Сяржук Сокалаў-Воюш дабрачынным канцэртам сабраў 1860 даляраў для параненых украінскіх вайскоўцаў
У суботу 14 лютага ў Нью-Ёрку адбыўся дабрачынны канцэрт, ладжаны Беларуска-Амерыканскім згуртаваннем «Пагоня». Сродкі, сабраныя на канцэрце, пойдуць на дапамогу параненым украінскім жаўнерам. На канцэрце бард Сяржук Сокалаў-Воюш выканаў свае знакамітыя песні, такія як «Аксамітны летні вечар», «Верны конь», «Ніколі», «Маналог случчака», так і пазнейшыя творы, такія як «Песні лісоўчыкаў» і «Майдан».
Напрыканцы прысутныя разам запяялі беларускі й украінскі нацыянальныя гімны — «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» і «Шчэ не ўмерла Украіна». На канцэрце было сабрана 1860 даляраў.
У правядзенні імпрэзы дапамагла жонка барда, Ганна Бартуль, ды іхныя сыны, Святавіт і Славамір, а таксама Пятро і Алена Рыжыя, Марат Клакоцкі, Валянціна Якімовіч, Віктар Едзіновіч, Віктар Дудараў.
Каментары