«Загана на экспарт»
Пясьняр мутацый дасьледуе інвазію чужой культуры – і дваістую прыроду чалавека.
На Каляды непаўналетняя, пра якую ніхто нічога ня ведае, гіне ў лёнданскім шпіталі, нарадзіўшы дзіця. На руках у акушэркі Ганны (Наомі Ўотс) застаецца немаўля – і дзёньнік памерлай, які прыводзіць гераіню ў гняздо рускай мафіі…
Пясьняр мутацый Дэйвід Кронэнбэрг халаднавата й жорстка дасьледуе інвазію чужой культуры – і дваістую прыроду чалавека. Калі героі “Сканэраў”, “Мухі”, “Відэадрому” пакутавалі на цялесныя трансфармацыі й мэнтальныя катастрофы, то ахвярай “Усходніх абяцаньняў” стаецца горад.
Чырвоныя, чорныя, белыя вантробы рэстарацыі, брунатна-сьлізкая набярэжная, дзе топяць трупы, стэрыльна-ўтульныя пакоі сярэдняй клясы – і шокавы сваёй шараговасьцю крымінальны побыт.
Гістэрычны злачынны “прынц” Вэнсан Касэль, падкалодна-ласкавы “кароль” Армін Мюлер-Шталь – і манумэнтальны Віга Мортэнсэн, які ёсьць зусім ня тым, кім здаецца. У кожнага з герояў – двайное дно, і татуіроўкі на скуры ня скажуць праўды.
Хаця ад размаляванага Мортэнсэна шарахаліся рускія эмігранты, карціну папракнуць у “этнічных” недакладнасьцях. Менавіта ў Кронэнбэрга Мортэнсэн сыграў свае найлепшыя (і рызыкоўныя!) ролі. Фільм саступае папярэдняй “Гісторыі гвалту” – але ёсьць адметнай зьявай на беларускіх экранах.
У крымінальнай драме майстра хорару стрыманы – але сцэны, якія ён падрыхтаваў гледачу, вы не забудзеце.
Сэансы ў кінатэатры “Перамога” .
Каментары