«Генералы задняга розуму». Лебядок распавёў пра ўрокі вайны ва Украіне для беларусаў і спрагназаваў прыход вайны да нас
Ваенны эксперт Ягор Лебядок распавёў пра тое, чым карысны вопыт войскаў Каліноўскага, чаму беларускія вайскоўцы і грамадства павінны навучыцца ва ўкраінцаў і чаму беларусам трэба рыхтавацца да вайны.
Праблемай Узброеных сіл Беларусі Лебядок лічыць тое, «што іх заплямілі ў 2020 годзе». У беларускім грамадстве — раскол, у арміі няма падтрымкі.
«Як цяпер беларусу рэагаваць на павелічэнне бюджэту Мінабароны? Атрымліваецца што? Супраць мяне павялічваецца бюджэт? З іншага боку, свая армія павінна быць, ці мала хто на нас нападзе. І што рабіць?» — апісвае няпростую сітуацыю простага беларуса Лебядок.
Праблема ў тым, што ў грамадстве няма падтрымкі кіраўніцтва краіны. Не толькі з-за 2020 года, але і з-за таго, што Лукашэнка даў тэрыторыю Беларусі для ваеннай агрэсіі ў дачыненні да Украіны. «Праблема не толькі падтрымліваць войска, але і за каго ваяваць? За Лукашэнку? За Беларусь? Беларусь — не Лукашэнка. Многіх беларусаў яго палітыка не задавальняе. Тым больш, што яна можа прывесці да разбурэння нашых гарадоў».
«Але пацыфізм у нашых умовах недапушчальны. Гэта безумоўна», — упэўнены Лебядок.
Наколькі вопыт каліноўцаў будзе важны для стварэння новай беларускай арміі?
Лебядок кажа, што гэта мае больш палітычнае значэнне для вяртання іміджу беларусаў сярод украінцаў. З пункту ж гледжання ваеннага вопыту для краіны — ён не такі сур'ёзны.
«Іх досвед — гэта тактычныя дзеянні салдат. Асноўнае ж значэнне мае выбудоўванне абароны краіны ў цэлым. Вось гэтага вопыту ў іх не будзе. Гэта самая вялікая праблема для нас, што мы гэтага досведу не атрымаем».
Расіяне беларусам не раскажуць, дзе яны «залажалі» і як іх «раздзярбанілі», украінцы — тым больш.
«Гэта адсутнасць разумення ў выбудоўванні абароны дзяржавы — гэта важна».
Чым карысны ўкраінскі вопыт
Лебядок кажа, што ва ўкраінцаў быў прынцып спадзявацца на свае сілы і на народ. І гэта спрацавала.
«У гэтым сэнсе я заўсёды казаў, што ў расіян ёсць два саюзнікі — армія і флот, а ў беларусаў адзін — самі беларусы. Разуменне, што трэба спадзявацца ў абароне дзяржавы на свае сілы — гэта правільна. Украінцам гэта дапамагло».
А з гэтага вынікае апора на грамадзянскі сектар, «калі які-небудзь пацанёнак можа выкарыстоўваць тыя ж беспілотнікі», задзейнічанне грамадзянскіх сетак інтэрнэту, а не тое што «ў нас самая абароненая сувязь», «мільёны выкідваюць на гэтыя сістэмы сувязі».
Такія дзеянні эканомяць грошы і пашыраюць колькасць удзельнікаў.
У лагістыцы таксама ўпор павінен быць на грамадзянскую дастаўку вайсковых грузаў. «Гэта і маскіроўка дадатковая».
І яшчэ адзін кампанент, які Лебядок вылучае з украінскага поспеху — гэта ўлічванне ваеннага досведу не «саўка» і Расіі («гэтай другой арміі свету»), а НАТА, Кітая і ўсяго сусветнага вопыту баявых дзеянняў для абароны сваёй дзяржавы.
Гэтыя кампаненты, на думку эксперта, забяспечылі тое, што Украіна не здалася ў чаканыя 3-5 дзён.
«Вось тры кампаненты, якія нам патрэбныя. А ў нас гэта праблема, у нас жа самы разумны — гэта генерал, астатнія заткніцеся. Вы альбо фэйкі плодзіце, альбо вы нічога не ведаеце, псеўдаэксперты», — кажа Лебядок.
Што не так з беларускай стратэгіяй абароны
Эксперт кажа, што беларускае камандаванне памылкова выбрала стратэгію абароны.
«Ва Украіне — гэта абарона сваёй дзяржавы. Што ў нас чуем? Гэта нанясенне непрымальных страт праціўніку. Гэта чуваць ужо чорт ведае колькі гадоў. І паглядзіце вы на вайну з Украінай.
Якое нанясенне непрымальных страт спыніла агрэсара — Расію? Так, 20 000 трупаў паклалі сваіх, ну хай 10 000, усё роўна… Ды пляваць расіянам заўсёды было на гэта. Гэта проста «ой-ой, трэба ісці помсціць за хлопцаў», бюст на радзіме героя, школьная парта і выхаванне такіх жа, якія трупамі лягуць».
Стратэгію нанясення непрымальных страт саперніку Лебядок лічыць першапачаткова няправільнай. «Нават калі браць рэсурсы, ну, можа, Літве можна нанесці нейкія непрымальныя страты, і тое пытанне», — кажа ён.
Беларускую стратэгію абароны ён апісвае проста.
«Мы тут касцямі ляжам, дзён 5-7 пратрымаем натаўскія танкі, прыйдуць братушкі-расіяне, яны змятуць нашы гарады і праціўніка, і потым мы разам будзем аднаўляць гарады, клясці клятае НАТА і дзякаваць Расіі, а, можа, яшчэ ўступім у яе, таму што яна нас выратавала ад Захаду і геяў».
Хаця Лебядок не выключае, што «ў кагосьці больш кемлівага» з беларускіх вайскоўцаў, гледзячы на няўдачы Расіі ва Украіне, ужо магло паўстаць пытанне, «а на каго мы можам разлічваць?».
Эксперт кажа, што беларускае камандаванне спазняецца з рашэннямі і дзеяннямі.
«У нас генералы задняга розуму. І тое, што яны цяпер прызнаюць, што павінны перагледзець дзяржабаронзаказ, што вось вайна паказала… Ну добра, а на праверачку? Як пачнецца зараз вайна? Гэта тысячы гібеляў, жыццяў беларусаў, вось што гэта гаворыць пра ваенна-палітычнае кіраўніцтва».
Ці будуць беларускія войскі ваяваць ва Украіне?
«У тое, што беларускія войскі не выканаюць загад, я не веру. Калі дадуць загад, дапусцім, пятай брыгадзе: наперад, войскі, на Кіеў, ляжце трупамі за вызваленне народаў ад нацызму, яны гэта выканаюць. Іншае пытанне, што там будзе, тут можна дыскутаваць, але яны выканаюць загад, на мой погляд».
Што будзе далей?
Лебядок лічыць, што ўдзел Беларусі ў вайне не скончыўся.
Ён мяркуе, што планы па Кіеве ў расіян — перакінуць групоўку ў Беларусь і атакаваць Кіеў — засталіся. «Мяркуючы па тым, як усё актыўна ўзялося, гэта на канец ліпеня — пачатак кастрычніка», — прагназуе тэрміны новай эскалацыі эксперт.
«Заняць поўдзень — гэта першачарговая задача ў расіян, там замацавацца, зрабіць там буферную зону. Самае ключавое там — Адэса, колькі гэта зойме — пытанне. І далей вызваленыя сілы перакінуць зноў на Кіеў і нармальна весці вайну. І не толькі на Кіеў, там у прынцыпе на паўночны кірунак, скажам так», — распавядае сваю версію Лебядок.
Ён лічыць, што пры такім развіцці падзей вайна можа пачацца і на нашай тэрыторыі.
«Чаго трываць гэтыя тылы, умоўна кажучы? Ну, добра, аднойчы даравалі, другі раз — няма чаго», — кажа ён пра магчымы адказ украінцаў.
Эксперт мяркуе, што беларускае камандаванне рыхтуецца да такога варыянту. Да гэтага, на яго погляд, цяпер ідзе актыўная падрыхтоўка, у тым ліку разгортванне ў чэрвені тэрытарыяльнай абароны ў Гомельскай вобласці, праверка рэзерваў.
Лебядок кажа, што, магчыма, ён памыляецца. Праўда, толькі ў тэрмінах.
«І добра, калі толькі Украіна, а то яшчэ можа быць Прыбалтыка», — прагназуе ён.
Ці хопіць у расіян сіл, калі яны дастаюць рэзервы са сховішчаў?
«Гэта бла-бла-бла — расіяне падцягваюць Т-62 і іншае, ая-яй, глядзіце, у іх канец рэсурсаў — надакучыла ўжо, шчыра кажучы», — тлумачыць эксперт.
«Навошта новы танк на нейкіх занятых пазіцыях, калі туды можна паставіць старызну? Дастаткова, умоўна кажучы, на блокпосце нейкага мабільнага танка: Т-62 забівае гэтак жа, як Т-72. Адпаведна, на занятыя тэрыторыі ты ставіш старызну, а новае, жыццяздольнае — на перадавыя кірункі».
Лебядок упэўнены, што рэсурсы расіян далёка не вычарпаныя і маральны дух не такі нізкі, як пра гэта кажуць.
«Калі ўсяму гэтаму верыць, то расіяне ўжо прайгралі месяцы два таму. На самай справе гэта, вядома, не так».
Каментары