У Чачэрску траіх маладых людзей асудзілі да калоніі за налепленыя стыкеры
У судзе Чачэрскага раёна быў вынесены прысуд па справе Вадзіма Дзенісенкі, палітзняволенай Рыты Зотавай і Мікіты Хількевіча. Суддзя Павел Цыганок прысудзіў Вадзіму 2,5 гады калоніі агульнага рэжыму, Рыце і Мікіту — па 2 гады калоніі агульнага рэжыму, паведамляюць праваабаронцы.
Вадзім Дзенісенка — 29-гадовы гукааператар Чачэрскага раённага Дома культуры. Выхоўвае аднагадовае дзіця. Мужчыну затрымалі 28 снежня 2021 года.
Рыце Зотавай 20 гадоў, яна студэнтка 3 курсу факультэта псіхалогіі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Дзяўчыну затрымалі 9 жніўня 2021 года, а пасля допыту адпусцілі пад падпіску аб нявыяздзе. 28 снежня 2021 года яе ўзялі пад варту.
Мікіту Хількевічу — 27, яго таксама затрымалі 9 жніўня 2021 года.
Маладых людзей асудзілі за некалькі стыкераў, якія тыя наляпілі на тэрыторыі мясцовай школы па дарозе з вечарынкі.
Стыкеры характарызуюцца як прадметы«з цынічным тэкстам і выявай «Надышоў час вырашаць самім» з сімвалам літары «А» белага колеру, змешчанай у белае кола, якое з'яўляецца сімвалам анархізму, з сілуэтам чалавека, падобнага да прадстаўніка праваахоўных органаў». Абвінавачаныя размяшчалі налепкі і ўлёткі на слупах і дарожных знаках у Чачэрску два дні: 5-6 чэрвеня 2021 года. Гэтым, згодна з версіяй абвінавачвання, яны «парушылі эстэтычнае ўспрыманне будынкаў і збудаванняў і апаганілі іх цынічнымі надпісамі і выявамі».
Міліцыю на іх выклікала дырэктарка школы Вольга Цалко.
Рыта Зотава атрымала два гады калоніі ўсяго за адзін налеплены стыкер.
Дзенісенка на судзе расказаў, што падчас запісу «пакаяльнага відэа» яго прымусілі сказаць на камеру «ГУБАЗіК вас усіх знойдзе». Супрацоўнік сказаў яму, што зараз знойдзе палку і стукне яго, калі ён не прамовіць гэту фразу.
Каментары