Меркаванні7676

Эдуард Лобаў: Лепш аб’яднацца з Лукашэнкам супраць Пуціна

Былы палітвязень марыць пра вайсковую кар’еру, а складана… «складана з цэнамі пакуль разабрацца».

Эдуард Лобаў цяпер жыве з бацькамі. Працуе кур’ерам. Заробак — ну так, не вельмі. Сярэдняя спецыяльная адукацыя.

Працягвае палітычную дзейнасць. Застаецца сустаршынёй «Маладога Фронту».

Знайшоў працу кур'ера

«Адвучыўся на зваршчыка ў калоніі — няхай будзе. Пра вайсковую кар’еру прыйдзецца забыць, пакуль судзімасць не будзе пагашаная, ніхто зараз мяне нікуды не возьме, — кажа ён. — Горад трохі змяніўся. З цэнамі пакуль складана разабрацца. Я ж садзіўся, былі адны цэны і заробкі, зараз — іншыя. Таму часам губляюся. Не вельмі зразумела, калі бачыш цэннік: гэта дорага ці не?

На працягу трох сутак пасля звальнення я павінен быў стаць на ўлік у міліцыю. На трэція суткі я прыйшоў, і мне сказалі, каб на наступны дзень я пайшоў у цэнтр занятасці, стаў там на ўлік і адшукаў працу. Я пайшоў, а там мае дакументы не ўзялі, бо я не меў з сабой даведкі аб звальненні і працоўнай кніжкі. А ў наступны раз я не пайшоў — знайшоў сам гэтую працу кур’ера. Кім бы хацеў працаваць, я і не задумваюся. У нас такая краіна, што не вельмі выбіраеш, кім працаваць. Пайду туды, куды возьмуць і дзе будуць плаціць больш».

У выбарах сэнсу не бачу

«Цяпер мы плануем, як правесці Дзень Волі. Возьмем удзел у шэсці. Ісці туды я не баюся. Нават калі закрыюць на нейкія суткі — не страшна.

Тут такая справа, што калі ўсяго баяцца, то нічога не будзе. Ёсць пэўная рызыка, але яна мінімальная, і калі я ўжо пайшоў на гэта, то трэба ісці да канца.

У выбарах я сэнсу асаблівага не бачу. Галасаваць не пайду. Законным шляхам пераадолець Лукашэнку не атрымаецца, а рабіць зараз нешта, як ва Украіне, небяспечна, бо потым можна чакаць тут расійскія войскі. Дый улады не дазволяць. І імавернасць, што ў нас знойдуцца сілы, якія гэта зробяць, таксама вельмі малая. Дый народ можа не падтрымаць, бо бачыць сітуацыю ва Украіне. Нашыя людзі ў асноўным хочуць спакою, ім гэтыя сацыяльныя ўсплёскі зусім не цікавыя. Таму падстаў для Плошчы ў гэтым годзе я не бачу.

Але калі яна ўсё ж адбудзецца, то ўдзельнічаць я, можа, і буду. Можа, скончыцца новым тэрмінам? Ну, гэта ж невядома, як павернецца. Я сумняваюся, што ад Плошчы будзе нейкі вынік. Але на 100% я не ўпэўнены. І так, дзеля гэтай імавернасці ў некалькі адсоткаў, я гатовы ісці на рызыку.

Бацькі… Мне 26 гадоў. Я сам адказваю за свае ўчынкі, за свае дзеянні. Я лічу, што тое, што са мной адбываецца, не павінна так ужо моцна адбівацца на жыцці маіх сваякоў.

Самае жудаснае — Валадарка

Затрымалі нас так. Мы ішлі ўтрох: я, Дашкевіч і яшчэ адзін сябар. Да нас падышлі некалькі чалавек, спыталі, як дайсці да прыпынку. Мы адказалі, што не з гэтага раёна і не ведаем. Яны папрасілі цыгарэту. Наш сябар збіраўся даць тую цыгарэту. Яны пачалі бойку. І літаральна праз некалькі хвілін з’явілася міліцэйская машына, нас усіх туды загрузілі, адвезлі ў РУУС.

Потым на нас напісалі заяву, нібыта мы накінуліся на тых «пацярпелых». Я на іх не бачыў сэнсу пісаць заяву, бо міліцыя сама ўсё бачыла. Потым тых адпусцілі, а нас павезлі ў ІЧУ на Акрэсціна. Падоўжылі тэрмін нашага там утрымання з 3 да 10 сутак. Потым нас адвезлі ў Маскоўскае РУУС для сустрэчы з пракурорам. Ён паведаміў, што пад падпіску нас не адпусцяць. І нас адвезлі ў жодзінскую турму. Там я прабыў каля двух месяцаў. Затым — на Валадарку. Пасля суда, прыкладна праз тыдзень, мяне адвезлі ў калонію.

Я сутыкнуўся з такім упершыню і не ведаў, чаго чакаць: ці тэрмін, ці ўмоўнае. Людзі мне казалі, што артыкул прадугледжвае ад хіміі і да 10 гадоў. Проста чакаў суда.

Калі абвясцілі прысуд, я падумаў, колькі мне гадоў, дадаў чатыры і прыкінуў, калі выйду. Успрыняў спакойна. Тым больш, што пракурор прасіў 5 гадоў для нас. На гэты тэрмін я і арыентаваўся.

У калонію ехаць было не страшна. У нейкай ступені я нават хацеў, каб у калонію адвезлі хутчэй. Бо на Валадарцы былі жудасныя ўмовы, перапоўненыя камеры. Спалі пазменна, па 12 гадзін. 12 гадзін можаш ляжаць, затым — мяняецеся. А прысесці там не было дзе: праходы вузкія, месца мала. Шукаеш вугал, каб там сесці і не перашкаджаць нікому.

На шпацыр выводзілі, але там маленькі двор, народу шмат, асабліва не паходзіш. У выніку і там проста стаіш, толькі што на вуліцы.

А снегу проста не было

У калоніі было 4 атрады. Жылі ў памяшканні, падобным да вялікай казармы, якая падзеленая на секцыі. Усе разам, па самых розных артыкулах. У кожнай секцыі прыкладна па 20 чалавек. Людзі ведалі, што я «палітычны», ставіліся нармальна.

Працаваў прыкладна адзін атрад, на прамзоне рабілі паддоны, яшчэ нешта з драўніны. Астатнія не рабілі амаль нічога. Прадугледжвалася, што дзве гадзіны на дзень былі занятыя гаспадарчай працай: падмесці, калоць дровы, але і гэта было не штодзень. Але вясной 2014 года ўсіх пачалі адпраўляць на прамзону на дзве гадзіны. Але гэта было больш фармальна. Нам стала вядома, што прайшоў загад, каб усіх працаўладкавалі, а нашая прамзона проста не была разлічаная на такую колькасць народу. Таму часам нас туды прыводзілі, і мы проста стаялі гэтыя дзве гадзіны і нічога не рабілі, а працавалі тыя, хто і раней.

Рэжым — а 6 пад’ём, у 10 вечара адбой. Займаўся калі чым: калі газеты чытаеш, калі тэлевізар паглядзіш. Да таго ж, у сталовую, адна праверка, другая… Вось так дзень і мінаў. У параўнанні з арміяй, у калоніі былі нават мякчэйшыя ўмовы. У арміі так проста не пасядзіш.

Быў у карцары. 2 разы па 10 сутак. Першы раз я адмовіўся прыбіраць снег. Бо яго проста не было. Я сказаў, што не пайду, бо снегу няма. А другім разам за тое, што паведаміў зняволеным, што міліцыя на бараку.

У турме сачыў за сітуацыяй у краіне і ў свеце з «Нашай Нівы», «Народнай Волі», «Белгазеты».

Сустракаўся са святаром. Ён прыязджаў адмыслова да мяне, большасць жа праваслаўныя. Нават хадзіў да споведзі. Але не пра ўсё яму казаў: там жа прысутнічаў супрацоўнік адміністрацыі калоніі. Перад ім не вельмі хацелася ўзгадваць нешта сваё.

Па вялікім рахунку, я проста страціў гэтыя чатыры гады. Але ж калі б людзі атрымлівалі ад зняволення карысць, то гэта было б не пакаранне. Але калі б была імавернасць нешта змяніць, я б выйшаў на тую ж Плошчу, нягледзячы на пагрозу трапіць за краты яшчэ раз.

Пра змены

Рэвалюцыйныя сітуацыі часта ўзнікаюць нечакана. Сёння такое, можа, і немагчыма, але хто ведае, што будзе праз пэўны час? Які будзе сацыяльны ўсплёск у сувязі з нейкімі новымі падзеямі? Гэтага ж ніхто не прадкажа. Проста трэба быць гатовым правільна адрэагаваць на сітуацыю.

А калі працаваць штодзённа, то адзіны шлях нешта змяніць — гэта гутарыць з людзьмі, перацягваць іх на свой бок. Іншага выйсця я не бачу.

Калі ў нас зменіцца ўлада, то Расія можа ўвесці войскі. І шмат народу проста падтрымаюць яе. А калі адбудуцца нейкія палітычныя рознагалоссі паміж кіраўніцтвам нашых краін, то войскі могуць з’явіцца і пры Лукашэнку. Таму трэба праводзіць патрыятычную палітыку ў нацыянальным аспекце. Не канцэнтравацца на супольным савецкім мінулым, а адчуць сябе беларусамі. Зараз з’явіўся пэўны рух у гэты бок, нават на дзяржаўным узроўні: беларускамоўныя білборды, помнік Альгерду нават… Але за год не зробіш таго, што ігнаравалася да гэтага два дзесяцігоддзі. Патрэбен час.

Я падтрымліваю пазіцыю, што лепш аб’яднацца з Лукашэнкам супраць Пуціна. Бо калі мы страцім незалежнасць, то не будзе розніцы, хто кіруе. Пры патрэбе я гатовы абараняць незалежнасць радзімы са зброяй у руках.

Канкурэнцыю Лукашэнку мог бы скласці хіба толькі Статкевіч, калі б ён быў на свабодзе і выбары былі б дэмакратычнымі. Нават на мінулых выбарах, я лічу, ён быў больш канкурэнтаздольным, чым Някляеў ці Саннікаў. Ён чалавек вайсковы, і мог бы эфектыўней кіраваць краінай».

***

Эдуард Лобаў — сустаршыня «Маладога Фронту». Нарадзіўся ў 1988 у Вільні. Марыў стаць вайскоўцам, пасля школы адслужыў у дэсанце. Па вяртанні з войска Эдуард уключыўся ў працу «Маладога Фронту», неўзабаве стаў кіраўніком Мінскай гарадской арганізацыі. У снежні 2010 быў затрыманы разам са Змітром Дашкевічам, у сакавіку 2011 асуджаны да чатырох гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Прашэнне аб памілаванні пісаць адмовіўся.

Міжнароднай арганізацыяй Amnesty International быў прызнаны вязнем сумлення.

Каментары76

Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты

Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка падоўжыў бязвіз для еўрапейцаў да канца 2025 года

Памятаеце гісторыю пра хатніх пацукоў у цэнтры Мінска? Чым усё скончылася2

Палітзняволенаму журналісту Ігару Карнею далі яшчэ восем месяцаў калоніі

Камісар ЕС: Расія назапашвае танкі, а Еўропа не гатовая адбіць напад2

У Новай Баравой прадаюць кватэры-студыі на 20 квадратных метраў. Цана здзіўляе4

У Іране 27-гадовая спявачка выступіла з непакрытай галавой на канцэрце, што забаронена правіламі краіны ВІДЭА

Хтосьці стварыў фальшывы сайт КДБ і цішком збіраў даносы8

Напярэдадні святаў квіткі на аўтобус з Мінска ў Вільню адчувальна даражэюць6

У Казахстане судзяць беларуса за ДТЗ, у якім загінулі восем чалавек, у тым ліку пяцёра дзяцей

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты

Што паслухаць па гісторыі Беларусі? Сабралі найлепшыя падкасты

Галоўнае
Усе навіны →