Ілгаць не харам? Каранавірус у Беларусь прыйшоў з краіны, якая хавала яго наяўнасць
Першы выпадак каранавіруса ў Беларусі выяўлены ў студэнта з Ірана. Не выпадкова. Вельмі магчыма, што тэакратычны рэжым Ірана доўгі час прыхоўваў сітуацыю з каранавірусам.
Рэч у тым, што ў Іране адбываліся парламенцкія выбары — калі можна назваць выбарамі працэдуру, пры якой улады, мулы адсейваюць кандыдатаў па сваім жаданні. І ўлады баяліся за яўку выбарцаў (лагічна).
У выніку першага хворага на каранавірус іранца выявілі, калі ён прыбыў у Канаду. Толькі пасля гэтага ўлады Ірана абвесцілі пра наяўнасць хворых у святым для шыітаў горадзе Кум.
Мяркуецца, што інфекцыю туды прывёз гандляр-чаўнок, які часта бываў ва Ухані (Кітай), дзе адбылася першая ўспышка.
Тры дні таму заражаных, якія прыехалі з Ірана, выявілі ва ўсіх суседніх з ім краінах. Тым часам улады Ірана ўсё яшчэ заяўлялі толькі пра 145 інфікаваных і 16 памерлых. Немагчымая прапорцыя: ад каранавіруса на сёння памірае каля 2% людзей.
Тым часам дэпутат парламента ад Кума тыя самыя тры дні таму заявіў, што ў гэтым горадзе ад віруснай пнеўманіі памерлі як мінімум 50 чалавек, што азначае наяўнасць тысяч заражэнняў.
Пра сапраўдны маштаб эпідэміі ў Іране сведчыць той факт, што там захварэлі віцэ-прэзідэнтка краіны, а таксама намеснік міністра аховы здароўя і два дэпутаты парламента.
Чытайце таксама: Забаронена не значыць нельга. Як жыве Іран — неліберальная, але плюралістычная дзяржава
Большасць суседніх краін спынілі авіяспалучэнне з Іранам.
Студэнт з Ірана прыляцеў у Беларусь праз Баку.
«Рэлігійнасць» іранскага рэжыму не перашкодзіла яму некалькі дзён маніць пра збіццё ўкраінскага самалёта на падлёце да Тэгерана — загінулі 170 грамадзян, пераважна самога Ірана. Як выявілася, дыктатарскаму рэжыму не харам ілгаць і пра смяротную хваробу.
Каментары