Каму выгодна варушыць муміі?
Папулярны брэнд мусіць быць скарыстаны напоўніцу.
Уладалюбны кітайскі імпэратар, які прагнуў неўміручасьці, быў разам з арміяй зачараваны пакрыўджанай ведзьмай. Праз тысячагодзьдзі няўрымсьлівая сямейка Конэлаў абудзіла мумію імпэратара і ягоных гліняных ваяроў. Цяпер імпэратар прагне заваяваць увесь сьвет – і толькі дасьведчаныя змагары з муміямі здольныя яго спыніць…
Першы раз парэшткі муміі былі патрывожаныя ў 1932 годзе, калі Барыс Карлаф сыграў бесьсьмяротнага фараона. Да сярэдзіны саракавых студыя “Юнівэрсал” стрыгла купоны са сьвежай кашмарнай тэмы. Пад канец пяцідзесятых на муміях зарабляла грошы брытанская кампанія “Хамэр” – але і ейны імпэт ня быў вечным.
У 1999 годзе галівудзкі рэжысэр Стывэн Сомэрз вярнуў мумію ў шырокі пракат. Старахалюдная істота мела ашаламляльны посьпех, дзякуючы выбітным адмысловым эфэктам і дасьціпнаму гумару, які рабіў стужку прыдатнай для ўсёй сям’і.
“Мумія: грабніца імпэратара цмокаў” – гэта трэцяя сэрыя апошніх прыгодаў (у 2002 годзе “Мумія вярталася”).
Як і мае быць са стамлёнымі гандлёвымі працягамі – кітайская мумія адрозьніваецца ад папярэдніцаў у горшы бок. Кудысьці зьнік фірмовы гумар. Адмысловыя эфэкты – звычайныя, галівудзкія – гэта значыць з маштабам, але без аганьку (калі не лічыць падпаленага азадку аднаго недарэкі). Б’юцца паміж сабой арміі мерцьвякоў, археолягі на машынах ганяюцца за жывымі муміямі.Імпэратар кідаецца шаравымі маланкамі і пераўтвараецца ў трохгаловага цмока, ласага да маладзенькіх дзяўчат.
Мужныя героі пад аховай калматых сьнежных людзей расстрэльваюць варажнечу, заводзяць амуры зь бесьсьмяротнымі фэямі і ванітуюць у самалёце, які ледзьве не развальваецца ў паветры.
Для кітайцаў карціна – абраза, бо амэрыканцы зьдзекуюцца зь першага тамтэйшага імпэратара Цы Шынь Хуандзі. Для сусьветнай папкорнавай публікі – лёгкая забаўка ў сьпякотны жнівеньскі дзень.
Брэнд муміі мусіць быць скарыстаны напоўніцу.
Каментары