«Клеілі літару Z, а пасля яе аддзіралі». Былы вязень шклоўскай калоніі расказвае, як няўдачы расіян на фронце змянялі настроі сілавікоў
Шклоўская калонія лічыцца адной з самых жорсткіх. Былому яе кіраўніку праз нялюдскае абыходжанне з палітвязнямі забаранілі ўезд у Еўрасаюз, а цяперашняга вінавацяць у смерці Вітольда Ашурка. Палітвязень, які вызваліўся адтуль некалькі месяцаў таму, расказаў пра навіны ад Паўла Севярынца і іншых зняволеных, а таксама пра тое, як у калоніі рыхтуюцца да прыездаў прапагандыстаў і як з ходам вайны змяняліся настроі адміністрацыі.
17.06.2023 / 16:48
Шклоўская калонія. Скрын відэа тэлекампаніі «Шклоў»
«Прэсінг на Севярынца ўзмацніўся з пачаткам вайны»
У шклоўскай калоніі №17 утрымліваюць палітыка Паўла Севярынца, прафсаюзнага лідара Аляксандра Ярашука, праваабаронцу Уладзіміра Лабковіча, студэнта Арцёма Баярскага, фігуранта «справы Аўтуховіча» Паўла Разановіча, анархіста Акіхіру Гаеўскага-Ханаду, былога вядоўцу БТ Дзмітрыя Лукшу, акцёра Палескага тэатра Сяргея Волкава.
Днямі ў Шклоў этапавалі папулярызатара беларускай культуры Паўла Белавуса.
Усяго ў вязніцы пад тысячу асуджаных. 90 з іх, па звестках праваабаронцаў з Dissidentby, палітычныя зняволеныя.
Палітвязнем быў і суразмоўца «Нашай Нівы» Аляксей (па яго просьбе імя змененае). 35-гадовы мужчына адседзеў у шклоўскай калоніі больш за год. У няволі ён аказаўся за ўдзел у пратэстах. Тры месяцы таму яго вызвалілі.
Аляксей кажа, што палітычных у вязніцы не менш за 150 чалавек і яны пад пастаянным ціскам адміністрацыі.
Павел Севярынец. Фота: сацыяльныя сеткі
Па словах былога палітвязня, рэгулярна адпраўляюць у штрафны ізалятар Паўла Севярынца. Прэсінг на яго ўзмацніўся з пачаткам вайны ва Украіне.
Палітык працаваў на пілараме. З ім Аляксей бачыўся нячаста. Перасякаліся ў пакоі, дзе выдавалі пасылкі і перадачы. Па словах Аляксея, Павел пастарэў і крыху асунуўся, але застаецца чалавекам з моцным духам.
Калі Павел не ў ШІЗА, то кожны выхадны і на рэлігійныя святы ходзіць у царкву. Там за ім пільна сочаць супрацоўнікі калоніі.
«Гаворыць ён з усімі па-беларуску, але калі суразмоўца не разумее беларускай, то пераходзіць на рускую. Паўлава беларуская мова не падабаецца адміністрацыі, — расказвае Аляксей. — Калі з кімсьці гаворыць, то абавязкова ўсміхаецца. Вітаецца таксама з усмешкай».
Паўлу прыходзіла шмат лістоў, і на кожны ён стараецца адказваць.
«Гэта адміністрацыі таксама не падабаецца, бо адказы на лісты правакуюць новыя лісты», — адзначае Аляксей.
Павел камунікуе з усімі нявольнікамі.
«Ва ўмовах зняволення гэта не дужа добра, бо нават сярод палітычных ёсць розныя людзі. Адміністрацыя стварае ўмовы, калі чалавек вымушаны дакладваць ёй, што адбываецца ў атрадзе», — заўважае Аляксей.
Якія навіны ад іншых палітвязняў
Пазнаёміўся Аляксей у калоніі з Паўлам Аўчаровым, якога адміністрацыя зрабіла злосным парушальнікам правілаў адбывання пакарання.
Павел Аўчароў. Фота: сацыяльныя сеткі
Палітвязню да 5 гадоў дадалі яшчэ 1,5 года і адправілі ў калонію строга рэжыму. Да гэтага яго часта кідалі ў штрафны ізалятар.
«Павел — добры чалавек, але занадта прынцыповы. Яго пачалі «страляць» праз гэта», — адзначае Аляксей.
Ён кажа, што Павел на знаёмстве з начальнікам калоніі заявіў: вы не чапаеце мяне, а я не чапаю вас.
«Павел палічыў, што з адміністрацыяй можна гаварыць шчыра — па-мужчынску. Начальнік пасміхаўся, але ў далейшым зрабіў усё, каб яго асудзілі па 411-м артыкуле («злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі»), — расказвае Аляксей.
Павел — фізічна моцны хлопец, вядзе здаровы лад жыцця.
«Ён бадзёры духам і яго нічога не зломіць», — лічыць Аляксей.
Генадзь Смірноў. Фота: spring96.org
Палітвязень Генадзь Смірноў абвяшчаў галадоўку, працягвае Аляксей. Так ён пратэставаў супраць навязвання яму дадатковай працы.
Генадзя часта кідаюць у штрафны ізалятар. Каралі яго і змяшчэннем у ПКТ. За час зняволення ён дужа схуднеў.
Аляксей перасякаўся ў калоніі з акцёрам Сяргеем Волкавым. Ён працуе ў цэху дрэваапрацоўкі, піша вершы. Часам на яго накатвае дэпрэсія.
«У цэлым ён не падае духам, бадзёрыцца, але перапады настрою ў яго нібы маятнік», — кажа Аляксей.
Занудзіўся быў і Віталь Шчэрбіч, працягвае ён.
Віталь Шчэрбіч. Фота: spring96.org
«Віталь — найлепшы чалавек з тых, каго я бачыў у жыцці. Сумленны, добра выхаваны. Любіць сям’ю. Мае цудоўнае пачуццё гумару. Пазбягае канфліктаў. Калі бачыць, што сітуацыя вядзе да сваркі, то адыходзіць. Не ўжывае грубых слоў. Займаецца спортам».
Палітвязень Антон Сотнікаў ажаніўся ў калоніі. З будучай жонкай пазнаёміўся падчас ліставання з ёю. Дзяўчына падтрымлівала нявольніка сваімі допісамі.
Антон Сотнікаў. Фота: сацыяльныя сеткі
«Антона гадавала бабуля, і ён яе называў маці. Яна памерла, і Антон не змог з ёю развітацца. Дужа перажываў…» — адзначае Аляксей.
Распісаўся ў калоніі і Антон Якавук.
Аляксей кажа, што турэмшчыкі, прэсуючы зняволеных, дамагаюцца, каб тыя заставаліся ў дэпрэсіўным і прыгнечаным стане.
«Чым большы тэрмін зняволенага з жоўтай біркай, тым больш жорсткія ствараюць для яго ўмовы, — адзначае Аляксей. —
Усё робіцца, каб у зняволеным забіць чалавека, каб ён баяўся любога шоргату.
«Адстрэльваюць» з любой нагоды. Напрыклад падыходзяць і кажуць, што ў цябе гузік не зашпілены або не павітаўся. Хаця ты і павітаўся, і гузік зашпілены. Пра гэта кажаш, а табе заяўляюць, што ты спрачаешся — і тут жа спагнанне».
Шклоўская калонія. Фота: сацыяльныя сеткі
Чым вядомая шклоўская калонія
Калонію пабудавалі 42 гады таму. Яна месціцца на ўскрайку Шклова. Насупраць яе ўзведзены пасёлак Маладзёжны. У тутэйшых дамах жывуць сем’і супрацоўнікаў вязніцы.
За тры кіламетры ад вязніцы хата, у якой жыў са сваёй сям’ёй Лукашэнка, пакуль не выправіўся ў палітыку.
Першых палітвязняў калонія прыняла пасля 2010 года. У ёй сядзелі Дзмітрый Дашкевіч, Мікалай Статкевіч, Мікалай Дзядок і іншыя актывісты.
Пасля пратэстаў 2020 года палітвязні сталі неад’емнай часткай калоніі.
Палітычных прывозяць з адзнакаю, што яны на прафілактычным уліку як схільныя «да экстрэмізму, дэструктыўнай дзейнасці» ці «захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю, праяваў агрэсіі».
Многіх занеслі ў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». Многіх робяць у калоніі злоснымі парушальнікамі правілаў унутранага распарадку.
«Усё гэта значна ўскладняе жыццё ў калоніі, — адзначае Аляксей.
Калі адміністрацыі не спадабаліся паводзіны асуджанага, то яго бяруць у аператыўную распрацоўку і «абястлушчваюць»: пазбаўляць спатканняў, пасылак, перадач.
Па словах Аляксея, цяпер практычна ўсіх палітычных вызваляюць праз штрафны ізалятар.
«Тыдзень ці 10 дзён — гэта стабільныя тэрміны ШІЗА», — тлумачыць ён.
Адну з камераў штрафнога ізалятара шклоўскай калоніі МУС паказала ў відэа з Вітольдам Ашуркам пасля таго, як стала вядома, што палітвязень памёр. Абставіны ягонай смерці дагэтуль невядомыя. Афіцыйна ў яго спынілася сэрца, але родныя палітвязня і расследавальнікі сумняваюцца ў гэтым.
Вітольд Ашурак у ШІЗА ПК №17. Фота: АРБ
Аляксей кажа, што са следчага ізалятара яго этапавалі ў Шклоў ужо пасля смерці Ашурка. Пра яго лёс ён даведаўся ад іншых нявольнікаў.
«А наогул гэту гісторыю стараюцца не згадваць, бо можна за яе нарвацца на пакаранне», — адзначае Аляксей.
Былы палітвязень кажа, што асаблівай лютасцю вылучаюцца супрацоўнікі калоніі Удотаў, Сямёнаў, Камароў.
«Сямёнаў і Удотаў мне дагэтуль сняцца», — адзначае ён.
Паводле Аляксея, у калоніі ёсць супрацоўнікі, якія паводзяць сябе з асуджанымі па-людску. Падказваюць, каб яны прыгледзелі за тымі, хто часта падстаўляецца.
«За любое парушэнне асуджаным правілаў, акрамя пакарання яго самога, перападае і начальніку атрада. Таму атраднік і спрабуе дамовіцца з кімсьці, каб зняць з сябе галаўны боль», — даводзіць Аляксей.
У 2018 годзе памяняўся начальнік калоніі і ўмовы ўтрымання сталі больш жорсткімі для ўсіх катэгорый асуджаных, кажа Аляксей, спасылаючыся на аповеды нявольнікаў са стажам.
Сяргею Ермаліцкаму — ранейшаму начальніку — у 2011 годзе быў забаронены ўезд у Еўрасаюз за жорсткае абыходжанне са зняволеным палітыкам Мікалаем Статкевічам.
Цяпер кіруе вязніцай Аляксандр Карніенка. Яго разам з аператыўным работнікам калоніі Сяргеем Карчэўскім лічаць датычнымі да смерці Ашурка.
Цяперашні начальнік шклоўскай калоніі Аляксандр Карніенка. Фота: ШкловInfo
Па словах Аляксея, некаторыя крымінальнікі наракаюць, што праз палітычных «ранейшая вольніца» пры Ермаліцкім змянілася на «сваволю адміністрацыі» пры Карніенку.
Яны згадваюць, што раней ім маглі пералічваць грошы абсалютна ўсе, а цяпер толькі родныя. У ранейшыя часы ім дазвалялі тэлефаванаць каму заўгодна і колькі заўгодна. Цяпер жа толькі па графіку.
«80 працэнтаў крымінальнікаў — стукачы», — лічыць Аляксей.
Паводле яго, са з’яўленнем у калоніі палітычных «выдыхнулі» асуджаныя за наркотыкі. На іх «абкатвалі» метады ціску, якія сталі будзённымі для палітвязняў.
У зняволеных за наркотыкі былі свае нашыўкі зялёнага колеру. Гэтую катэгорыю асуджаных збіралі ў асобныя атрады.
Фота: prokuratura.gov.by
«Неяк утылізавалі партыю з некалькіх тысяч пар чаравікаў, бо ў іх была бракаваная падэшва»
Палітвязні раскіданыя па атрадах і працуюць у розных цэхах прамзоны і на інфраструктурных аб’ектах, якія абслугоўваюць калонію: у пякарні, на кухні.
На прамзоне, якая лічыцца асобнай арганізацыяй — прадпрыемствам «Сямнаццаць», асуджаныя занятыя на дрэваапрацоўцы, у швейным і абутковым цэхах.
Паводле Аляксея, на дрэваапрацоўцы стаіць добрае абсталяванне, але на ім працуюць асуджаныя без патрэбных навыкаў, таму псуюць яго.
«На няспраўных станках якаснай прадукцыі не зробіш. Акрамя таго, сыравіну прывозяць кепскую. Не хапае лесу. Тое, што добра выходзіць, дык гэта паддоны ды катушкі пад правады, але іх робяць уручную і вялікага майстэрства такая праца не вымагае», — даводзіць Аляксей.
Турэмнае прадпрыемства часта паказваюць прапагандысты. Для іх сюжэтаў адмыслова прыхаваная прадукцыя.
«Драўляныя вокны, дзверы дастаюцца са склада, а потым, калі прапагандысты з'язджаюць, вяртаюцца назад. Неаднойчы сам быў сведкам гэтага», — сцвярджае Аляксей.
Не лепшая сітуацыя і на іншых вытворчасцях.
«З абуткам бяда. Неяк ім давялося ўтылізаваць партыю з некалькіх тысяч пар чаравікаў, бо ў іх была бракаваная падэшва. Закупілі недзе хібную, — расказвае Аляксей. — У абутку мясцовай вытворчасці ходзяць зняволеныя, якасць жахлівая. У каго ёсць магчымасць, то просяць даслаць іншы абутак з волі».
Супрацоўнікі турэмнага прадпрыемства хваляцца яго прадукцыяй. Фота: ШкловInfo
Як змяняліся настроі супрацоўнікаў калоніі за час вайны
Паводле Аляксея, вайна ва Украіне вымусіла «пераабуцца» некаторых супрацоўнікаў, асабліва калі стала зразумела, што Расія не перамагае.
На пачатку ж нехта з супрацоўнікаў наклеіў на турэмнае абсталяванне сімвал расійскага ўварвання ва Украіну — літару Z, а пасля яе ададралі.
Ёсць супрацоўнікі, якія гатовыя ваяваць на расійскім баку. Вонкава ж супрацоўнікі дэманструюць адзінства.
«Можа, гэта асаблівасць Магілёўшчыны, усходу Беларусі. Хлопцы, якіх вазілі на раскрутку ў Заходнюю Беларусь, расказвалі, што там усе мянты пераабуліся. Паволі мяняецца стаўленне да палітычных. Перадусім у кантралёраў. Адміністрацыя ж засталася са сваімі перакананнямі», — настойвае Аляксей.
Вайна паўплывала і на саміх асуджаных. Значна пабольшала тых, хто стаў спачуваць украінцам.
«Радавацца за Украіну ў калоніі нельга, бо адправяць у ШІЗА. Але асуджаныя стараліся выказвацца. Казалі, што так і трэба рускім. Тады я зразумеў, што не ўсё згублена», — згадвае Аляксей.
Аляксей кажа, што жыццё на волі без яго змянілася.
«Згубіўся сярэдні клас. Ёсць заможныя і бедныя. Людзі стараюцца не гаварыць пра палітыку. Кажуць, што для іх галоўнае — сям’я, таму ім ёсць што губляць», — адзначае былы палітвязень.
Пасля вызвалення Аляксея не пакідалі ў спакоі міліцыянты. Патрабавалі, каб прыходзіў у выхадныя адзначацца. Выклікалі на прафілактычныя гутаркі. Па яго словах, былым палітвязням цяжка знайсці працу. Ён жа вырашыў пабыць удалечыні ад радзімы, каб на чужыне перавесці дух.
Паводле яго, несупынны ціск у калоніі нагадвае пра сябе нават на волі. Успаміны пра перажытае спараджаюць дэпрэсію. Сама вязніца вяртаецца ў снах.
«У снах ваюю. Сню, што зноў пасадзілі, — расказвае Аляксей. — На волі не магу надыхацца, нібы пад купалам знаходжуся. Розум закрыты».
Глядзіце таксама:
Аляксей Кудзін пра калонію: Падцягваўся на кратах, адціскаўся ад падлогі…
Былыя сядзельцы «Віцьбы» расказалі пра Знака і Вінярскага. Усяго там 150 палітвязняў