У мясцовым Доме культуры вырашылі, што спявак больш ніколі не выступіць на іх сцэне. Праўда, прычыны не ідэалагічныя, а камерцыйныя. У ДК кажуць, што Каліна «кінуў» іх.
«Была справа: Каліна проста не з'явіўся на канцэрт і нікога не папярэдзіў. Нават яго адміністратар не ведаў, што адбываецца! — распавяла «Нашай Ніве» Алена Анатольеўна, дырэктарка Дома культуры. — Пасля мы ў інтэрнэце чыталі, што ў той жа вечар дзень народзінаў жонкі Каліны адзначалі недзе ў Маскве. Можа, там ён і быў — ва ўсякім выпадку, дакладна, што не ў нас».
Пасля Дом культуры вярнуў грошы за квіткі гледачам і вырашыў больш не супрацоўнічаць з артыстам.
«Любы ДК працуе па наступнай сістэме: 80% грошай за квіткі артысту, 20% — застаюцца ва ўстанове. Мы, канечне, вярнулі людзям грошы за квіткі, але яны ўсё роўна вельмі абураліся, — сказала Алена Анатольеўна. — Пазней Каліна звяртаўся да нас, але мы адмовіліся».
Хто канкрэтна сказаў апошняе слова і пажыццёва забаніў спевака — мясцовыя чыноўнікі ці сама яна, — дырэктарка вырашыла не агучваць.
Той злашчасны канцэрт мусіў адбыцца ў 2011 годзе. Мясцовая прэса пісала пра яго: спачатку канцэрт затрымліваўся, пасля музыкі ўсё ж прыехалі. Але замест «шансанье» выступаў зусім іншы музыка. Расчараваныя людзі сыходзілі з залі.
Пазней высветлілася, што замест Пружанаў Каліна выступаў на дні народзінаў у жонкі расійскага «шансанье» Славы Мядзяніка ў клубе апошняга.
Пасля гэтага за апошнія 7 гадоў Каліна выступаў у Пружанах толькі аднойчы. Сам ён неаднаразова абураўся «банам», накладзеным на свае выступы, назваўшы гэта «злачынствам, якое варта расследаваць».
Каментары