Віктар Каліна накінуўся з мацюкамі на каментатараў, якія абурыліся яго гастролямі па Беларусі
У маладзечанскім Палацы культуры выступ беларускага шансанье і ардэнаносца «ДНР» Віктара Каліны запланаваны на 17 сакавіка. Каб падагрэць цікавасць аўдыторыі, арганізатары канцэрта вырашылі напярэдадні разыграць запрашальнік у сваёй суполцы. Маўляў, напішыце ў каментарах свой парадкавы нумар і спадзявайцеся на ўдачу. Маладзечанцы абурыліся ганебнай, на іх думку, ідэяй запрасіць на сцэну Каліну.
«Мне сорамна за наш Палац культуры», «Якая ганьба!», «Калі ўжо гэта скончыцца?! Няўжо ў нас у краіне няма годных артыстаў?!», — бязлітасныя да Каліны каментатары.
Убачыўшы агульны настрой, Палац культуры паспрабаваў знізіць градус абмеркавання, але безвынікова.
Сёння, 3 сакавіка, у абмеркаванне ўключыўся і сам Каліна. Ён не пашкадаваў часу на тое, каб адказаць кожнаму і параіць, што рабіць і куды ісці.
Праўда, хутка самыя жорсткія выказванні са стужкі пачалі знікаць, а сам Каліна пакінуў дзіўнаваты допіс: «Выбачайце! Пакуль я за Віктара Уладзіміравіча, яго адмін». Таму не зразумела, ці то гэта сам Каліна выказаўся, ці то яго прадстаўнік праявіў ініцыятыву.
Каментары