не буду. Гэта твой лёс». А тата яшчэ больш проста адрэагаваў: «Калі вы з маці так вырашылі, значыць, усё робіце правільна».
Дарэчы, мая мама — з Яраслаўскай вобласці, тата — кубанскі казак, пасля быў ваенным. У 1957 годзе сям’я пераехала ў Мінск.
— Станіслава Станіслававіча пазнаёмілі з бацькамі да вяселля?
— Да вяселля не атрымалася, бо летам тата і мама паехалі адпачываць у санаторый. А ўвогуле, вяселле ў нас праходзіла у некалькі этапаў — то адны прыйдуць павіншаваць, то другія… Як кажуць, святочныя мерапрыемствы зацягнуліся.
Але ў выніку бацькі адобрылі мой выбар, Станіслаў умеў зрабіць уражанне. Таму ён спадабаўся не толькі маім бацькам, але і сябрам бацькоў.
— Нічога не казалі, што дачка выходзіць замуж за мужчыну, які ўжо быў жанаты і мае дзіця?
— Не, размовы на гэты конт нават не заводзілі. На момант нашай жаніцьбы Станіслаў Станіслававіч быў ужо даволі даўно разведзены з першай жонкай, хаця я адразу сказала будучаму мужу: «Я не збіраюся нікому пераходзіць дарогу». Ён адказаў: «Ты нікому яе і не будзеш пераходзіць. У нас з табой — свая дарога».
— Мядовы месяц як праводзілі?
— У мужа да верасня быў адпачынак, таму ў жніўні спачатку паехалі ў Нясвіж. Замак — цудоўны, але, памятаю, было вельмі холадна. А я вельмі не люблю холад, таму сказала: «Станіслаў, мне патрэбна нешта цёплае».
А ў мяне была сяброўка, якая працавала ў суседняй лабараторыі, у яе блізкія жылі ў Сочы. І яна прапанавала: «Там знойдзецца для вас пакой, можаце прыязджаць». І ўсё было проста цудоўна! У нас быў на самай справе свой пакой з асобным выхадам, да мора — рукою дастаць.
Там быў цудоўны сабака, якога кармілі ўсе, хто прыязджаў туды. Нам пасля гаспадыня выгаворвала: «Не карміце больш сабаку! Ён пасля вашых прысмакаў мой суп даядаць не хоча».
— Пра папаўненне адразу пасля вяселля не задумваліся?
— Не думалі пра гэта, а сын увогуле нарадзіўся толькі праз восем гадоў пасля жаніцьбы. Я разумела, што для таго, каб нараджаць дзіця, трэба, каб у цябе быў час яго даглядаць і выхоўваць. Не разумела тых, хто нараджаў, а затым кідаў малога на бацькоў.
І калі зразумела, што гатовая займацца дзіцем, то нарадзіла. А гаспадыняй я, дарэчы, была нядрэннай — мама мяне ў свой час навучыла і гатаваць, і шыць, і вязаць. Для дамашняга жыцця я была гатовая. Хаця часу на ўсё не хапала. Але і муж дапамагаў. Прынамсі, ён таксама добра гатаваў.
— І якія былі фірмовыя стравы ў Станіслава Станіслававіча?
— Ён вельмі добра квасіў капусту і любіў рабіць бігас — тушаную квашаную капусту з мясам.
Таксама Станіслаў любіў смажыць яечню з салам, хаця асабіста я сала не люблю.
— Быў задаволены, калі нарадзіўся сын?
— Не тое слова! Сустракаў на машыне, з кветкамі. А я яму адразу сказала: «Цудоўна, што прыехаў. Бяры малога на рукі, а я саджуся за руль».
У мяне, дарэчы, з дзяцінства любоў да аўтамабіляў. Калі мы жылі ў Маскве, да нас прыязджала вялікая машына, і мама неяк у мяне спыталася: «Кім хочаш быць, калі вырасцеш?» І я адказала: «Буду вадзіцелем вось такой вялікай машыны».
— Калі сын нарадзіўся, Станіславу Станіслававічу было 50 гадоў. У некаторых у такім узросце ўжо ўнукі ёсць…
— Як ужо казала, ён быў вельмі энергічны чалавек, таму яго хапала на ўсё — і на працу, і на дзіця. Кафедра Станіслава Шушкевіча была на другім паверсе, а адна з лабараторый знаходзілася на восьмым. Дык ён бегаў туды-сюды па некалькі разоў на дзень.
Што ж тычыцца сына, то, трэба сказаць, ён нас шкадаваў — спаў па раскладзе і асабліва не турбаваў. Ён быў вельмі спакойны хлопчык.
Дарэчы, Стас нарадзіўся ў 1984 годзе, але калі праз два гады здарыўся Чарнобыль, то я малога яшчэ год трымала дома, бо не была ўпэўненая, што дзяцей у дзіцячым садку будуць карміць чыстым мясам. А тое мяса, што я купляла дадому, заўсёды правярала спектрометрам і была ўпэўненая, што яно нармальнае.
— Калі Станіслаў Станіслававіч стаў старшынёй Вярхоўнага Савета, напэўна, менш часу засталося для сям’і?
— Ён заўсёды шмат часу аддаваў працы, нават калі працаваў ва ўніверсітэце на кафедры. І мне падаецца, што самы лепшы час і для яго, і для сям’і быў менавіта перыяд працы на кафедры. Гэта быў самы цёплы і самы душэўны час!
А затым, калі пачалася палітыка, усё гэта некуды знікла. Прыходзіў дадому позна, разлічваць на яго ўжо было нельга. Калі падчас працы на кафедры мы на выхадныя ездзілі будаваць лецішча, то затым ужо і часу не было. Хаця Станіслаў любіў будаваць, яму гэта падабалася.
— Ці далёка лецішча ад Мінска?
— Не так і далёка, у Дзяржынскім раёне. Лецішча мы атрымалі ад універсітэта — 4 соткі зямлі.
І дом муж будаваў сам. Спачатку купілі зруб, але так ім і не скарысталіся. Лецішча было пабудаванае па ўласным праекце Станіслава Станіслававіча, які, дарэчы, многім спадабаўся. Усё было зроблена вельмі кампактна і зручна. Хаця, калі мужу ўжо было складана рухацца, то на другі паверх дома мы нават і не заходзілі.
— Станіслава Шушкевіча затым знялі з пасады старшыні Вярхоўнага Савета за быццам бы скрадзены кілаграм цвікоў для гэтага лецішча…
— У мяне нават слоў не было, каб выказаць эмоцыі, калі даведалася пра гэта. Настолькі абсурдная была сітуацыя.
Станіслаў Станіслававіч адчуваў, што ў яго застаецца мала часу на пасадзе старшыні Вярхоўнага Савета, а хацелася зрабіць больш, па меншай меры, каб не сарваўся візіт Клінтана ў Беларусь. Усё гэта каштавала шмат нерваў.
Муж вельмі перажываў, і я бачыла, што гэта адбіваецца на яго здароўі. А яго здароўе было для мяне на першым месцы. І таму, калі яго адхілілі ад пасады, стала менш адказнасці, Станіслаў зрабіўся больш спакойны. І я супакоілася, бо бачыла, што палітыка яго да дабра не давядзе, і ўжо пачала хвалявацца.
— Калі муж быў на высокай пасадзе, да вас дадому нейкія ганаровыя госці наведваліся?
— Усе тыя ганаровыя госці, што прыязджалі, жылі ва ўрадавай рэзідэнцыі, і, калі патрэбная была мая прысутнасць, то я таксама ехала на прыём.
Калі ў Мінск прыязджалі з візітам Біл Клінтан з жонкай, то мы разам хадзілі ў Тэатр оперы і балета, там таксама быў прыём.
— Быў у вас асаблівы гардэроб для такіх сустрэч?
— Былі сукенкі, якія некалі я сама сабе пашыла, але часцей заходзіла ў Дом моды, дзе брала адзенне напракат альбо яго купляла. Тады гэты Дом моды ўзначальвала Любоў Васільеўна Манулік, яна мне дапамагала ў выбары.
Хаця я ніколі не рабіла культ з адзення. Гэтак жа, як і Станіслаў. Здаралася, прыходзіў дадому і казаў: «О, ды ў цябе новая сукенка!» А я яму: «Гэтай сукенцы ўжо тры гады, а ты толькі цяпер заўважыў».
Памятаю таксама: Клінтан прылятаў у суботу, а ў пятніцу вечарам мне тэлефануе Станіслаў Станіслававіч і кажа: «Слухай, мне ж, напэўна, для сустрэчы з Клінтанам трэба нейкае новае паліто купіць». Адказваю: «А чаму ты мне пра гэта толькі ў сем вечара ў пятніцу кажаш? Чаму не ў дванаццаць ночы?»
У рэшце рэшт махнуў ён рукой на новае паліто і апрануў тое, у якім хадзіў увесь час.
— Ці змянілася ваша жыццё пасля адстаўкі Станіслава Станіслававіча з пасады старшыні Вярхоўнага Савета Беларусі?
— Пасля гэтага больш за ўсё мяне ўзрадавала і натхніла, што ўсе нашы сябры, якіх мы лічылі сябрамі, засталіся з намі. Усе нас падтрымлівалі як маглі, і ў гэтым плане ніякага расчаравання не было. Аказалася, што ў нас мора сапраўдных сяброў!
З’явіўся вольны час, Станіслаў паехаў на лецішча, я таксама туды прыязджала.
Натуральна, паступала шмат запрашэнняў чытаць лекцыі з многіх краін свету. Муж нават з гумараў казаў: «Калі б не было адстаўкі, то мы ніколі не паглядзелі б свет так, як цяпер».
А былі мы і ў Амерыцы, і ў Карэі, і ў Мексіцы… Раней мне заўсёды падабалася прыязджаць у Сочы, бо там была цёплая вада. Але калі зайшла ў ваду ў Мексіцы, то гэта было як цёплае малако! Нас туды пастаянна запрашаў сябар Станіслава Станіслававіча, і некалькі гадоў запар мы там сустракалі Новы год. Мексіканскія сябры, натуральна, усё аплачвалі — і пералёт, і пражыванне.
— Падчас падарожжаў любілі нешта прывезці з іншых краін сабе на памяць?
— Шчыра кажучы, і я, і Станіслаў Станіслававіч не вельмі вялікія аматары шопінгу, хаця нейкія сувеніры набывалі. З Мексікі я прывезла прыгожую мексіканскую блузку, таксама з усіх паездак прывозілі ў якасці сувеніраў кубачкі.
— У адным з апошніх інтэрв’ю Станіслаў Станіслававіч сказаў літаральна наступнае: «Я здзіўлены, што жонка Ірына мяне так доўга цярпіць». Няўжо ў яго быў такі складаны характар?
— Напэўна, у кожнага чалавека ёсць не вельмі лёгкія для навакольных рысы характару. Але мы абсалютна давяралі адзін аднаму. Муж разумеў, што я ніколі не здраджу яму і не кіну. Я ведала, што ён таксама ніколі мяне не падмане.
А сястра Станіслава неяк сказала: «У жыцці столькі ўсялякіх рэальна складаных праблем, дык няўжо варта псаваць адзін аднаму нервы па дробязях?»
Так, Станіслаў Станіслававіч быў эмацыйным чалавекам, нецярплівым. Я думаю, што ён і памёр так хутка, таму што ў жыцці быў такім энергічным. Хаця столькі хвароб, колькі апошнім часам было ў яго, і ворагу не пажадаеш.
— Калі ў яго пачаліся сур’ёзныя праблемы са здароўем?
— Напэўна, у 2012 годзе, пасля смерці сястры. Так атрымалася, што Станіслаў доўгі час не разумеў, што ў яго хворае сэрца. Не разумела гэтага і я.
Калі муж пачаў пацець, то я падумала, што гэта нейкія праблемы з лёгкімі. Станіслаў наогул знаходзіў адгаворку: «Гэта таму, што ў мяне рубашкі не «хэбэшныя».
І мы амаль год нічога не разумелі. А калі нарэшце зразумелі, што маюцца сур’ёзныя праблемы з сэрцам, было ўжо позна. Калі б звярнуліся да ўрачоў адразу, то можна было б вылечыцца метадам электрашоку.
З часам давялося прымаць прэпараты, якія развадкоўваюць кроў, каб не было тромбаў, затым — паставіць стэнт і карыстацца кардыястымулятарам. У мужа было сардэчнае захворванне — брадыкардыя — замаруджанае сэрцабіцце. Даходзіла нават да 40 удараў за хвіліну.
Калі паставілі стэнт і кардыястымулятар, давялося прымаць шмат таблетак, якія адбіваліся на нырках, печані і іншых органах. Урач-кардыёлаг Станіслава Станіслававіча неяк сказала: «У вас такія ўзаемавыключальныя хваробы, што калі лячыць адно, то тым самым наносіш шкоду іншаму».
— Былі ж яшчэ праблемы і з нагамі…
— Неўролагі сказалі, што ў мужа полінеўрапатыя. Вось ён пройдзе дзесяць крокаў, і яму абавязкова трэба адпачыць, бо нервы слаба перадавалі сігналы мышцам. А калі чалавек дрэнна рухаецца, то гэта таксама не вельмі добра для здароўя.
Станіслаў апошнім часам моцна перажываў, бо ён жа заўсёды быў чалавекам, якому кожную хвіліну нешта трэба рабіць — кніжку пісаць, палічку прыбіваць… А калі сілы сталі пакідаць яго і ён зразумеў, што ўжо не зможа рабіць тое, што раней, пачаліся праблемы яшчэ і псіхалагічнага плану. І ён вельмі перажываў праз гэта. Падыдзе да акна, паглядзіць на вуліцу і кажа: «Ты б ведала, як хочацца за руль!»
— Але ж па кватэры ён штодзень хадзіў тры кіламетры.
— Так, ён падлічыў адлегласць ад балкона у адным пакоі да балкона ў другім, і хадзіў туды-сюды тры кіламетры.
А вось пасля перанесенага напрыканцы лютага каранавіруса яму стала складаней хадзіць. А затым, калі наогул стала дрэнна, патрапіў першы раз у рэанімацыю. Пасля першай рэанімацыі яшчэ мог хадзіць з хадункамі, а пасля другой быў ужо ляжачы.
Кавід Станіслаў перажыў, але абвастрыліся ўсе хваробы, якія былі, і вось гэтага ён не перанёс. У апошнія дні ён зразумеў, што сілы яго пакідаюць, таму казаў мне вельмі шмат прыгожых слоў.
Затым у яго рэзка стаў падаць ціск, некалькі разоў я выклікала «хуткую». Першы раз урачы зрабілі ўкол, параілі паіць мужа салодкай гарбатай і з’ехалі. Не дапамагло, я зноў патэлефанавала па «103». Прыехалі з кіслародам, нейкімі чамаданамі, мяне папрасілі выйсці. Паспрабавалі мужа рэаніміраваць, але ў іх ужо нічога не атрымалася. 3 мая бліжэй да 12 ночы Станіслава Станіслававіча не стала.
— Чаму ўсё-такі першага кіраўніка незалежнай Беларусі не пахавалі на Усходніх могілках, дзе традыцыйна хаваюць вядомых у краіне людзей?
— Пытанне не да мяне, рашэнне, відаць, прымалася ў нейкіх высокіх кабінетах.
Але мужа пахавалі на Паўночных могілках, і там, трэба сказаць, кампанія не горшая, чым на Усходніх. Тым больш, што побач пахаваная і маці Станіслава Станіслававіча, і іншыя нашы блізкія.
Пасля пахавання я бачыла на магіле мора кветак ад звычайных людзей і разумела, што Станіславу Станіслававічу знаходзіцца тут, сярод простых людзей, больш утульна. Ён як жыў па-простаму, так і быў пахаваны. Як кажуць, не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек — месца.
— Ірына Кузьмінічна, а ці дапамагае вам пасля смерці Станіслава Станіслававіча партыя, якую раней узначальваў ваш муж, а цяпер ёй кіруе бізнесмен Сяргей Чэрачань?
— Так, Сяргей дапамагаў і з арганізацыяй пахавання, і цяпер ён не забывае. Тэлефануе, прапаноўвае дапамогу.
— Якім быў гэты месяц без мужа для вас?
— Кожны дзень я ездзіла на могілкі, вырашала нейкія арганізацыйныя пытанні, адказвала на лісты і тэлефанаванні.
І, натуральна, складана прызвычаіцца, калі ты заходзіш у пакой, дзе звычайна быў Станіслаў Станіслававіч, а яго там няма. І ўжо не пачуеш яго голас…
Каментары