Меркаванні

Казакевіч: Мадэль, якая выбудоўвалася з 1996 года, распадаецца, і гэты працэс незваротны

На сваім ютуб-канале «Казакевіч. Палітыка» дырэктар Інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч падвёў палітычныя вынікі года Беларусі.

На думку аналітыка, у 2021-м годзе адбылося канчатковае разбурэнне палітычнай мадэлі, якая выбудоўвалася ў Беларусі з 1996 года, і вяртанне да мінулага палітычнага кансэнсусу ўжо немагчымае.

«Калі кажуць пра устойлівасць той ці іншай палітычнай сістэмы, галоўным чынам маецца на ўвазе, што яна не толькі жыццяздольная, але і можа аднаўляцца пасля так званых шокаў ці крызісаў. Гледзячы на тое, што з Беларуссю адбываецца сёння, ёсць усе падставы меркаваць, што таталітарная сістэма ўжо не зможа аднавіцца, — мяркуе Казакевіч.

— Нягледзячы на ўяўную цвёрдасць, яна выявілася досыць крохкай і скончыла сваё існаванне».

На думку эксперта, апошнія 25 гадоў палітычны курс Лукашэнкі не тое што не рэфармаваўся, а нават не перажываў ніякіх касметычных карэктываў, бо нават дыскусіі пра рэформы мясцовага самакіравання, пра ўключэнне апазіцыі ў прадстаўнічыя органы ўлады, сканчаліся нічым.

«У 2020-м і 2021-м годзе з рэжымам адбыліся крытычныя падзеі, — лічыць Андрэй Казакевіч. — Разбураны палітычны кансэнсус. Няма больш умоў, пры якіх людзі былі гатовыя прызнаваць легітымнасць улады.

Плюс да ўсяго, цалкам разбураны баланс ўнутры кіруючай эліты, арганізацыя палітычнай сістэмы, ідэйны і ідэалагічны кансэнсус. У руінах знаходзіцца мадэль замежнай палітыкі ў тым выглядзе, у якім яна існавала на працягу двух дзесяцігоддзяў. І самае відавочнае: з краіны, якая заўсёды падкрэслівала, што яна не стварае праблем для сваіх суседзяў, Беларусь ператварылася ў рэальную рэгіянальную пагрозу — для Літвы, Польшчы, Латвіі і Украіны».

У апошнім у гэтым годзе выпуску на сваім ютуб-канале Казакевіч падрабязна спыніўся на галоўным, на яго думку, аспекце распаду палітычнай беларускай мадэлі — на распадзе палітычнага кансэнсусу ў грамадстве.

«Лукашэнка прыйшоў да ўлады, як папуліст. За кошт гэтага ён і перамог у 1994 годзе. Відавочна, што найбольшую падтрымку ён атрымаў у рэгіёнах, малых гарадах і сельскай мясцовасці. Чаго нельга было сказаць пра Мінск. Там большасці галасоў ён у 1994 годзе не меў. Сітуацыя стала змяняцца ў сярэдзіне нулявых. Перш за ўсё, гэта было звязана з даволі паспяховым эканамічным развіццём Беларусі. Тады Лукашэнка атрымаў значную падтрымку ў вялікіх гарадах, — лічыць эксперт. — Палітычны кансэнсус трымаўся на тым, што беларусы былі ўпэўненыя: большая частка насельніцтва краіны падтрымлівае Лукашэнку, а сам ён — найбольш папулярны і паспяховы палітык у Беларусі».

На думку Казакевіча, сёння такое ўспрыманне ўлады Лукашэнкі аказалася цалкам разбураным. Улада перайшла на іншую мадэль кіравання, якая не прадугледжвае легітымнасці. Лёсавызначальнай, на думку аналітыка, была фраза Лукашэнкі, сказаная ім у 2020-м годзе: «Запомніце вы і ўсе, хто мяне пачуе: краіну яны не атрымаюць».

«Фактычна гэтымі словамі Лукашэнка сказаў: «Не важна, як вы прагаласуеце, але змены ўлады не будзе», — кажа Казакевіч. — Паўтара года Аляксандр Лукашэнка дэманструе, што ўлада — гэта яго ўласнасць.

Другі вельмі важны момант: з самага пачатку свайго кіравання Аляксандр Лукашэнка, будучы папулістам, заўсёды чуйна рэагаваў на грамадскія настроі. Такім чынам ён спрабаваў адпавядаць чаканням большасці, падыгрываў у рыторыцы, у сацыяльнай і эканамічнай палітыцы. Але з пачатку 2021 года ўсім стала відавочна: больш ўлада не збіраецца падстройвацца пад грамадскі настрой. Далей яна мае намер прасоўваць свае ўласныя інтарэсы, зыходзячы з асабістых пажаданняў».

На думку эксперта, новая стратэгія Лукашэнкі — падмінаць грамадства пад сябе. Па сутнасці, сведчанні гэтага беларусы маглі назіраць увесь 2021-ы год, дзе мы назіралі бясконцыя палітычныя рэпрэсіі, дэманстратыўнае нежаданне прызнаваць свае памылкі з боку Лукашэнкі, яго нежаданне ісці не тое што на дыялог, але нават на мінімальны кампраміс з апанентамі.

Разбуральным аспектам эксперт лічыць разбурэнне прававых нормаў.

«Два апошнія дзесяцігоддзі большасць грамадзян былі ўпэўненыя, што прававыя нормы працуюць, і калі іх выконваць, то сур'ёзных праблем не будзе. Прычым гэтыя правілы абавязваюць не толькі грамадзян, але і саму ўладу, — кажа Андрэй Казакевіч. — Падзеі канца 2020 года і ўсяго 2021-га даказалі, што гэтая мадэль больш не актуальная.

Цяпер права — гэта не што іншае, як воля пануючага класа, і грамадства з гэтым абавязана лічыцца. Ніякімі прававымі рамкамі ўлада больш не звязаная».

Заключным элементам палітычнага кансэнсусу, які, на думку эксперта, быў разбураны ў 2021 годзе, ён лічыць стаўленне да гвалту. Казакевіч акцэнтуе ўвагу на тым, што гвалт у дачыненні да палітычных апанентаў рэжыму быў і раней, але быў абмежаваны ў часе і маштабе. Сёння ж ўсім відавочна: гвалт ужываецца масава і нічым не абмежаваны.

«Такім чынам, палітычны кантракт, які аформіўся з 1996 года, разбураны і вяртання да яго не будзе, — упэўнены Казакевіч. Праўда, на пытанне пра тое, якім будзе далейшы палітычны курс Беларусі, эксперт адказаў: «Зыходзячы з падзей, якія цяпер адбываюцца ў краіне, будучыя абрысы палітычнай сітуацыі ў Беларусі складана акрэсліць нават прыкладна. Але так, як раней, ужо дакладна не будзе».

Каментары

Брэсцкі дэпутат пабудаваў элітны дом на набярэжнай. Цэны могуць шакаваць нават мінчукоў10

Брэсцкі дэпутат пабудаваў элітны дом на набярэжнай. Цэны могуць шакаваць нават мінчукоў

Усе навіны →
Усе навіны

У «плане перамогі» Зяленскага ёсць пункт аб няядзерным стрымліванні. Што гэта можа быць?

На Палессі знялі яркую камету ФОТАФАКТ3

Дуда і Туск у Сейме паспрачаліся пра беларусаў: прэзідэнт абвінаваціў прэм'ера ў тым, што ён хоча пазбавіць іх права на прытулак4

Прэм'ер Славакіі намякнуў на хуткае заканчэнне вайны ва Украіне: навіны магчымыя ўжо заўтра7

У адным з мінскіх рэстаранаў частуюць сасіскамі з грэчкай. Але не ўсё так проста1

Дом Цапкалаў у Мінску выставілі на электронныя таргі9

Пратасевіч пагражае апублікаваць «кампрамат» — інтэрв'ю з Чудзянцовым, які днямі выходзіць на свабоду23

Брэсцкага журналіста абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве». Яго затрымалі пасля вяртання з Расіі

Поўдзень Афрыкі ахапіў наймацнейшы за дзесяцігоддзі крызіс харчавання3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Брэсцкі дэпутат пабудаваў элітны дом на набярэжнай. Цэны могуць шакаваць нават мінчукоў10

Брэсцкі дэпутат пабудаваў элітны дом на набярэжнай. Цэны могуць шакаваць нават мінчукоў

Галоўнае
Усе навіны →