Былыя зняволеныя заклікаюць закрыць грузавы рух на межах Беларусі, пакуль не будуць вызваленыя палітвязні
У нядзелю 21 мая, у Дзень салідарнасці з палітвязнямі, каля тысячы беларусаў выйшлі на акцыю ў Варшаве, каб нагадаць пра больш за 1500 суайчыннікаў, якія знаходзяцца за кратамі праз палітыку. Там жа, на мітынгу, прагучаў сумесны зварот апазіцыі да Еўрапейскай Камісіі, урадаў краін ЕС, у прыватнасці, Польшчы, Літвы, Латвіі, а таксама да Дзярждэпартамента ЗША з заклікам дзейнічаць больш рашуча, каб вызваліць палітвязняў у Беларусі. Аналагічны зварот быў агучаны і на мітынгу ў Вільні.
У звароце апісваецца жахлівая сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, дзе людзі сутыкнуліся з масавымі рэпрэсіямі.
«Рэжым утрымлівае каля 1500 палітвязняў ва ўмовах жорсткага стаўлення, якое прыніжае чалавечую годнасць, масава выкарыстоўвае метады гвалту, што прыводзіць да чалавечых ахвяр, — гаворыцца ў звароце. — Палітвязні знікаюць у турмах, пра іх лёс не могуць атрымаць інфармацыю нават блізкія. Рэжым аддаў загад пазбавіць палітзняволеных права атрымліваць лекі. Дапамога адвакатаў адсутнічае».
Апазіцыя заклікае Захад дзеля вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі ўзмацніць санкцыйны ціск і прыняць нацыянальныя пакеты санкцый ЗША, Польшчы, Літвы і Латвіі.
Спыніць рух на ўсіх памежных пунктах пропуску на мяжы Беларусі з Польшчай, Літвой і Латвіяй, за выключэннем пасажырскіх пунктаў пропуску, і высунуць патрабаванне аб вызваленні ўсіх палітзняволеных для адкрыцця руху.
Стварыць Спецыяльны міжнародны трыбунал па фактах злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі і пачаць выкарыстоўваць інструменты ў межах нацыянальнага заканадаўства краін ЕС, каб прыцягнуць да адказнасці вінаватых.
Да звароту далучыліся ініцыятыўная група былых палітзняволеных Беларусі на чале з Аляксандрам Кабанавым, Народнае антыкрызіснае ўпраўленне на чале з Паўлам Латушкам, «Байпол», які прадстаўляе Аляксандр Азараў, прадстаўніца па Нацыянальным адраджэнні Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Аліна Коўшык. А таксама прадстаўнікі Народнай амбасады Беларусі ў Польшчы, Музей Вольнай Беларусі і сябры Каардынацыйнай рады Арцём Брухан і Вольга Паўлава.
Каментары