Годная біяграфічная стужка, якую варта ўбачыць.
Сьпявачка Эдыт Піяф, якая нарадзілася ў трушчобах, узьнялася на падмосткі самых прэстыжных заляў. Ейнае жыцьцё – гэта любоў, і гэта песьні, якія дасюль зачароўваюць сэрцы.
Біяграфічныя драмы звычайна павярхоўныя, насычаныя скандальнымі падрабязнасьцямі з жыцьця знакамітасьцяў – і нічога не гавораць пра душу й творчасьць. Іншыя кінабіяграфіі акадэмічна-напышлівыя, манумэнтальныя, нудныя.
Карціна Аліўе Даана шчасьліва пазбаўленая гэтых недахопаў. Жыцьцё слыннай сьпявачкі – гэта голас ейнай душы.
У фільме – стракатая атмасфэра Парыжу, любоў, барацьба й дзіцячая вера, мужнасьць і чалавечнасьць сэрца – і наіўна-пяшчотны гратэск жэстаў.
У рэжысэра Даана былі правальныя стужкі (як “Барвовыя рэкі-2”), былі выкшталцоныя кінапрактыкаваньні (“Хлопчык-з-пальчык”), але біяграфія Эдыт Піяф – гэта моцная й праўдзівая драма, якая працінае да сьлёз.
Актрыса Мэрыён Каційяр зьмяніла фрызуру, згаліла бровы – і на грым патрабавалася да пяці (!) гадзінаў. Каційяр ня вельмі вонкава падобная на Піяф, але яна паказала галоўнае – душу актрысы, ейныя пачуцьці, любоў, няшчасьце й радасьць, упартасьць і весялосьць.
Дзьвюхгадзінная карціна праносіцца на адным подыху, на адным сьпеве – і яшчэ доўга будуць гучаць у сэрцы песьні Эдып Піяф.
Фільм дэманструецца ў кінатэатры “Перамога” на мове арыгіналу – з рускімі субтытрамі.
Каментары