Журналіст Аляксандр Алесін вызвалены пад падпіску аб нявыездзе з СІЗА КДБ. Пра гэта напісала ў сваім Facebook журналіст Алена Якжык.
Пра затрыманне журналіста газеты «Белорусы и рынок», вайсковага эксперта Аляксандра Алесіна стала вядома ў чацвер 4 снежня, хоць, па інфармацыі «Нашай Нівы», Аляксандр Алесін быў затрыманы яшчэ 25 лістапада ў кавярні ў цэнтры Мінска. Разам з ім у кафэ знаходзіўся замежны дыпламат.
У панядзелак, 8 снежня, са слоў дачкі журналіста Вольгі, стала вядома, што сп. Алесіну выстаўленае абвінавачанне па артыкуле 356 «Здрада дзяржаве» і 356 частка 1 «Выдача дзяржаўнай тайны замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі ці прадстаўніку, альбо шпіянаж».
Паводле гэтага артыкулу прадугледжана зняволенне на тэрмін ад 7 да 15 гадоў.
Разам з Алесіным, паводле словаў Вольгі, абвінавачанне было высунутае супраць дыпламата адной з краін. Але ён не знаходзіцца ў зняволенні, бо абаронены дыпламатычным імунітэтам.
«Нам паведамілі, што бацька не з’яўляецца асноўным фігурантам справы», — сказала тады Вольга «Нашай Ніве». Тады ж яна выказала меркаванне, што бацьку вызваляць пад падпіску аб нявыездзе па стане здароўя.
Вызваленне Алесіна пад падпіску, найхутчэй, азначае, што ніякіх фактаў ягонай віны няма. Гэтаксама раней вызвалілі ксяндза Лазара — справа не пайшла ў суд.
Каментары