Скандальны плэйбой-журналіст пакараны судом і адпраўлены на папраўчыя працы ў дзіцячы садок. Ягонаю прыдзірлівай кіраўнічкай становіцца даўняя знаёмая – грымза ў акулярах – зь якой ён кпіў у дзяцінстве. Каханьне непазьбежнае…
Карціна “Прыгажунчык” (у ангельскім варыянце – “Трус бяз вушаў”) – тонкая і чульлівая камэдыйная мэлядрама з дасьціпна-рызыкоўнымі дыялёгамі.
Актор і рэжысэр Ціль Швайгер, які на гэтай стужцы таксама быў сцэнарыстам, любіць вобразы мужных герояў, якія выпрабоўваюцца на спачуваньне й чалавечнасьць. Хворы ўцякач, які зьдзяйсьняе апошнія мары (“Дагрукацца да нябёсаў”), недарэка, які клапоціцца пра бажавольную дзяўчынку (“Басанож па маставой”) – сваякі глямурнага журналіста.
У гэтым фільме чалавечае сэрца пазбаўляецца ад сьвецкага тлуму й уцякае ад бязладных сэксуальных прыгодаў. Напаўголены Швайгер бухаецца ў торт на заручынах Клічко, спакушае самотную даму і абмяркоўвае эратычную тэхніку з выхавальніцамі-каляжанкамі. (Шакаваны дзяржаўны рэгістар паставіў стужцы абмежаваньне ў 18 гадоў.)
Але за рызыкоўнымі сытуацыямі – датклівасьць і людзкая самота , калі гераіня (Нора Шчырнэр) вучыць перад люстэркам прызнаньне ў каханьні, а гуляка-герой зьбянтэжана паўтарае рэплікі порнафільму (цікава, што Швайгер пачынаў кар’еру з агучкі дарослых стужак).
Дарэчы, чатыры дзіцёнкі Швайгера таксама здымаліся ў карціне – і гэта надало ёй шчэ большую цеплыню.
Каханьне сёньня загрувашчанае цынічна-моднымі іміджамі й скандальна-паказной сэксуальнасьцю. Але Швайгер не баіцца сьцьвярджаць ціхую праўду сэрца.
Фільм ідзе ў менскіх кінатэатрах.
Каментары