Прадстаўніца арганізацыі «Грамадзянская згода» Эльвіра Мірсалімава выказалася за ўсталяванне ў нашай краіне помнікаў Сталіну.
«У 2014 годзе ў Віцебску пад апладысменты нацыяналістаў-паўпалякаў, змагароў з савецкім мінулым і адкрытых русафобаў усталявалі конную статую Альгерду. Затым на Гарадзеншчыне — статуя, прысвечаная Вітаўту. Вось нядаўна ў Лідзе пад пошугі БЧБ-шных і дзяржаўных сцягоў адкрылі чарговы помнік дзеячу ВКЛ — Гедыміну.
У Навагрудку збіраюцца паставіць помнік Міндоўгу. Выдатна! Давайце яшчэ ўсталюем Кястуцісу, Вітаўтаса, (хто там яшчэ застаўся?) Швітрыгайле… Усталяваны помнік Касцюшку ў Косава. Ёсць помнік Каліноўскаму. На Гарадзеншчыне збіраюцца ўвекавечыць паляка Стэфана Баторыя…», — абураецца Мірсалімава.
Ясная справа, што гэтых гістарычных асобаў яна лічыць чужымі для беларускай гісторыі. Іншая справа Аляксандр Неўскі, помнік якому ёсць у Віцебску. Цікава, што Мірсалімава называе Баторыя палякам, але ён нават не валодаў польскай мовай.
«Пара ставіць помнікі Сталіну! Для баланса, каб выправіць перакос», — падсумоўвае яна.
Эльвіра Мірсалімава — віцебская прадстаўніца «рускага свету». Яна з’яўляецца арганізатаркай «Бессмяротнага палка» ў Віцебску. Таксама Эльвіра бярэ ўдзел у цьмяных арганізацыях накшталт руху «Саюз», які заснаваў расійскі палітык-аўтсайдар Сяргей Бабурын. Яна заяўляе, што «нацыянальная ідэя беларусаў — быць рускімі» і што «нацыяналісты цкуюць родную мову беларусаў рускую».
Сёлета Эльвіра Мірсалімава вырашыла вылучыцца кандыдатам у дэпутаты ад Партыі працы і справядлівасці, якую ўзначальвае Васіль Задняпранны. Пакуль прозвішча Мірсалімавай няма сярод зарэгістраваных ініцыятыўных груп.
Каментары