Людзі паспрабавалі запісацца ў «брыгаду Касцюшкі». І вось што атрымалася
Днямі ў сеціве пра сваё фармаванне абвесціла «добраахвотніцкая брыгада Касцюшкі». Сярод байцоў, што цяпер ваююць ва Украіне, пра яе ніхто не чуў. Апублікаванае відэа таксама пакінула шмат пытанняў і было падобным да правакацыі. Некалькі чытачоў «Нашай Нівы» паспрабавалі запісацца ў брыгаду — і атрымалі вельмі дзіўныя заданні.
Спроба №1
Тым, хто хоча далучыцца, брыгада высылае кароткую анкету. Просіць паведаміць узрост, ці служыў у войску, ці маеш баявы вопыт і па якой спецыяльнасці працуеш.
Наш чытач вырашыў прадставіцца 24-гадовым муляром. Служыць служыў, але не ваяваў.
Далей просяць назваць сваю лакацыю. Чытач назваўся мінчуком. Цікава, што бот складзены на беларускай мове, але астатняя камунікацыя — па-руску.
«Для пацвярджэння рэальнасці даных неабходна зрабіць запіс: «1794». На фасадзе дома ці іншай пабудовы на адной з цэнтральных вуліц, пасля даслаць нам лакацыю месца і фатаграфію зробленага запісу», — кажа заданне.
Брыгада патлумачыла: запіс пацвярджае месцазнаходжанне чалавека ў пэўнай мясцовасці, гэта робіцца для агульнай бяспекі.
Чытач «НН» фота даслаў — нібыта яно зробленае ў службовым туалеце ў «Кароне» каля метро «Маладзёжная». «Байцам» па той бок бота выкананне не вельмі спадабалася.
«Месца мусіць быць агульнадаступнае, каб наш чалавек мог праверыць наяўнасць надпісу, не прыцягваючы ўвагі. Дзе гарантыя, што ты — гэта не ГУБАЗ?» — напісалі з брыгады.
Ці пайшлі яны верыфікаваць навабранца, невядома, але больш не адказвалі. Можа, пасля выхадных адгукнуцца.
Спроба №2
Другі наш чытач па легендзе — 37-гадовы кіроўца-міжнароднік з Гродна, які не быў у арміі. Бонусам да яго ідзе пікап Toyota.
Чытач спытаў, адкуль трэба будзе выязджаць ва Украіну.
«Ёсць варыянт праз Польшчу і РБ», — адказалі з брыгады.
Але ж мяжа з Украінай закрытая.
«Усе інструкцыі атрымаеце пасля верыфікацыі», — запэўнілі ў боце.
Заданне хлопцу даслалі тое ж — зрабіць надпіс на цэнтральнай вуліцы горада. На просьбу даць магчымасць пацвердзіць сваю асобу іншым, менш небяспечным спосабам, адмовілі.
«Верыфікацыі толькі такім чынам, далей атрымліваеце астатнія інструкцыі. Схема адпрацаваная і найбольш аптымальная», — патлумачыла брыгада.
Што адметна — у абодвух выпадках камунікацыя спынялася роўна пасля 18:00 вечара. Відаць, у адказных за набор навабранцаў заканчваўся працоўны дзень.
Заданне зрабіць надпіс у публічным месцы выглядае падазрона як мінімум таму, што чалавека пасля можна вылічыць па камерах.
Нагадаем, што суразмоўцы «Нашай Нівы» выказвалі здагадку, што пад выглядам няіснай групы беларускія спецслужбы спрабуюць заманіць у пастку людзей, гатовых ваяваць за свабоду і незалежнасць Украіны. Калі яны напішуць у бот, іх вылічаць і арыштуюць.
-
Вальфовіч пра «ваенна-палітычнае становішча вакол Беларусі»: Сітуацыя нагнятаецца, тэндэнцыі несуцяшальныя
-
Лосік схуднеў, Пачобут «трымае марку», Аляксандраў «выязджае» на пазітыве. Што з палітзняволенымі журналістамі з ПК-1
-
Лукашэнка: Беларусы нічым не адрозніваюцца ад людзей, якія нарадзіліся ў Пскове ці Ленінградзе
Каментары