Меркаванні

Як звязанае разняволенне афіцыйнай кавіднай статыстыкі з рэферэндумам па Канстытуцыі?

Чаму звычайна надзвычай дысцыплінаваны ў беларускіх умовах каранавірус гэтымі днямі выйшаў з-пад кантролю ў афіцыйнай статыстыцы? Ці няма тут палітычнага чынніка, разважае Алесь Сантоцкі.

Фота: Foxpictures / depositphotos.com

Пачынаючы з канца студзеня ў Беларусі пачаўся рэзкі рост захворванняў на COVID-19. Прытым не па ацэнках экспертаў і асабістых адчуваннях людзей, а паводле такой звычайна надзвычай кансерватыўнай крыніцы, як афіцыйная статыстыка Мінздароўя.

У студзені, працягваючы тэндэнцыю мінулага года, штосутачная захворвальнасць трымалася на ўзроўні 1200-1400 выпадкаў, бывалі дні, калі гэтыя паказчыкі апускаліся і да тысячы, і нават ніжэй. Але пачынаючы з 20 студзеня лічбы сталі няўхільна расці, ужо праз пару дзён ушчыльную наблізіўшыся да звычайнай «столі» ў 2000 штосутачных захварэлых.

Даўно вядома, што гэты вірус, патрапіўшы на тэрыторыю Беларусі, робіцца надзвычай дысцыплінаваным. Некаторыя рубяжы для яго былі табу, якое пераадольваць ён амаль ніколі не наважваўся. Падчас першай хвалі гэта была планка ў 1000 захварэлых штодзень, падчас наступных — 2000.

І гэта ніяк, як правіла, не залежала ні ад штамаў віруса, ні ад сітуацыі ў суседніх краінах і ўвогуле ў свеце, ні ад прафілактычных і абмежавальных захадаў, якія рабілі дзяржаўныя ўлады і медыцынскія ўстановы. У межах гэтай планкі вірус мог гуляць, але наблізіўшыся да яе адразу сцішваў свой імпэт.

Сітуацыя змянілася з 28 студзеня. У гэты дзень у Мінздароўя быў зарэгістраваны 2 221 пацыент з COVID-19, 29 студзеня — 2302, 30 студзеня — 2387. 31 студзеня, праўда, адбылося адступленне за запаветную мяжу — 1914 выпадкаў, на наступны дзень — 1918. Здавалася, усё вяртаецца ў звыклую каляіну. І тут раптам у сераду, 2 лютага — 3634 захварэлыя, у чацвер — 4990, а сёння — ашаламляльныя 7350.

Вядома, у параўнанні з іншымі краінамі і гэта няшмат. У амаль у чатыры разы меншай па колькасці насельніцтва Літве ўчора было зафіксавана 12607 новых выпадкаў, а сярэдняя колькасць за апошнія 7 дзён — 10669. У Латвіі — 9831, а сярэдняя колькасць за тыдзень — 8345. Прытым у іх таксама ў апошнія дні адбываецца відавочны рост.

У нас, аднак, звяртае на сябе ўвагу адсутнасць на такое рэзкае ўзрастанне захворвальнасці па афіцыйных звестках нейкай істотнай рэакцыі з боку дзяржавы. А гэта ж не жарты — усяго за тры дні колькасць захварэлых на заразную хваробу павялічылася амаль у 4 разы!

Такі рэзкі і выбуховы рост захворвальнасці на фоне ранейшай стабільнасці мусіў бы, па ідэі, выклікаць нейкую занепакоенасць чыноўнікаў, што знайшло б увасабленне прынамсі ва ўзмацненні супрацьэпідэмічных абмежавальных захадаў. Прынамсі, да вяртання таго ж абавязковага масачнага рэжыму ў грамадскіх месцах. Але пакуль што зверху — цішыня. Толькі Мінздароўя нешта рэкамендуе, напрыклад, адмяніць вечары сустрэчы выпускнікоў. Ды заклікае захоўваць спакой — маўляў, нічога страшнага, усё пад кантролем, мы так і думалі, так і прагназавалі.

З аднаго боку, гэта сведчыць пра тое, што афіцыйныя органы, у прынцыпе, добра ведаюць цану сваёй статыстыцы — што яна адлюстроўвае не рэальную сітуацыю, а хутчэй іхнія пажаданні. Так гэтую статыстыку даўно ўспрымае і большасць нашага грамадства, і сусветная супольнасць — надта ўжо яскрава яна супярэчыць і таму, што бачыцца на свае вочы ўсярэдзіне краіны, і супастаўленню з сітуацыяй у цэлым у рэгіёне.

З другога боку, гледзячы на новыя лічбы, узнікае лагічнае пытанне:

чаму афіцыйную статыстыку менавіта цяпер выпусцілі з-пад кантролю ці, хутчэй, вышэй перанеслі яе максімальна дапушчальную планку? Прытым не проста крыху вышэй, а значна вышэй, і прытым фактычна аднамомантна?

Ведаючы, хто і як у нашай краіне прымае прынцыповыя рашэнні (а гэта рашэнне — прынцыповае), цяжка паверыць у тое, што тут магло самастойна нешта вырашаць само Мінздароўя. Верагодна, куды больш сур’ёзныя афіцыйныя лічбы камусьці моцна і неадкладна спатрэбіліся на самым версе. І для гэтага нават рызыкнулі прынамсі часткова ахвяраваць афіцыйна будаваным вобразам фенаменальнай краіны, дзе з каранавірусам няма асаблівых праблем і вынайдзены свой асаблівы ўнікальны шлях па барацьбе з ім.

Найперш, канешне, ёсць спакуса звязаць гэтае нечаканае статыстычнае расцуглянне з палітычнай кампаніяй, якая цяпер адбываецца — падрыхтоўкай да рэферэндуму па новай канстытуцыі, прызначанага на 27 лютага.

Вядома, што пры агульным дэманстратыўна наплявальніцкім стаўленні да каранавіруса ўлады ахвотна выкарыстоўваюць ягоны фактар у тых выпадках, калі пры яго дапамозе ёсць магчымасць абмежаваць палітычныя правы грамадзян.

Ужо падчас гэтай кампаніі абвешчана, што менавіта «з-за пагрозы каранавіруса» ў выбарчых кабінках не будзе фіранак, то-бок прынамсі абмяжоўваецца, калі не ўвогуле скасоўваецца таемнасць галасавання. Быў названы каранавірус сярод прычын і пры аргументацыі рашэння аб пазбаўленні права на галасаванне шматлікай беларускай дыяспары. Зноў такі нібыта з-за яго, як і ў 2020 годзе, абмяжоўваецца колькасць назіральнікаў на ўчастках.

Якія абмежаванні можна яшчэ прыдумаць, ківаючы на каранавірус? Здаецца, усё і так ужо зачышчана больш няма куды.

Але можна гіпатэтычна дапусціць, што пад гэту марку ўлады будуць яшчэ больш актыўна, чым раней, ладзіць працэс датэрміновага галасавання, каб прагнаць праз яго як мага большую частку насельніцтва. І выстаўляць свае мэты як выключна шляхетныя.

Маўляў, каб не было скапленняў на ўчастках 27-га чысла і адпаведна рызыкі распаўсюджвання захворвання, трэба расцягнуць працэс на некалькі дзён і зрабіць усё «максімальна бяспечна». Нездарма і старшыня ЦВК Ігар Карпенка акурат сёння спрагназаваў, што датэрміновая яўка будзе 40% (падобная да той, якая была ў 2020-м). Такія прагнозы ў нашых умовах заўсёды збываюцца.

Ну і яшчэ нешта можна прыдумаць зноў такі пад той жа маркай, каб не ўтвараліся чэргі на ўчастках у дзень рэферэндуму, калі на заклік Ціханоўскай і іншых дэмакратычных лідараў людзі раптам масава пойдуць ставіць два крыжыкі ці праяўляць іншыя формы маўклівага пратэсту. Што менавіта, сказаць пакуль цяжка. Але міністр замежных спраў Літвы Ландсбергіс нядаўна цалкам слушна дасціпна сказаў, што «спадару Аляксандру вынаходлівасці не пазычаць».

У той жа час версія, што ўсё гэта робіцца для таго, каб ківаючы на разгул каранавіруса ўвогуле рэферэндум адмяніць ці перанесці на іншы тэрмін, наўрад ці мае права на існаванне.

Вядома, рэферэндум гэты Лукашэнку не патрэбен і ён яго праводзіць насуперак уласнаму жаданню, бо так склаліся абставіны. Але адмяніць яго — значыць паказаць слабасць і страх, да чаго ён вельмі неахвотны.

Што да пераносу, то які ў гэтым сэнс увогуле? Непрыемныя справы, асабліва якія ўжо пачаў рабіць, лепш заканчваць як мага хутчэй і пакуль сітуацыя спрыяе.

Пакуль што ўсё ў прынцыпе ідзе паводле плану і калі ў лютым раптам не прыляціць нейкі нікім не прагназаваны чорны лебедзь, то гэтая кампанія мусіць завяршыцца для Лукашэнкі без асаблівых нечаканасцяў. І тым самым яму можна будзе гэты непрыемны, верагодна навязаны звонку груз нарэшце скінуць з плячэй.

А якая сітуацыя будзе пазней, калі некуды перанясеш хоць ненадоўга — ніхто не ведае. Свежы прыклад Назарбаева, для якога ўсё змянілася ў лічаныя дні, хоць нішто нібыта не прарочыла — навідавоку.

Зрэшты, часу да галасавання застаецца ўсё менш, а значыць наколькі нашы разважанні тут маюць глебу, даведаемся ўжо неўзабаве. Практыка паказвае, што выпадкова, без нейкіх патаемных намераў такія рэчы ў нас не адбываюцца. І слаба верыцца ў тое, што нейкія прынцыповыя рашэнні цяпер могуць прымацца на карысць грамадства, а не ўлады.

Чытайце таксама: 

Чаму так рэзка вырасла колькасць выпадкаў каранавіруса? Вось што адказалі ў Мінздароўя

Выбарчых участкаў за мяжой падчас рэферэндуму не будзе. Мала людзей, каранавірус, «тэрарыстычныя пагрозы»…

«Заклікаю не панікаваць», — міністр Піневіч пра сітуацыю з каранавірусам у краіне

Фіранак у выбарчых кабінках на рэферэндуме не будзе

Каментары

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне

Усе навіны →
Усе навіны

Спецпасланнікам па Украіне Трамп хоча зрабіць былога начальніка разведкі

Памёр расійскі прапагандыст Скот Бенет. Сіманьян лічыць, што яго маглі забіць7

Праваабаронцы: Палітвязняў прымушаюць пісаць прашэнні аб памілаванні

Магілёўскую і Гомельскую вобласці замяло снегам ФОТЫ

Адрасы рэдакцый і любімая кавярня Купалы. Гід па віленскіх месцах «Нашай Нівы» ШМАТ ФОТА9

Б'ёрндален адмаўляецца ад працы трэнерам, каб быць больш з сям'ёй4

Падпісанне міру з Украінай «заўтра» падтрымалі б 79% расіян3

Дзмітрый Мядзведзеў назваў умову спынення вайны ва Украіне5

У Ашмянах сёння было мінус 8,8°С2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне

Галоўнае
Усе навіны →