Падлеткавая француская камэдыя пра д’ябальскі тэлефон. Крыху чорнага гумару, маладзёвай тупасьці і саладжавай рамантыкі.
Семнаццацігадовы безграшовы Сід закахаўся ў багатую прыгажуню. Але ў героя нат няма мабільніка, каб дзяўчыне патэлефанаваць. У кітайскай краме герой знаходзіць чырвоную мабілу, якая выконвае ягоныя жаданьні. Але ў д’ябальскага тэлефона свае мэты…
Францускі фільм акуратна зьмешвае маладзёвую тупасьць кінакамэдый, каліва чорнага гумару, рамантычную саладжавасьць і кінацытаты з клясыкі. Але стужка Джэймза Хута зусім не такая кепская, як здаецца па рэклямным постэрам і анонсам.
Нуднавата-спажывецкія пакуты героя, які ня мае “крутой мабілы” зьмяняюцца рамантычнай казкай пра дамову з д’яблам. Ахвярай гэтай дамовы стаецца школьны нягоднік, які таньчыць стрыптыз на стале, настаўнік, які аб’ядаецца крэйдай і пляткарка, якая падпальвае валасы сваёй суразмоўніцы.
Але пакрысе чырвоны тэлефон – са звычкамі “Кліка", “Званка” і сэксапільнай зводніцы – павышае стаўкі ў гульні, і падлеткавыя жарты перарастаюць у бадзёрыя парадыйныя кашмары. Чортаў мабільнік знушчаецца з “Тэхаскай разьні”, зомбі-фільмаў, “Зоркавых войнаў” і “Касьмічнае Адысеі” Стэнлі Кубрыка.
Зьдзекі гэтыя па-француску легкадумныя, з улікам аўдыторыі – некрывавыя – і цалкам глядзельныя, калі не вышукваць у карціне глыбокага сэнсу.
Каментары