Улада

Лукашэнку нават пасля адстаўкі не змогуць судзіць? Паглядзелі праект новай Канстытуцыі

Апублікаваны праект новай Канстытуцыі. Мяркуецца, што рэферэндум адбудзецца 27 лютага. У бюлетэні, хутчэй за ўсё, будуць толькі два пытанні: ці падтрымліваеце змены або не? Мы пачыталі праект новага закона разам з юрыстам і расказваем, што там памянялі. Напрыклад, з новай Канстытуцыі выключаны артыкул пра нейтралітэт і бяз’ядзерную зону ў Беларусі. Затое Лукашэнку, нават пасля адстаўкі, гарантуецца не толькі недатыкальнасць, але яшчэ і месца ў Савеце Рэспублікі і Усебеларускім народным сходзе. Па дзейнасці Сходу, дарэчы, было найбольш пытанняў.

Фота: belarus24.by

Пазбаўляць грамадзянства, засцерагчыся ад аднаполых шлюбаў

Магчымасць страціць грамадзянства асобна прапішуць у Канстытуцыі (арт. 10). Грамадзянства пазбаўлялі і да крызісных 2020-2021 гадоў, калі высвятлялася, што чалавек атрымаў яго беспадстаўна.

Аднак апошнім часам сілавікі ўсё актыўней заклікаюць змяніць закон такім чынам, каб апаненты ўлады, асуджаныя за палітычную дзейнасць, страцілі і грамадзянства, і маёмасць.

Гэтыя прапановы непарыўна асацыююцца з дзеяннямі нямецкіх уладаў у 30-я, якія дзейнічалі так у дачыненні да габрэяў, а скончылася ўсё вайной і Халакостам. 

У новую Канстытуцыю дадаецца пункт пра тое, што дзяржава гарантуе захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў часы Вялікай Айчыннай вайны (арт. 15).

Гэта адпавядае палітыцы апошніх гадоў, асабліва актыўнай працы сілавікоў і дэпутатаў па справе аб «генацыдзе беларускага народа», за адмаўленне якога ўводзіцца крымінальная адказнасць. Праяўленне патрыятызму — абавязак кожнага грамадзяніна, у праекце новай Канстытуцыі з’явіўся і такі пункт (арт. 54).

Беларускія ўлады крытыкавалі за меры супраць так званых дармаедаў, бо па Канстытуцыі прымусовая праца забараняецца. У новы закон хочуць унесці пункт пра тое, што кожны грамадзянін павінен праяўляць сацыяльную адказнасць, уносіць пасільны ўклад у развіццё грамадства і дзяржавы (арт. 21). У такім выпадку ўлады змогуць спаслацца не толькі на дэкрэт Лукашэнкі аб спагнанні выплат з беспрацоўных, але яшчэ і на Канстытуцыю.

Следам за Расіяй, беларускія ўлады вырашылі ўзмацніць «традыцыйны сямейны саюз», у Канстытуцыю хочуць дадаць, што шлюб — гэта саюз жанчыны і мужчыны (арт. 32). Сэнсу ад гэтага — з гулькін нос, паколькі такая норма ўжо даўно існуе ў Кодэксе аб шлюбе.

Выключаны пункт пра нейтралітэт, расстрэлы застаюцца

Істотна змяняецца пазіцыя па вайсковай будучыні краіны. Вось што запісана цяпер у Канстытуцыі: «Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз'ядзернай зонай, а дзяржаву — нейтральнай» (арт. 18).

А вось як гэты артыкул вырашылі змяніць: «Рэспубліка Беларусь у сваёй знешняй палітыцы зыходзіць з прынцыпаў роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, непарушнасці межаў, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутраныя справы і іншых агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнароднага права. Рэспубліка Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў дачыненні да іншых дзяржаў».

То-бок пункты пра нейтралітэт і бяз’ядзерную зону зніклі. 

Беларусь застаецца апошняй краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе дагэтуль расстрэльваюць людзей па выраку суда. У новай Канстытуцыі ніякіх змен у гэтай частцы не прадугледжваецца. 

Дарэчы, меркавалася, што ў новай Канстытуцыі з’явіцца ўпаўнаважаны па правах чалавека (амбудсмен). Але ў выніковым дакуменце згадкі пра гэта няма.

Па новай Канстытуцыі Лукашэнка б не мог балатавацца ў прэзідэнты

Замацоўваецца адзіны дзень для выбараў дэпутатаў — апошняя нядзеля лютага (арт. 67).

Выбары па-ранейшаму будзе курыраваць Цэнтральная выбарчая камісія, але абіраць чальцоў і старшыню камісіі тэрмінам на пяць год і вызваляць іх ад працы прапануецца Усебеларускаму народнаму сходу (арт. 71).

Адпаведна, з прэзідэнта гэтая функцыя здымаецца. Таксама УНС зможа ініцыяваць правядзенне рэспубліканскага рэферэндуму, але прызначаць яго будзе, як і раней, прэзідэнт (арт. 74).

Прапануецца змяніць патрабаванні да кандыдатаў у прэзідэнты (арт. 80):

павялічваецца ўзрост — ад 40 год (цяпер — ад 35),

таксама кандыдат павінен не менш за 20 год стала жыць у Беларусі, не мець замежнага грамадзянства, віду на жыхарства за мяжой ці іншых дакументаў, якія даюць прэферэнцыі за мяжой (напрыклад, карта паляка).

Тэрмін абрання застаецца ранейшым — пяць год, адзін чалавек не можа быць прэзідэнтам больш за два тэрміны (арт. 81). Гэтая норма ў Канстытуцыі ўжо існавала, але ў 2004 па ініцыятыве Лукашэнкі правялі рэферэндум, і колькасць тэрмінаў стала бязмежнай.

Як і раней, прэм’ер-міністра прапануюць прызначаць прэзідэнту, праўда, цяпер з папярэдняй згоды ніжняй палаты парламента (раней было — проста са згоды).

Выключаны пункт аб прызначэнні прэзідэнтам старшыняў і суддзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага суда, але пункт аб прызначэнні астатніх суддзяў застаецца.

Таксама па новым дакуменце, прэзідэнт і далей будзе прызначаць старшыняў Камітэта дзяржкантролю, Нацбанка, генпракурора — па папярэдняй згодзе верхняй палаты парламента.

Змены па надзвычайным становішчы — яго хочуць дазволіць уводзіць прэзідэнту і ў выпадку масавых і іншых беспарадкаў. Дадаецца, што ўказы і распараджэнні прэзідэнта не павінны супярэчыць законам (арт. 85).

Недатыкальнасць для Лукашэнкі

Усебеларускі народны сход можа атрымаць права здымаць з пасады прэзідэнта, калі той сістэматычна ці груба парушае Канстытуцыю, пайшоў на здраду дзяржаве, здзейсніў цяжкае злачынства.

Працэдура такая: ініцыяваць разгляд можа або не менш за траціну дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, або не менш за 150 тысяч выбарцаў. Расследаванне абвінавачвання арганізуецца УНС.

Уключаецца і Канстытуцыйны суд, які вырашае, ці парушыў прэзідэнт Канстытуцыю. Прагаласаваць за адстаўку павінна больш за палову складу Сходу.

Калі за два месяцы члены УНС не прагаласавалі, ініцыятыва адхіляецца, прэзідэнт працягвае сядзець у сваім крэсле.

У выпадку вакансіі пасады прэзідэнта, калі ён, напрыклад, не зможа выконваць свае абавязкі, паўнамоцтвы часова пераходзяць старшыні Савета Рэспублікі (арт. 88-1). На сёння гэтую пасаду займае Наталля Качанава, адна з самых верных паплечніц Лукашэнкі.

У выпадку забойства прэзідэнта, замаху на яго жыццё, акту тэрарызму, улада пераходзіць да Рады Бяспекі. 

Прапісаны ў новым дакуменце і статус былога прэзідэнта — яму прапануюць пакінуць недатыкальнасць, абяцаюць не прыцягваць да адказнасці за дзеянні на пасадзе кіраўніка дзяржавы (арт. 89).

Лукашэнка, калі ён пакіне пост прэзідэнта, зможа не толькі трапіць у дэлегаты УНС, але яшчэ стане пажыццёвым чальцом Савета Рэспублікі (з пазнакай: з ягонай згоды). 

Чым будзе займацца Усебеларускі народны сход?

Асобны раздзел у Канстытуцыі прысвечаны Усебеларускаму народнаму сходу. Гэтая частка дакумента — самая спрэчная.

Найперш незразумела, як чальцы Сходу могуць быць прадстаўнікамі народа, калі народ непасрэдна іх не абірае, у адрозненне ад, напрыклад, дэпутатаў (пры ўсіх мінусах выбарчых працэсаў у Беларусі). 

У новай Канстытуцыі хочуць прапісаць, што Усебеларускі народны сход — гэта найвышэйшы прадстаўнічы орган улады, які вызначае стратэгіі развіцця грамадства, забяспечвае непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду.

Каго ўключаць у дэлегаты? Прэзідэнта, прычым Лукашэнка там будзе ў любым разе, бо ў праекце прапісана — і дзейны, і былы прэзідэнт; прадстаўнікоў усіх галін улады; мясцовых дэпутатаў; прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.

Нагадаем, на папярэдніх Сходах прадстаўнікоў апазіцыі не было, іх проста не дапускалі на этапе фармавання складу дэлегатаў.

Замацоўваецца, што колькасць дэлегатаў УНС можа дасягаць 1200 чалавек, тэрмін абрання — на пяць гадоў. Пасяджэнні будуць праводзіцца як мінімум раз на год.

Дэлегатаў не будуць вызваляць ад працы, гэтую нагрузку яны павінны сумясціць з асноўнай дзейнасцю. Старшыню абяруць таемным галасаваннем.

У кампетэнцыі ЦВК дадаецца правядзенне выбараў дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу. Пакуль не прыняты закон аб дзейнасці УНС, працэдура абрання не прапісаная. Напрыклад, незразумела, колькі чалавек будзе уваходзіць у прэзідыум УНС і якімі кампетэнцыямі яны павінны валодаць. Але з тэксту праекта Канстытуцыі можна меркаваць, што прадстаўнікоў мясцовых дэпутатаў і грамадзянскай супольнасці будуць вызначаць выбарцы.

Якія задачы хочуць ускласці на УНС:

  1. Зацвярджэнне накірункаў унутранай і знешняй палітыкі, вайсковай дактрыны, канцэпцыі нацыянальнай бяспекі.
  2. Зацвярджэнне праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця.
  3. Унясенне прапаноў па зменах Канстытуцыі.
  4. Ініцыяванне новых рэспубліканскіх рэферэндумаў.
  5. Права вырашаць, ці прайшлі выбары легітымна.
  6. Прымаць рашэнне аб зняцці з пасады прэзідэнта.
  7. Увядзенне надзвычайнага становішча.
  8. Абранне і адпраўка ў адстаўку старшыняў і суддзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў (на падставе прапаноў прэзідэнта).
  9. Адпраўка вайскоўцаў для ўдзелу ў баявых дзеяннях за мяжой (на падставе меркавання прэзідэнта).
  10. Даваць узнагароды прэзідэнту і іншым асобам.
  11. Даваць даручэнні дзяржорганам.

Спіс не вычарпальны, адзначаецца, што ў Сходу будуць і іншыя паўнамоцтвы, устаноўленыя Канстытуцыяй і законамі. Кампетэнцыі УНС яшчэ прапішуць у асобным законе. Можа быць, тады стане больш зразумелы механізм, як новы орган будзе працаваць і якія дакладна задачы вырашаць, пакуль пералік выглядае занадта агульным. 

А што ж тады з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў? Ім працягнуць паўнамоцтвы, тэрмін павялічваецца з чатырох да пяці гадоў. 

***

Даецца два гады на тое, каб усе законы і ўказы адпавядалі новай Канстытуцыі. 

Улады кажуць, грамадзяне могуць дасылаць свае меркаванні і прапановы па новай Канстытуцыі (на электронны адрас [email protected]).

Ці паўплываюць яны на штосьці? Да дня галасавання, нагадаем, застаецца два месяцы.

Каментары

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?6

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?

Усе навіны →
Усе навіны

Б'ёрндален адмаўляецца ад працы трэнерам, каб быць больш з сям'ёй4

Падпісанне міру з Украінай «заўтра» падтрымалі б 79% расіян3

Дзмітрый Мядзведзеў назваў умову спынення вайны ва Украіне5

У Ашмянах сёння было мінус 8,8°С2

Вядомая спявачка выйграла права карыстацца сваім імем у Аўстраліі

Беларусы адкрылі ў Варшаве салон кухняў, але кліенты так і не дачакаліся сваіх заказаў

Вядомага трэнера па ўсходніх адзінаборствах судзяць за жаданне ваяваць за Украіну2

Канапацкая сцвярджае, што яе каманда збірае ў дзень мінімум па чатыры тысячы подпісаў8

Памятаеце міністра спорту Качана, які ўляпаўся ў туалетны скандал? Яго цяперашняя пасада не ўражвае3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?6

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?

Галоўнае
Усе навіны →