Эксперты па кібербяспецы: Беларусь супрацоўнічае з хакерамі і вядзе падрыўную дзейнасць супраць краін NATO
Амерыканская кампанія па кібербяспецы Mandiant выпусціла справаздачу, у якой сведчыць: беларускі ўрад супрацоўнічае з хакерскімі суполкамі і экспертамі па дэзінфармацыі.
Згодна з дакументам, на працягу некалькіх гадоў Беларусь прымае ўдзел у варожых дзеяннях, накіраваных супраць яе суседзяў-чальцоў NATO. Непасрэдна гэтым займаецца хакерская групіроўка пад назвай UNC1151, і эксперты лічаць, што, вельмі верагодна, яе кіраўніцтва ажыццяўляецца з Мінска, піша Sky News.
Што прывяло іх да такіх высноваў? Эксперты спасылаюцца на шматлікія крыніцы, што пацвярджаюць сувязь паміж хакерамі і беларускімі ваеннымі, а таксама на пакінутыя хакерамі лічбавыя сляды. Але ж Mandiant не тлумачыць, чаму яны прыйшлі да высновы, што хакеры звязаныя з беларускім урадам, і не раскрывае сутнасці сваіх крыніц.
Адзін з элементаў працы групіроўкі — кампанія па дэзінфармацыі ў рамках кібераперацыі Ghostwriter, якая праводзіцца некалькі гадоў. Раней эксперты звязвалі яе дзейнасць з Расіяй.
Да выбараў 2020 года кампанія ў асноўным была прысвечаная распаўсюду гісторый адмоўнага характара пра прысутнасць NATO ў суседніх з Беларуссю краінах. Людзям распавядалі ілжывую інфармацыю, напрыклад, пра разгортванне ў тых краінах ядзернай зброі, ці пра тое, як войскі NATO здзяйсняюць злачынствы ці распаўсюджваюць кавід.
Аднак пасля выбараў кампанія па дэзінфармацыі набыла іншы характар. Як сведчыць Mandiant, цяпер яе ўдзельнікі сталі абвінавачваць заходнія ўрады ў карупцыі. Асабліва гэта датычылася ўрадаў Літвы і Польшчы, што строга асудзілі пераслед мірных дэманстрантаў у Беларусі.
Мэтай дэзінфармацыі было стварыць напружанне ў адносінах паміж Польшчай і Літвой, а таксама дыскрэдытыраваць беларускую апазіцыю.
Бенджамін Рыд, кіраўнік аднаго з падраздзяленняў Mandiant, прывёў прыклад дэзінфармацыі, з якой сутыкнуўся падчас расследавання. Згодна з ім, удзельнікі кампаніі склалі гісторыю пра польскага святара, якога нібыта забіў мігрант з Ірака. Гэты мігрант раней быў у Літве, але здолеў трапіць у Польшчу. На самой справе святар быў жывы. Аднак гэта далёка не адзіная негатыўная гісторыя пра мігрантаў, што аказалася ілжывай. Удзельнікі кампаніі склалі на польскай мове шмат такіх гісторый.
Хакеры супраць дысідэнтаў
Mandiant таксама распавядае ў справаздачы, што беларускія дысідэнты, медыя і журналісты аказаліся сярод ахвяр кампаніі па кібершпіянажы. Згодна з экспертамі, хакеры стваралі спецыяльныя дамены, праз якія кралі паролі людзей і потым уваходзілі ў іх электронную пошту. Іншых падрабязнасцей не прыводзіцца.
Аднак не толькі беларусы аказаліся цэлямі хакераў. Таксама пад удар трапілі дзяржаўныя і прыватныя ўстановы ў Літве, Латвіі, Украіне, Польшчы і Германіі.
Як сведчыць Бенджамін Рыд, лепшы спосаб абараніцца ад такіх нападаў — выкарыстанне ў месэнджэрах і сацсетках двухфактарнай аўтэнтыфікацыі. Таксама варта своечасова звяртаць увагу на паведамленні пра тое, што ў ваш акаўнт здзейснены ўваход і вам трэба памяняць пароль.
Каментары