Асалода ад нязграбнай карціны. Сьпяшайцеся, пакуль не забылі сваё дзяцінства.
Аднойчы малады чалавек праз правал у вясковым муры трапіў у чароўную краіну, дзе пазнаёміўся зь пекнай служанкай ведзьмы. Праз 9 месяцаў юнаку падкінулі сына. Пасталелы сын адправіўся ў чароўную краіну за зьнічкай, каб падараваць яе капрызьлівай дзявулі. Але зьнічка – наіўная бляндынка – не палае жаданьнем стацца чымсьці падарункам. Да таго ж за нябеснай госьцяй палююць злыя прынцы, а ведзьмы прагнуць забіць яе. Вясковага недарэку й зьнічку чакаюць прыгоды з адзінарогам, паветранымі піратамі і чараўніцтвам. Але самае галоўнае – выпрабаваньне сэрца…
Карціна Мэцью Вона – рамантычная казка з кананічным вясельлем напрыканцы. Стужка далёкая ад сур’ёзнасьці “Гары Потэра” і раскошы “Піратаў”, культавай баявітасьці “Конана” – і зубастасьці “Шрэка”.
“Зорны пыл” – фантазія з надрыўнымі мыльнаопэрнымі інтанацыямі. Эмоцыі – наіўныя і дыдактычныя; героі – ганаровыя казачныя маскі. Зло – ёсьць зло, дабро – ёсьць дабро; адмысловыя эфэкты амаль архаічныя. І ўвесь фільм нейкі няправільны, парастрапаны.
Але ў гэтым і асалода.
Быццам трымаеш у руках зачытаную дзіцячую кніжку. Яна й неахайная, і нязграбная, і недасканалая – але самая любімая. Бо гаворыць сэрцам.
Карціна кранае мілай неабавязковасьцю, калі знаныя акторы ад шчырага сэрца валяюць дурня. Робэрт Дэ Ніра – суворы капітан піратаў Шэксьпір (!), марыць пра Англію і ўпотайкі апранае жаночыя транты (ня першы выпадак у кар’еры Дэ Ніра). Мішэль Пфайфэр паўтарае подзьвігі “Іствіцкай ведзьмы” – і заліваецца гратэскным старэчым сьмехам.
Белы казёл стаецца найпацешнейшым карчмаром, мясцовы ёлупень пераўтвараецца ў грудастую дуру, а прызнаньне ў каханьні гучыць над клеткай зачараванага грызуна.
Цырк-шапіто, кірмашовыя атракцыёны… сьпяшайцеся, пакуль не забылі сваё дзяцінства.
А вось дзеці могуць глядзець фільм гадоў з 12. Ведзьмы страшныя, дый прынцы добрымі манерамі не вылучаюцца.
“Зорны пыл” – нечаканы летні падарунак для гледача. Калі вы здольныя быць наіўнымі, каб яго ацаніць.
Каментары