У Гомельскім раёне 15 кастрычніка непадалёк ад пасёлка Прыбар у лясным масіве знойдзены труп зніклага раней грыбніка.
Як паведамілі ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гомельскага аблвыканкама, труп мужчыны 1959 года нараджэння, жыхара Гомеля, быў знойдзены без бачных прыкмет гвалтоўнай смерці. Мужчына пайшоў у грыбы 8 кастрычніка. Калі ён не вярнуўся дадому, жонка не занепакоілася, бо каля лесу ў сям'і ёсць дача, і жонка вырашыла, што гамяльчанін застаўся там. Яна тэлефанавала мужу, але той не здымаў трубку. Толькі 13 кастрычніка жанчына звярнулася ў міліцыю.
Органы ўнутраных спраў нагадваюць грамадзянам, што звяртацца ў міліцыю ў выпадку знікнення сваякоў трэба як мага раней, а не чакаць трох-пяці сутак.
Цяпер у Жыткавіцкім раёне шукаюць мужчыну 1949 года нараджэння, жыхара Мазыра. Ён 10 кастрычніка прыехаў да сваякоў і пайшоў у лес па журавіны, без тэлефона. Жонка звярнулася ў міліцыю 14 кастрычніка. Пошукі мужчыны абцяжараныя тым, што знік ён у балоцістай мясцовасці.
Каментары