Грамадства

«У гэтым увесь Іва». Сябры — пра самага вядомага спартовага журналіста Беларусі Івуліна, якому далі 30 сутак

4 чэрвеня журналіст і блогер Аляксандр Івулін быў асуджаны да 30 сутак арышту за нібыта сцяг, які вісеў у акне ягонай кватэры на Кунцаўшчыне.

Сусед Аляксандра па кватэры Яраслаў Пісарэнка за тое самае атрымаў 15 сутак арышту. У чым розніца? У Івуліна ўжо не першы адміністрацыйны пратакол.

Івулін падчас жнівеньскіх пратэстаў. Фота з інстаграма.

«Наша Ніва» паразмаўляла з сябрамі і калегамі журналіста.

Івуліну 28 гадоў, ён родам з Оршы. Ягоны блог на сайце «Трыбуны» калісьці называўся «Аршанскі вакзал». Мама працавала выхавацелькай у дзіцячым садку, а тата некалі быў мараком. У Сашы ёсць старэйшы брат.

Па сканчэнні школы бацькі не пусцілі Івуліна вучыцца ў Мінск. Таму ён паступіў у Аршанскі каледж на тэхніка-праграміста. Нават атрымаў дыплом, але ў гэтай сферы так і не пачаў працаваць. Свядомым ягоным выбарам была спартыўная журналістыка, таму ён паступае на журфак БДУ. Сяброўка і аднакурсніца Сашы Ганна Брэцкая кажа, што ён быў крыху старэйшым за астатніх студэнтаў, таму яго ў жарт называлі «Дзедам».

«У Сашы атрымаўся такі еўрапейскі падыход, ён свядома абраў сабе прафесію, а не адразу пасля школьнай лаўкі», — кажа Ганна.

Журналістыка была абраная, каб заставацца ў сферы футбола — галоўнага захаплення Аляксандра. Ён займаўся футболам у Оршы, быў у школе МТЗ-РІПА, але траўма перашкодзіла стаць прафесійным футбалістам.

Мабыць, не так шмат людзей зрабілі болей для папулярызацыі беларускага футбола як Івулін. Спачатку ягоныя яскравыя рэпартажы на Goals.by і «Трыбуне», а потым — крутыя ролікі на ютубе.

Івулін дэманстраваў, што беларускі футбол можа быць цікавым. Пры гэтым ніколі не баяўся ўздымаць вострыя тэмы, у прынцыпе за гэта АБФФ узнагародзіла яго пазбаўленнем акрэдытацыі.

«На «Голс» яго прывёў Мікіта Мелказёраў, — успамінае кіраўнік праекта «Трыбуна» Максім Беразінскі. — Мы ў рэдакцыі яшчэ доўга смяяліся, што Мелказёраў знайшоў яго пад плотам, зялёным, нязграбным. Але нам адразу спадабаліся ягоныя ідэі і падыход. Магчыма, спачатку было і так сабе, але потым Саша «раздухарыўся». Ягоныя перавагі ў прафесіі — мабільнасць, аператыўнасць, адданасць».

«Саша — вельмі працалюбівы. Ініцыятыва па стварэнні канала «Часнок» — гэта не рэдакцыйная разнарадка, ён сам усё прыдумаў. Вызваляў сабе дні, каб гэтым заняцца, шукаў, хто можа дапамагчы са здымкамі, толькі пазней мы яму дапамаглі з тэхнікай», — працягвае Максім.

Усе суразмоўцы, калі ў іх пытаешся пра галоўную Сашаву рысу, кажуць дабрыня. «Бывае, сустрэнеш чалавека, ён табе здасца такім класным, эмпатычным, а пройдзе час і ты разумееш, што ён «казёл». З Сашам — зусім не так. І пры першым уражанні пра яго думаеш добра, і пасля гэтак жа», — кажа Зміцер Хведарук, які пяць гадоў адгуляў з Івуліным у аматарскім клубе «Лібертас».

«Саня — неверагодны чэл. Добры, адкрыты, заўсёды гатовы дапамагчы. І ў Оршы такія людзі бываюць (смяецца). Я не хачу казаць пафасных рэчаў, але ў размовах з ім проста адчуваеш дабро. У нас аднойчы была спрэчка на байку з LSTR, ці заб’е Івулін за сезон 10 галоў. І перад апошняй гульнёй у яго было 9, я думаў, што ўжо выйграў спрэчку, а ён у апошнім матчы забіў адразу два. Быў такі англійскі футбаліст Лес Фердынанд, ён гуляў альбо цэнтральнага нападаючага, альбо цэнтральнага абаронцу, дык у Сані тое самае», — падзяліўся Хведарук.

«Саша — вельмі добры чалавек. І сёння мы бачым, як зло спрабуе зламаць тое добрае, што яшчэ існуе», — такую думку выказаў Максім Беразінскі.

З расійскім футбольным блогерам Красавай. Фота з інстаграма.

Ганна Брэцкая сябруе з Івуліным ужо 10 гадоў. «Гэта адзін з самых пазітыўных людзей, каго я ведаю. Гонар мець такога сябра. У Сашы шмат хобі, але галоўнае — кайфаваць і зараджаць энергіяй усіх вакол. Нават калі я хачу крыху пасумаваць, то ён не дае гэтага зрабіць. Усяляк будзе падбадзёрваць. Яму было важна рабіць тое, чым ён ганарыцца. Мы, сябры, за яго, вядома, перажывалі, але ён прынцыповы ў такіх пытаннях. Саша — эмацыйны, але ні разу не панікёр, прамалінейны, яму цяжка прызнаць адсутнасць рацыі ў яго, будзе стаяць на сваім да апошняга».

Ганна кажа, што апроч футбола Івулін любіць добрую музыку — Лявона Вольскага, Парнафільмы, Сплін, Нойза, ходзіць на іх канцэрты. Даволі шмат чытае. Гатовы да вылазак у тэатры, хоць і не ў любы.

«Ён зрабіў вялізную эвалюцыю над сабой: як знешнюю, гэтак і ўнутраную. Я памятаю, калі ён яшчэ насіў доўгія валасы, чубок, цяпер жа гэта — стыльны, клёвы хлопец. Тое самае можна сказаць і пра эмацыйнае сталенне. Хаця сябры яго часта сцябуць за памяншальна-ласкавыя суфіксы: «раднулечка», «беларусікі». Ну хто так гаворыць, Саша? Тым больш ты журфак скончыў, але ў гэтым увесь Іва», — кажа Брэцкая.

Апошні па часе праект Івуліна — гэта спроба трапіць у асноўны склад прафесійнага футбольнага клуба «Крумкачы». Саша ад зімы ўвязаўся ў гэтую авантуру і праз свой блог на ютубе паказвае ўнутранае жыццё каманды, папулярызуе клуб, а таксама шмат трэніруецца. Пакуль, праўда, згуляць у афіцыйных матчах так і не атрымалася, хаця ў таварняках нават адзначаўся галамі. Дарэчы, гэты праект мае назву «А Саша выйдзе?» Назва ў наш час цалкам сабе прарочая.

Каментары

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?4

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?

Усе навіны →
Усе навіны

Канапацкая сцвярджае, што яе каманда збірае ў дзень мінімум па чатыры тысячы подпісаў8

Памятаеце міністра спорту Качана, які ўляпаўся ў туалетны скандал? Яго цяперашняя пасада не ўражвае3

Цягнік Мінск — Гомель прыбыў на канцавую станцыю са спазненнем на чатыры з паловай гадзіны

У Мінску з'явіліся дзве новыя вуліцы. Вось якія назвы1

Пасля нападу на калону ў Малі загінулі як мінімум шэсць вагнераўцаў1

Як помнікі русіфікуюць Беларусь? Падлікі пра тое, колькі помнікаў прысвечаныя савецкай гісторыі, а колькі — нацыянальнай2

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»39

«У Жодзіне подпісы выпрошваюць нават у царкве». Беларусы расказалі, ці падпісваюцца яны за Лукашэнку2

«Стаіць больш за тры гадзіны без святла і ацяплення». Цягнік Мінск — Гомель спыніўся пасярод свайго шляху

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?4

Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?

Галоўнае
Усе навіны →