Як алкагалізм і дэпрэсію лечаць «чароўнымі грыбамі» і ЛСД
Амэрыканец Майкл Полан піша пра гэта ў сваёй кнізе «Як зьмяніць свой розум: Якія ўрокі пра сьвядомасьць, паміраньне, залежнасьць, дэпрэсію і трансцэндэнтнасьць нам даюць новыя дасьледаваньні псыхадэлікаў», паведамляе Радыё Свабода.
Амэрыканскі публіцыст Майкл Полан стаў знакамітым, дзякуючы сваім кнігам пра харчаваньне. Ягоная «Дылема ўсяяднага» трапіла ў шматлікія рэйтынгі папулярнасьці, а брытанскае выданьне The Guardian сёлета паставіла яе ў сьпіс 100 найлепшых кніг 21-га стагодзьдзя.
Але апошняя ягоная кніга не зусім пра ежу — хоць ладная яе частка прысьвечана грыбам. Полан вывучаў тое, як сучасныя навукоўцы выкарыстоўваюць псыхадэлічныя рэчывы, — ЛСД і псыляцыбін — каб дапамагчы сьмяротна хворым на рак, а таксама пацыентам, якія пакутуюць ад дэпрэсіі, залежнасьцяў і трывожных разладаў.
Акрамя цяперашніх дасьледчыкаў, Полан гутарыў з мноствам людзей, якія займаліся навуковым вывучэньнем псыхадэлікаў яшчэ ў 50-я і 60-я гады мінулага стагодзьдзя. Ён паспрабаваў адказаць на пытаньне, чаму, нягледзячы на даволі пасьпяховыя вынікі ў экспэрымэнтах і тэрапіі, гэтыя рэчывы на доўгі час трапілі пад татальную забарону, нават у лябараторыях.
І ўрэшце да кнігі дадаўся вельмі асабісты разьдзел — аўтар, якому было ўжо за 50, вырашыў атрымаць новы досьвед і дасьледаваць узьдзеяньне псыхадэлікаў на сабе.
Як псыхадэлікі ўзьдзейнічаюць на мозг чалавека?
І ЛСД, і псыляцыбін, які ўтрымліваецца ў некаторых грыбах, структурай нагадваюць нэўрамэдыятар сэратанін, які натуральным чынам выпрацоўваецца ў арганізьме чалавека. ЛСД можа ствараць нават мацнейшыя, чым сэратанін, сувязі зь некаторымі рэцэптарамі ў кары галаўнога мозгу.
Дасьледнікі з Імпэрскага каледжу Лёндану сканавалі мозг удзельнікаў экспэрымэнту, якія прымалі дозу псыляцыбіну. Яны пабачылі, што ў тых, верагодна, актывізуюцца новыя нэўронныя сувязі, але пры гэтым зьніжаецца актыўнасьць так званай сеткі пасіўнага рэжыму працы мозгу (default mode network, DMN).
Навукоўцы вылучылі гіпотэзу, што менавіта DMN фільтруе большую частку інфармацыі, якая трапляе ў мозг. Гэтая сетка дапамагае рабіць эфэктыўныя прадказаньні зь мінімальнай інфармацыі, выкарыстоўваючы ранейшы досьвед.
Такая здольнасьць аўтаматычна выбудоўваць прадказальнае цэлае з кавалачка часам падманвае чалавека. Да прыкладу, у візуальным экспэрымэнце большасьць людзей схільныя бачыць нават увагнутую маску як выпуклы твар.
Паводле дасьледнікаў, на псыхалягічным узроўні DMN можна ў нейкай ступені атаясамліваць з такімі канцэпцыямі як «эга» і «я».
Зьніжэньне актыўнасьці DMN дапамагае адключыць фільтры і на некаторы час вярнуць мозг у «дзіцячы» стан, калі ўспрымаецца больш «сырой» інфармацыі. А новыя нэўронныя сувязі ствараюць нечаканыя эфэкты — у тым ліку сынэстэзію, калі колеры робяцца гукамі, а гук можа ўспрымацца як дотык.
Каму могуць дапамагчы псыхадэлікі?
ЛСД і псыляцыбін небясьпечныя для людзей са схільнасьцю да шызафрэніі і псыхозу, бо на нейкі час разбураюць структуру асобы. Але такое часовае разбурэньне можа прынесьці нечакана пазытыўныя вынікі, калі ў чалавека выпрацаваліся ўстойлівыя схемы дэструктыўных думак і паводзінаў.
Яшчэ ў 1950-я гады ў канадзкай правінцыі Саскачэван стварылі пасьпяховую праграму лекаваньня алькаголікаў з дапамогай ЛСД. Падобныя экспэрымэнты праводзіліся і ў ЗША, а адзін з заснавальнікаў таварыства «Ананімныя алькаголікі» Біл Ўілсан прапаноўваў выкарыстоўваць ЛСД-тэрапію, каб дапамагчы людзям пазбавіцца ад алькагольнай залежнасьці.
Мэтааналіз шасьці дасьледаваньняў з 1960-х і 1970-х у ЗША і Эўропе, праведзены ў 2012 годзе навукоўцамі Нарвэскага ўнівэрсытэту навукі і тэхналёгіі, паказаў што аднаразовае ўжываньне ЛСД у кантэксьце тагачасных праграм лекаваньня алькагалізму давала статыстычна значны пазытыўны эфэкт.
Але ў 1960-я ЛСД зрабілася папулярным наркотыкам і прыцягнула ўвагу мэдыяў як атрыбут контаркультуры і грамадзкага непадпарадкаваньня. У выніку ў 1970 годзе ў Злучаных Штатах ЛСД унесьлі ў «Сьпіс 1». Гэта сьпіс рэчываў, якія маюць вялікі патэнцыял для злоўжываньня, ня маюць агульнапрынятага мэдычнага выкарыстаньня і небясьпечныя нават для прыёму пад мэдычным назіраньнем.
Толькі ў апошнія гады аднавіліся акадэмічныя і мэдычныя дасьледаваньні псыхадэлікаў. Сучасныя навукоўцы разумеюць, што іх эфэкт залежыць ня толькі ад хімічнай структуры, але і ад чаканьняў чалавека, а таксама ад сытуацыі, у якой прымаецца рэчыва. У цяперашніх экспэрымэнтах часьцей выкарыстоўваецца псыляцыбін, бо сярод шырокай публікі ён ня мае настолькі небясьпечнай рэпутацыі як ЛСД.
Экспэрымэнтальныя праграмы Нью-Ёрскага ўнівэрсытэту і Ўнівэрсытэту Джонса Гопкінса ў ЗША паказалі, што аднаразовая доза псыляцыбіну дапамагае сьмяротна хворым на рак пазбавіцца ад дэпрэсіі на доўгі час — у 80 працэнтах выпадкаў паляпшэньне захоўвалася больш за 6 месяцаў. Ніводны сучасны антыдэпрэсант ня мае падобнай эфэктыўнасьці.
Ва Ўнівэрсытэце Нью-Мэксыка правялі невялікае пілётнае дасьледаваньне лекаваньня алькагалізму псыляцэбінам у спалучэньні з сэансамі псыхатэрапіі. Сама па сабе псыхатэрапія амаль не давала ніякага выніку. Але пасьля аднаразовага прыёму псыляцэбіну ў наступныя 8 месяцаў назіралася заўважнае паляпшэньне.
У кантраляваных мэдычных экспэрымэнтах удзельнікі часта расказваюць пра свой досьвед у тэрмінах, якімі рэлігійныя містыкі апісваюць перажываньні еднасьці з сусьветам, з боскай прысутнасьцю. У выніку такі досьвед можа спрыяць зьменам у стаўленьні чалавека да жыцьця.
Вось што кажа ў кнізе Мэт’ю Джонсан, псыхоляг з амэрыканскага Ўнівэрсытэту Джонса Гопкінса:
«Так шмат чалавечых пакутаў паходзіць з наяўнасьці гэтага «я», якое трэба псыхалягічна абараняць любым коштам. Мы ў пастцы гісторыі, дзе бачым сябе незалежнымі, ізаляванымі дзеячамі ў сьвеце. Але гэтае «я» — ілюзія. Яна можа быць карыснай ілюзіяй, калі мы скачам з дрэва на дрэва, зьбягаем ад гепарда ці запаўняем падатковую дэклярацыю. Але на сыстэмным узроўні яна непраўдзівая».
«Псыхадэлікі выбіваюць глебу з-пад ног гэтай мадэлі. Гэта можа быць небясьпечным у неадпаведных абставінах, і прывесьці да кашмарных трыпаў (псыхалягічных перажываньняў пад ўзьдзеяньнем наркотыкаў) ці да нечага горшага. Але ў правільным атачэньні, дзе вашая бясьпека гарантаваная, гэта можа стаць добрым умяшаньнем, каб разабрацца зь некаторымі праблемамі асобы».
Каментары