Правайдар Unet.by прайграў суд супраць NN.BY.
Перамогай «Нашай Нівы» завяршыўся судовы разгляд, які цягнуўся амаль пяць месяцаў. Нагодай для пазову стаў артыкул «Піяршчык правайдара Unet.by: Мы гастарбайтары, не разумеем вашай мовы». У ім адзін з чытачоў расказаў журналісту НН гісторыю канфлікту са сваім інтэрнэт-правайдарам. Ён звярнуўся ва Unet.by пасля таго, як заўважыў, што забаронены Міністэрствам інфармацыі ксенафобскі расійскі сайт «Спутнік і погром» па-ранейшаму адчыняецца ў яго на камп’ютары.
ТАА «Аб’яднаныя сеткі», якому належыць Unet.by, палічыла, што артыкул НН закранае яго дзелавую рэпутацыю, і праз суд запатрабавала зняць артыкул, прынесці прабачэнні і апублікаваць абвяржэнне.
Мы былі абсалютна пэўныя ў праўдзівасці інфармацыі, яе адпаведнасці нормам журналісцкай этыкі і заканадаўству Беларусі. Таму здымаць артыкул і нагаворваць на сябе не бачылі падставаў. Але, каб ашчадзіць час і сродкі, на ўсіх этапах працэсу прапаноўвалі пазоўніку памірыцца і апублікаваць на nn.by артыкул, у якім выказваўся б яго пункт гледжання на сітуацыю.
Інтарэсы «НН» абараняў адвакат Сяргей Зікрацкі. У часе аж пяці пасяджэнняў былі дапытаныя сведкі — хлопец, які перапісваўся з правайдарам, тэхнічныя спецыялісты «Аб’яднаных сетак», якія спрабавалі давесці, што «Спутнік і погром» быў заблакаваны. Каб прааналізаваць публікацыю НН, суд прыцягнуў экспертаў з Інстытута журналістыкі і філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта — і яны не знайшлі ў ёй парушэнняў.
Суддзя Эканамічнага суда Мінска Таццяна Міхайлава пастанавіла адмовіць «Аб'яднаным сеткам» ў пазове супраць «НН». І пасля прайгранай 7 снежня апеляцыі рашэнне набыло законную сілу. Немалаважна і тое, што суд запатрабаваў спагнаць з пазоўніка 625 рублёў судовых выдаткаў на карысць Рэдакцыі.
Для нас гэта прынцыповая перамога. СМІ павінны мець права гаварыць праўду, нават тады калі яна камусьці непрыемная.
Каментары