Грамадства

«Ніколі не будзе, што з тэрыторыі Беларусі нейкія войскі атакуюць Кіеў. Ні-ко-лі!» Прыводзім заявы Лукашэнкі пра вайну з Украінай

Зрабілі падборку яго выказванняў з 2020 года.

5 жніўня 2020 года

Адна з самых вядомых заяў была зроблена ў інтэрв'ю ўкраінскаму журналісту Дзмітрыю Гардону напярэдадні выбараў.

«У нас ёсць даныя, што расіяне разгорнуць падраздзяленні ў рамках саюзных абавязальніцтваў і могуць нанесці ўдар з поўначы па Кіеве, — падчас інтэрв'ю Лукашэнка згадваў размову з Аляксандрам Турчынавым (у 2014 годзе в.а. прэзідэнта Украіны). — Ён мне кажа: «Вы ж разумееце, што мы не выстаім». Я кажу: «Саша, ніколі не будзе, што з тэрыторыі Беларусі нейкія войскі атакуюць Кіеў. Ні-ко-лі!»

Тады ён назваў подласцю такі варыянт развіцця падзей.

29 лістапада 2021 года

Напрыканцы мінулага года пра ўкраінскую памежную аперацыю «Палессе» ён выказваўся больш ваяўніча:

«Яшчэ раз хачу падкрэсліць: мы не бразгаем зброяй. Мы разумеем, што такое вайна. Мы многія перажылі нягоды пасляваенных гадоў, калі голыя, распранутыя з зямлянак не маглі вылезці.

Цяпер больш-менш жывём прымальна, мы не хочам ніякіх войнаў. Калі хто-небудзь хоча з намі размаўляць як з мірнымі людзьмі — калі ласка, з сённяшняга дня.

Мы гатовыя размаўляць. Але калі хтосьці да нас з мячом прыйдзе або са стрэльбай, у нас ёсць чым адказаць».

28 студзеня 2022 года

Сёлета частата згадвання вайны ў прамовах Лукашэнкі павялічылася. Падчас паслання народу ён заявіў наступнае:

«Дык будзе вайна ці не? Яна будзе. Але толькі ў двух выпадках. Калі супраць Беларусі будзе праведзеная прамая агрэсія. Калі супраць нашай Беларусі будзе развязаная гарачая вайна.

Мы ўсе як адзін, і нават тыя, хто не хоча, устануць на абарону нашай зямлі і нашай айчыны. Стагоддзямі наш народ змагаўся за сваю зямлю, за незалежнасць і суверэнітэт. Мы атрымалі, мы дамагліся гэтай незалежнасці. І сёння момант, калі трэба гэтую незалежнасць абараніць. 

І другі момант, калі быць вайне, і Беларусь будзе ў ёй удзельнічаць — калі на нашага саюзніка, Расійскую Федэрацыю, ажыццявяць непасрэдны напад, і такая ж агрэсія будзе здзейсненая супраць тэрыторыі РФ. Аснова таму — нашы саюзныя дамоўленасці».

«Хачу адказаць калектыўнаму Захаду. У іх гэтае пытанне вельмі важнае: ці будуць войскі на тэрыторыі Беларусі? Калі на нашу краіну будзе здзейсненая агрэсія, тут будуць сотні тысяч расійскіх войскаў, якія з сотнямі тысяч беларусаў будуць бараніць гэтую святую зямлю».

3 лютага 2022

Лукашэнка зноў згадаў вайну і Украіну на сустрэчы з міністрам абароны Расіі Сяргеем Шайгу, абмяркоўваючы вучэнні «Саюзная рашучасць — 2022»:

«Сёння ў нас, на жаль, адкрываецца паўднёвы фронт, паўднёвы накірунак. Мы вымушаныя ўмацоўваць мяжу з Украінай. Таму вучэнні дапамогуць вызначыць самыя болевыя кропкі на гэтым накірунку для таго, каб без лішніх выдаткаў стварыць абарону на нашых паўднёвых рубяжах. А гэта таксама важна і для Расійскай Федэрацыі.

Таму размовы пра вайну, не вайну і гэтак далей… Палезуць — атрымаюць. Вось і ўся вайна. Нам чужога не трэба. Дай бог сваё асвоіць — ад Брэста да Уладзівастока».

4 лютага 2022 года

У інтэрв'ю расійскаму прапагандысту Уладзіміру Салаўёву на пытанне, ці верыць ён у пачатак вялікай вайны (спачатку ва Украіне, потым у Еўропе) Лукашэнка адказаў адмоўна:

«АДКБ што паказала… пакуль яны там разгорнуцца і перашлюць нейкія войскі, мы ўжо будзем стаяць каля Ла-Манша. [ … ] Яны разумеюць, што бесперспектыўна з намі ваяваць, перш за ўсё з Расіяй».

У гэтай жа размове ён зноў выказаўся пра вайну з паўднёвым суседам: «Украіна ніколі не будзе з намі ваяваць. Гэтая вайна працягнецца ну максімум тры-чатыры дні. Там не будзе каму супраць нас ваяваць! [ … ] Як толькі ледзь-ледзь запахла, Валодзя Зяленскі адразу трухнуў: «Хлопцы, хлопцы».

10 лютага 2022 года

Чарговая заява аб тым, што вайны не будзе, была зробленая ў кадравы дзень:

«Проста перакананы, што ніякай гарачай вайны не будзе. Ужо занадта мы прывыклі да камфорту, а з зоны камфорту вылезці і пачаць ваяваць… […] Я не думаю, што калі звар'яцелыя нейкія нацыкі ва Украіне не зладзяць правакацыю… Мы не падышлі, і ваяваць не будзем».

14 лютага 2022 года

Некалькі тыдняў таму Лукашэнка сустракаўся з былым Старшынёй Вярхоўнай Рады Украіны Аляксандрам Марозам. Падчас яе ён выкарыстаў іншыя выразы:

«Я дакладна ведаю, што трэба сёння тут Захаду. Трэба развязаць канфлікт. Яны ж, вы ведаеце, умеюць чужымі рукамі… А яшчэ лепш паваяваць чужымі рукамі, чужымі людзьмі. Ды хай гінуць там — украінцы, рускія, беларусы. Гэта далёка. Цяпер гвалт: а, вайна, вайна … Паслухайце, ну калі б планавалі нейкую вайну супраць Украіны, зусім па-іншаму б паводзілі сябе СМІ. [ … ] Як толькі сціхаюць на імгненне гэтыя крыкі пра вайну ва Украіне, з Амерыкі зноў ідзе сігнал, і гэтая істэрыя пачынае падагравацца.

А гэтая брахня з нагоды таго, што вось тут Лукашэнка гатовы напасці на Украіну… Слухайце, мне гэта ніколі не трэба было, не трэба і цяпер».

18 лютага 2022 года

Апошняе абвяржэнне было зробленае ў Маскве, на брыфінгу з Пуціным:

«Ніхто не хоча вайны і канфліктаў. Нам гэта не трэба. Ні расіянам, ні беларусам».

Каментары

«Расія ніколі не спыніцца — яе можна толькі рабіць слабой». Вялікая гутарка з камандзірам каліноўцаў Паўлам Шурмеем4

«Расія ніколі не спыніцца — яе можна толькі рабіць слабой». Вялікая гутарка з камандзірам каліноўцаў Паўлам Шурмеем

Усе навіны →
Усе навіны

«Пачаліся гучныя выбухі, ажно шыбы трэсліся». У Бараўлянах згарэла аўто

Google адключае манетызацыю відэа і рэкламы для карыстальнікаў з Беларусі5

Зяленскі казаў пра бяспеку, а Трамп — пра неадкладнае спыненне агню. Дэталі сустрэчы ў Парыжы7

Ціманоўская пра жыццё ў ЗША: Жудасная ежа і агідны сэрвіс69

Мазыранцы зрабілі няўдалую пластыку, яна падала пазоў на 100 тысяч рублёў1

Сёння даляр падаражэў на пяць капеек

Трое жыхароў Мінскага раёна атруціліся антыфрызам, адзін памёр1

Камунальнікі абурыліся самаробнымі лебедзямі з шынаў

Сёння — чарговы суд над палітзняволеным журналістам Ігарам Карнеем. Некалькі месяцаў яго трымаюць у памяшканні камернага тыпу1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Расія ніколі не спыніцца — яе можна толькі рабіць слабой». Вялікая гутарка з камандзірам каліноўцаў Паўлам Шурмеем4

«Расія ніколі не спыніцца — яе можна толькі рабіць слабой». Вялікая гутарка з камандзірам каліноўцаў Паўлам Шурмеем

Галоўнае
Усе навіны →