Прыхільніца Ціханоўскай прарвалася ў члены камісіі — і цяпер яе адпраўляюць на каранцін
Незразумелая гісторыя адбылася ў Смаргоні. Вольга Петунава была сябрам камісіі на ўчастку у смаргонскай школе №2.
«Я адна з тых нешматлікіх незалежных сяброў камісій, якіх дапусцілі да ўдзелу ў выбарах. Прычым я асабліва не хаваю сваіх прынцыпаў, выступіла на мітынгу аб’яднанага штаба Ціханоўскай у Смаргоні, на ім паабяцала, што правядзём сумленныя выбары хаця б на адным участку, — распавяла «Нашай Ніве» Вольга. — Я мусіла быць на ўчастку ў суботу, 8 жніўня, і ў асноўны дзень галасавання. Але ў панядзелак раптам мне пазваніла старшыня камісіі: маўляў, хтосьці з членаў камісіі захварэў, трэба падмяніць. Я пагадзілася і запісалася на вечар аўторка. Калі прыйшла, ў «напарнікі» да мяне паставілі Таццяну А., якой таксама не мусіла там быць у той дзень.
Таццяна паводзіла сябе вельмі актыўна: яна была без маскі, без пальчатак, не сядзела на месцы, хадзіла па ўсёй камісіі. Маску адзявала толькі калі прыходзілі выбаршчыкі, пасля здымала зноў. Дарэчы, назіральнікі — работнікі выканкама — таксама сядзелі без масак.
І гэтая Таццяна ўсё са мной размаўляла, нават нейкія фота хацела паказаць з тэлефона…
А пасля ў сераду мне званок з мясцовай санстанцыі: у Таццяны А. выяўлены кавід. І я цяпер мушу 14 дзён быць на ізаляцыі».
Вольга Петунава кажа, што ў яе шмат пытанняў да ўсёй гэтай сітуацыі.
«Таццяна не выглядала хворай, наадварот — хутчэй, аж занадта ўжо была жвавая і бадзёрая. Таксама ў бальніцы я высветліла, што ў Таццяны нібыта ўзялі тэст пасля званку з выканкама. Не мазок, які адпраўляюць у Гродна пасля, а тэст на антыцелы, што таксама дзіўна.
Ну і такі момант, што ў нас у Смаргоні тэст і з хворых не бяруць. А ў Таццяны раптам узялі. Я званіла ёй, каб спытаць, што адбываецца, але яна кінула слухаўку.
Ды і ў санстанцыі дзіўна сфармулявалі паведамленне, калі мне званілі. Падкрэслілі, што я больш не магу быць у выбарчай камісіі», — згадвае Вольга.
Таксама, па словах Вольгі, на самаізаляцыю першапачаткова змясцілі толькі яе. Іншых сяброў камісіі і назіральнікаў не чапалі.
«У санстанцыі мне сказалі, што старшыня камісіі падала ім толькі мяне як кантакт. Старшыня гэта абвяргала. У выніку пазней на самаізаляцыю пасадзілі яшчэ двух назіральнікаў — і ўсё, — кажа Вольга. — Я спачатку думала, што гэта падстава, і што Таццяна здаровая. А цяпер сумняваюся. Бо па маёй інфармацыі, яна ў бальніцы расказвала, што хварэе з тыдзень, прычым з усімі сімптомамі: са стратай нюху, тэмпературай, усім такім.
Але ўсё роўна гэта выглядае як спланаваная акцыя».
«Наша Ніва» звязалася з Таццянай А. Яна адмовілася ад каментаў: «Не трэба турбаваць хворага чалавека».
Старшыня камісіі Таццяна Вільбік, якая працуе ў той школе завучам, таксама не агучыла падрабязнасці сітуацыі з «каронай».
«Чалавек захварэў — усё, што я ведаю. Каго яшчэ пасадзілі на самаізаляцыю з камісіі? Давайце я вам не буду казаць. А навошта вам гэтыя звесткі? Гэта мой боль, гэта мне цяжка, гэта я працую. Ну але ж, што зробіш. Час няпросты, людзі хварэюць. Хай яны папраўляюцца, і ўсё ў іх будзе добра. А мы ўжо неяк тут справімся», — адказала Вільбік «Нашай Ніве».
Каментары