«Жалезны чалавек»
Мільярдэр і плэйбой Тоні Старк, які гандлюе зброяй, трапляе ў палон да маджахедаў. Тэрарысты патрабуюць, каб амэрыканец зрабіў ім ракеты. Але замест гэтага герой стварае баявы жалезны касьцюм, з дапамогай якога й уцякае. Аблічча жалезнага чалавека настолькі прыйшлося даспадобы эксцэнтрычнаму гандляру, што ён апрануў новыя латы – і лётае над Зямлёю, каб сьцьвярджаць дабро кулакамі і змагацца зь нягоднікамі, якія яго падставілі…
“Жалезны чалавек” – тэстастэронавы комікс ад кампаніі “Марвэл”, сваяк “Бэтмэна” і “Чалавека-павука”. Фільм прапануе самыя радыкальныя сродкі для аўганскай вайны і славіць амэрыканскі патрыятызм, расквечаны самымі крутымі кампутарнымі эфэктамі.
Што рабіць, калі гандляра зброі “падставілі”? Калі найноўшая тэхніка трапляе ў рукі ворагаў – і зьнішчае жанчын і дзяцей? Хіпі 60-ых крычалі: “Далоў вайну – і далоў тэхніку!”
Іхні раўналетка – коміксавы Тоні Старк, які зьявіўся таксама ў 60-ыя, прапануе бадзёра-тэхнакратычнае выйсьце – стварыць новы гаджэт і даўбасіць ім па злачынным галовам.
Відовішча атрымалася фэерычнае. Ракеты выбухаюць, касьцюмчык лётае, тэрмаядзерны рэактар булькае, злачынцы складуюцца штабелямі.
Робэрт Даўні-малодшы – запісны алькаголік і былы Чарлі Чаплін ўкладае ў гаджэт усю душу. Ягоны пэрсанаж ня толькі п’е віскі зь ільдом, змагаецца й страляе. Ён яшчэ й жывы – наколькі гэта дазваляецца коміксавай масцы.
Ягоная сяброўка – Гвінэт Пэлтраў збольшага замест мэблі, злы нягоднік (Джэф Брыджэс) – фактурна прадказальны, лепшы сябра (Тэрэнс Гоўард) – эталённа патрыятычны, але гэныя фігуры цалкам у стылістыцы коміксу. “Жалезны чалавек” – выбух адмысловых эфэктаў і дзіцячая цацка: з такім касьцюмчыкам і на шпацыр!
Расейскія й беларускія вайскоўцы даўно крычаць пра “патрыятычныя фільмы”. Вучыцеся ў “геапалітычнага ворага”, панове! Галівуд – самая забаўляльная зброя масавага зьнішчэньня й паўсюдны трыюмф Амэрыкі.
На міжнародным кінасайце IMDB.com фільм трапіў у сьпіс 250 найлепшых стужак.
Каментары