Здароўе55

«У тых, хто перажыў гора страты Радзімы, няма адчування будучыні». Як гаруюць беларусы

Чалавек гаруе не толькі тады, калі страчвае блізкую душу, мы глыбока перажываем яшчэ і страту надзей на будучыню, а часам і страту Радзімы. «Наша Ніва» пагутарыла з псіхолагам Аленай Замулка пра тое, што рабіць з адчуваннем гора.

Фота: pixabay.com

Гараванне — актуальная тэма для беларусаў?

Так, кажа псіхолаг, але гэтая тэма зараз стала больш шырокай. Беларусы гаруюць не толькі праз страту кагосьці блізкага, але і праз страту Радзімы, звыклага асяроддзя і былога жыцця. Стадыі гаравання ў іх такія ж, як у выпадку са стратай блізкага чалавека.

Да яе, расказвае Алена, дагэтуль прыходзяць беларусы, што перажываюць гараванне ў сувязі з вымушаным пераездам і стратай звыклага месца жыхарства. Часам да гэтага дадаецца яшчэ і страх за блізкіх у Беларусі.

Па назіраннях Алены, у тых, хто перажыў гора страты Радзімы, няма адчування будучыні. Яно з’яўляецца ў іх толькі на стадыі прыняцця, калі вымушаныя эмігранты пачынаюць хадзіць на працу, выходзіць у бар і сустракацца з іншымі людзьмі. У гэты момант яны пачынаюць разумець, што ў іх ёсць хоць нейкая будучыня, але ж яна ўсё роўна даволі цьмяная, бо цяжка пабудаваць нешта сваё на чужой аснове.

Алена Замулка. Фота: facebook.com

Вось чаму, тлумачыць псіхолаг, беларускія эмігранты так часта кажуць пра тое, што яны вернуцца дахаты і вернуць сабе сваё жыццё. Гэтыя размовы зазямляюць і даюць адчуць глебу пад нагамі: маўляў, мы не проста боўтаемся недзе ў паветры, у нас ёсць нейкі шанс. Але ёсць і тыя беларусы, хто, наадварот, пачынае на новай глебе добра развівацца і будаваць свой бізнэс, у іх атрымоўваецца планаваць сваю будучыню, у астатніх жа — і іх большасць — з адчуваннем будучыні вялікія праблемы.

Праз што праходзіць чалавек, які гаруе?

Першая стадыя перажывання гора — гэта шок і адмаўленне. Яна можа доўжыцца як хвіліну, так і тыдзень, усё залежыць ад таго, наколькі ў чалавека моцная нервовая сістэма і ці быў ён гатовы да такіх перажыванняў.

«Свядомасць нібыта закрывае свае дзверы, і чалавек дрэнна асэнсоўвае, што з ім адбываецца. Можна выконваць бытавыя функцыі, з кімсьці гутарыць і выглядаць нармальна, здавацца ўцягнутым у сітуацыю, але вельмі ціхім. Насамрэч у гэты момант чалавек не можа ні пражыць, ні выразіць свой смутак, і гэта — тое, як мозг абараняе нас ад таго, каб успрыняць адначасова ўсю сур’ёзнасць сітуацыі, таму мы перажываем яе паступова», — тлумачыць Алена.

На наступнай стадыі чалавек праяўляе шмат эмоцый, яны могуць быць рознымі: плач, адчай, крык. Бывае, што людзі гневаюцца на сябе, на страчанага чалавека, на людзей навокал, якія проста працягваюць жыць, пакуль сам чалавек перажывае гора. Абгрунтаваных прэтэнзій там не будзе, але сам пераход у такую стадыю — гэта добра, бо для арганізма шкодна знаходзіцца ў ступары. Калі чалавек вельмі стоміцца праяўляць эмоцыі, ён можа, на жаль, вярнуцца ў стадыю ступару, але ненадоўга.

Далейшы этап — стадыя дэпрэсіі. У норме, абяцае псіхолаг, чалавек павінен сам з яе выйсці праз нейкі час, але калі гэта не адбываецца, ён атрымлівае адпаведны дыягназ — дэпрэсія, бо стадыя дэпрэсіі ад гэтай жа хваробы адрозніваецца толькі тым, ці можа чалавек сам з яе выйсці.

Фота: pixabay.com

На гэтым этапе ўжо можна шмат чаго рабіць для сябе, бо чалавек разумее, што з ім адбываецца. Ён перастае актыўна праяўляць эмоцыі і адчувае, што ў яго стабільна паніжаны настрой, вельмі мала сіл, яму больш не прыносяць радасці рэчы, што падабаліся раней. Будучыня здаецца негатыўнай, не хочацца нічога планаваць, можна нават перажываць страту свайго Я — маўляў, увогуле не разумею, хто я без таго, што страціў.

Апошняя стадыя — прыняцце, гэта пачатак нармальнага жыцця. Падчас яе чалавек прымае, што ён нешта страціў, але заўважае, што ў яго жыцці ёсць іншыя важныя рэчы. Ён пачынае з кімсьці камунікаваць, нармальна працаваць і бавіць час так, як раней.

«Праз гэтыя стадыі праходзяць усе тыя людзі, якія перажываюць гараванне праз нейкую страту. Але бывае, што ў чалавека вельмі моцны шок ці ён непадрыхтаваны да страты, і тады ён можа завязнуць на адной са стадый. Да страты насамрэч можна падрыхтавацца: напрыклад, можна загадзя ведаць пра тое, што давядзецца страціць блізкага або з’ехаць з краіны», — кажа Алена.

Ці можа быць так, што мы і так знясіленыя праз эмацыйныя перажыванні, а тут мы вымушаныя перажываць яшчэ адну страту. Тады гора будзе больш цяжкім, арганізму не хопіць рэсурсаў, і наш мозг не адпрацуе ўсе стадыі гаравання так, як трэба. У гэтым выпадку людзі могуць з шоку перайсці ў псіхалагічную траўму і знаходзіцца ў ёй даволі доўга.

Увогуле, гараванне — гэта заўсёды пра страту, калі мы ведаем, што канкрэтна мы страцілі і калі гэта здарылася. 

Чаму розныя людзі рэагуюць на гора па-рознаму?

У першую чаргу гэта звязана з тым, з якой нервовай сістэмай чалавек нарадзіўся, моцная яна ў яго ці не: хтосьці нараджаецца больш актыўным і агрэсіўным, хтосьці — больш ціхім і спакойным. Ужо ад гэтай характарыстыці залежыць, хто праходзіць праз цяжкасці лягчэй, а хто можа на іх зламацца, але нервовую сістэму можна натрэніраваць.

Фота: pixabay.com

Яшчэ, расказвае псіхолаг, шмат залежыць ад таго, якім чалавек прыйшоў да сітуацыі, што яго траўмавала. Адна справа — калі ён адчуваў сябе да яе добра, меў магчымасць адпачываць належным чынам і вёў стабільнае жыццё, і іншая — калі чалавек і так жыў у доўгім стрэсе, дрэнна спаў, харчаваўся і глядзеў навіны. Ад таго, у якім стане нервовая сістэма чалавека, будзе залежаць тое, наколькі лёгка ён пражыве сваё гора.

Толькі 40% людзей патрэбная прафесійная дапамога, каб перажыць траўму, астатнія вяртаюцца да жыцця самі і здольныя спраўляцца з наступствамі траўмы. Што да выпадкаў, калі чалавек не можа справіцца сам, то звычайна ў такіх людзей перш за ўсё парушаецца сон. Таму важна сачыць, наколькі лёгка чалавек можа заснуць, не прымяняючы нічога для засынання, у тым ліку алкаголю, і наколькі чалавек высыпаецца.

Таксама звяртаем увагу на тое, наколькі добра чалавек харчуецца, бо некаторыя людзі пачынаюць у цяжкай сітуацыі пераядаць, харчавацца нерэгулярна ці ўвогуле перастаюць есці. Нарэшце, трэба ўлічваць, ці спакойна чалавек камуніцыруе з навакольным светам, ці не адчувае ён раздражненне або напружванне ў адносінах з іншымі. Калі такія сімптомы ёсць, яны таксама сведчаць, што варта звярнуцца да спецыяліста.

Яшчэ важна, ці патрэбныя вам нейкія спецыяльныя сродкі, каб расслабіцца, і ці прысутнічаюць флэшбэкі — сітуацыі, калі на чалавека навальваюцца непрыемныя ўспаміны і ён нібыта зноў трапляе ў траўматычную сітуацыю. Што да сродкаў, то Алена прыводзіць прыклад, калі чалавек не можа заснуць, пакуль не вып’е, напрыклад, 50 грамаў каньяку. Вядома, што гэта працуе, але такія сродкі разбураюць арганізм.

Як дапамагчы таму, хто гаруе?

Тут псіхолаг прапануе згадаць стадыі гаравання. Першая з іх — шок і адмаўленне. У стане гэтага шоку чалавек не можа сябе дапамагчы, бо ён не ведае, што з ім адбываецца, нібыта замірае. Калі такое адбываецца, блізкія мусяць не пакідаць чалавека ў горы аднаго, заўсёды нехта павінен быць ля яго. Не абавязкова нешта казаць, можна проста прысутнічаць ці заплакаць ля чалавека, тым больш што гэта дапаможа перавесці яго ў наступную стадыю перажывання гора. Па водгуках людзей, у гэтай стадыі яны пачынаюць адчуваць сябе вельмі адзінокімі, і гэта балюча.

Фота: pixabay.com

Далей надыходзіць час бурных эмоцый. Эмацыйная стадыя доўжыцца нядоўга, бо ў чалавека няма сіл, каб так праяўляць эмоцыі працяглы час. На гэтым этапе, як і на мінулым, блізкія мусяць дапамагаць таму, хто гаруе, праяўляць эмоцыі: напрыклад, скажыце «Я блізка, я цябе разумею, давай паплачам разам». Толькі не трэба параўноўваць тое, як чалавек перажывае гора, з вопытам іншых, бо на гэтым этапе чалавек усё яшчэ адчувае сябе вельмі адзінокім, нават калі гэтую ж бяду перажываюць і іншыя людзі. Якім бы цяжкім ні быў боль, з цягам часу ён будзе паціху сыходзіць, у горы час лечыць. Можна карыстацца любымі спосабамі выказвання эмоцый, у тым ліку звярнуцца да творчасці.

Потым ідзе стадыя дэпрэсіўных перажыванняў і, нарэшце, выніковая стадыя — прыняцце.

Падчас стадыі дэпрэсіі варта пачынаць як мага больш рухацца. Падыдуць нават самыя простыя дзеянні — хаця б устаць з ложка і зрабіць сабе кубак кавы, але варта імкнуцца да шпацыраў на свежым паветры працягласцю 40 хвілін. Прычым, падкрэслівае псіхолаг, трэба падчас шпацыру старацца заўважаць, што адбываецца навокал, якога колеру прадметы вакол вас, дрэвы і дамы. Можна, акрамя шпацыраў, карыстацца і дыхальнымі тэхнікамі, і таксама трэба сачыць за базавымі патрэбамі — харчаваннем, сном і ўвогуле тым, што чалавек для сябе робіць. Алена раіць скласці расклад дня і прытрымлівацца яго: «Гэта выцягвае чалавека і дапамагае яму хутчэй перажыць стадыю дэпрэсіі».

Самому чалавеку, што гаруе, лепш за ўсё не закрывацца ад іншых, нават калі вельмі гэтага хочацца, і не дазваляць сабе проста ляжаць на канапе, не рабіць з сябе пустэльніка. Псіхолаг звяртае ўвагу, што не трэба карыстацца сродкамі, якія, нібыта, здымаюць напружанне. Размова, перш за ўсё, пра алкаголь, бо гэта дэпрэсант: на кароткі момант ён дапамагае адпусціць сітуацыю, але потым чалавек апынецца ў яшчэ горшым стане, калі не ў стане запою.

Алена падкрэслівае: у ненармальных сітуацыях рэакцыя кожнага чалавека, нават калі яна здаецца дзікай, насамрэч з’яўляецца нармальнай. Гэта баліць так, як і фізічная траўма, бо ўсе нашы эмоцыі мы пражываем целам гэтак жа, як пражываем і фізічную рану, проста не разумеем, чаму ж нам баліць.

Таму варта разумець, што калі з табой гэта адбываецца, ты не ў вакууме і не адзінокі. Такіх, як ты, вельмі шмат, і папрасіць пра дапамогу не сорамна: трэба грукацца і крычаць, і нехта адгукнецца.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«Наша пакаленне ў любым выпадку застанецца траўмаваным». Псіхолаг пра жыццё падчас рэпрэсій і вайны

Скандынавы — самыя шчаслівыя народы свету. Вось некалькі сакрэтаў, як ім гэта ўдаецца

Як і навошта трэба адпачываць? Тлумачыць псіхолаг

Каментары5

  • Максим Дизайнер
    11.10.2022
    Люди, кто-нибудь, помогите мне пережить гора страты Радзимы!Хоть тушкой, хоть чучелом, хоть геем!
  • Эребус
    11.10.2022
    Цікавы артыкул і, падобна, рэалістычны. Падаецца, што ў гэтай частцы праблемы найбольш дасьледваны, і ўсё асьпекты збольшага высьветлены.
  • Максим Дизайнер
    11.10.2022
    Мой родны кут, як ты мне милы. Забыць цябе не маю амерыканскай визы.

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў5

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў

Усе навіны →
Усе навіны

Бундэсвер: За крушэннем самалёта DHL у Літве можа стаяць Расія4

Даляр упершыню ўзяў планку 3,5 рубля, сёння падаражэўшы на шэсць капеек12

Сапраўдны палац прадаюць пад Мінскам. Плошча — пад тысячу квадратаў, цана — адпаведная8

Сем новаўвядзенняў па пенсіях з 2025 года

Кандыдатам у прэзідэнты Грузіі ад кіроўнай партыі стаў былы футбаліст 

Байдэн памілаваў дзвюх індычак перад Днём падзякі4

Начальнік Генштаба Беларусі назваў запуск «Арэшніка» па Дняпры жэстам добрай волі40

Справу дваровых чатаў маглі прыдумаць самі сілавікі ў рамках «спецыяльнай выбарчай аперацыі»4

Што рабіць, калі ў кватэры халодна?

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў5

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў

Галоўнае
Усе навіны →