«Сказалі проста ў твар, хто мяне здаў». Былыя палітвязні расказваюць, як сукамернікі становяцца стукачамі і ці ёсць даносчыкі сярод палітычных
«Турэмныя парадкі не ўсе вытрымліваюць, часам найвялікшым бонусам за стукацтва становіцца спакой», — так кажуць пра турэмнае жыццё былыя палітвязні. Яны расказваюць, як за кратамі вылічваюць даносчыкаў, ці ёсць яны сярод палітычных і чаму людзі пагаджаюцца даносіць адміністрацыі на іншых.
У стукацтва ўцягваюць максімальную колькасць зняволеных
Беларуская пенітэнцыярная сістэма актыўна выкарыстоўвае стукацтва, каб трымаць пад кантролем сітуацыю ў папраўчых установах.
«Сістэма ж такая, што пяць вертухаяў павінны вартаваць пяць тысяч зэкаў», — вобразна апісвае сітуацыю Віктар Пархімчык, які за 2 гады пабываў у васьмі месцах пазбаўлення волі.
Былая палітзняволеная Вольга Класкоўская кажа, што стукацтва для турэмшчыкаў — важная крыніца інфармацыі і ў яго стараюцца ўцягнуць максімальную колькасць асуджаных. Кампрамат збіраецца на ўсіх, і калі з'яўляецца нагода, то сабраныя звесткі выкарыстоўваюцца супраць зняволеных.
Вольгу ўтрымлівалі ў няволі 2,5 года. Большую частку з іх яна прабыла ў гомельскай калоніі.
«Часам мяне выклікалі ў аператыўную частку знішчаць карэспандэнцыю, — апавядае яна. — Робяцца такія паказушныя дзеянні, каб падпісаць акт і паказаць што нічога проста так не выкідаецца. Бывала, што аператыўнік разгортваў свой штодзённік і там шмат было на мяне напісана. Ён пытаў, што яму са мною рабіць, бо столькі даносаў».
Даніла Ганчароў, які прабыў за кратамі 2 гады, заўважае, што турэмшчыкі маюць нямала рэсурсаў для кантролю над зняволенымі. Усюды стаяць камеры відэаназірання і прыстасаванні для праслухоўвання. А ў месцах, дзе такога абсталявання няма, выкарыстоўваюць інфарматараў.
Адміністрацыя выкарыстоўвае стукацтва не толькі для збірання інфармацыі, але для шантажу і прыніжэння асуджанага, асабліва палітвязня. Так у асяроддзі асуджаных падтрымліваецца атмасфера недаверу. Гэта прыводзіць да таго, што зняволеныя ў кожным чацвёртым бачаць «барабаншчыка».
«Але тут пільнасць не дарэмная, — заўважае Даніла. — Звычайна на Валадарцы, калі яшчэ ідзе следства, да зняволенага падсаджваюць падазроных людзей, якія дзіўна сябе паводзяць. Правакуюць на размовы, а потым знікаюць і адміністрацыя валодае інфармацыяй, якую «качка» выцягнула. Такіх людзей баяцца і ўвесь час спрабуюць выкрыць, як мага хутчэй. Лепей на невінаватых нагаварыць, чым натрапіць на такую «качку».
Дар’я Чульцова, якая атрымала 2 гады зняволення і частку з іх правяла ў гомельскай калоніі, дадае, што аператыўнікі наўмысна расказвалі атраду пра даносніцтва, каб выклікаць у зняволеных разборкі.
«Тады ўсе разбіраліся з усімі. Утвараўся хаос. Аператыўнікаў ён захапляў. Стварыўшы яго, яны ўмешваліся, а затым пачыналі выхоўваць асуджаных. Каралі ўвесь атрад, чыталі правілы ўнутранага распарадку, рабілі вобшукі.
Так яны не толькі забаўляліся, але па-свойму кантралявалі асяроддзе зняволеных», — расказвае Дар’я.
«Дакладваюць нават, што палітычны пасмяяўся пры праглядзе прапаганды па ТБ»
Былы вязень шклоўскай калоніі Пятро (імя зменена) апісвае, як выглядала стукацтва ў іх. Там жа адбывалі пакаранне Пархімчык і Ганчароў.
«У нашым атрадзе на 70—80 чалавек мінімум 30 стучалі у аперчастку (а ўсяго атрадаў 17), прычым яны гэта і не асабліва хавалі, бо самі любілі адзін аднаго выкрываць на вачах у звычайных асуджаных і палітычных, каб уцерціся да іх у давер. Тактыка: «Я табе па дабрыні душэўнай раскажу, хто з іх стукач», — дзеліцца хлопец. —
Усяго ж у шклоўскай калоніі, па словах яе ж супрацоўнікаў, знаходзіцца каля 1000 асуджаных, пры гэтым колькасць аператыўнікаў складае ўсяго пяць чалавек (уключаючы начальніка аперчасткі і старэйшага аператыўніка) — Ліпскі, Прудкоўскі, Рашчыкаў, Новікаў і Мельнікаў.
Але ёсць яшчэ адзін — бацюшка пры праваслаўнай царкве ў калоніі, які прыязджае на службу кожныя выходныя. Ён былы аператыўнік гэтай жа калоніі, і некаторыя стукачы да гэтага часу па старой памяці ходзяць да яго «спавядацца».
Кожнаму з пяці дзеючых аператыўнікаў паасобку падпарадкоўваецца свая велізарная зграя стукачоў, якія літаральна спаборнічаюць адзін з адным па колькасці (значна радзей — якасці) даносаў».
Пятро расказвае, што дакладваюць літаральна пра ўсё: напрыклад, што палітычны пасмяяўся пры праглядзе прапаганды па ТБ або што ён недастаткова добра пагаліўся. З-за гэтага па палітвязняў у калоніі часта прыходзяць і ставяць ім парушэнні або чыняць правакацыі.
«Апроч гэтага, аператыўнікі могуць выкарыстоўваюць стукачоў для крадзяжу асабістых рэчаў у атрадах. Яны могуць як падкласці ў сумкі палітычнаму нешта лішняе ці забароненае, так і забраць рэчы і ежу — неадпаведнасць у асабістых вопісах падчас ператрусаў будзе лічыцца парушэннем з боку палітвязня. Або ж стукачы па заданні са штаба могуць справакаваць так званую «эпідэмію крадзяжоў» у адным з атрадаў, каб стварыць падставу, каб паставіць дадатковыя камеры для сачэння за дзеяннямі і размовамі асуджаных. За ўсё гэта стукачоў ніхто не ловіць, бо яны пад абаронай адміністрацыі калоніі», — расказвае былы палітычны.
Ён заўважае, што сярод палітвязняў таксама могуць быць стукачы, якія гэта робяць пад прымусам ці па сваім уласным жаданні. Для кагосьці гэта пытанне захавання здароўя і гарантыя непрымянення гвалту.
Аператыўнік патрабуе ад палітвязня назбіраць кампрамат на іншага палітвязня
Вольга Класкоўская кажа, што цяпер асноўныя высілкі аператыўнікаў засяроджаныя на палітвязнях, але з гэтай катэгорыя асуджаных ім працаваць складаней, бо палітычныя ідэйна прынцыповыя і: калі на іх націскаюць, яны могуць адказаць супрацівам. Таму ў асяроддзі палітычна асуджаных стукацтва як зʼявы няма, ёсць толькі адзінкавыя выпадкі.
«Палітзняволеная напісала на мяне і яшчэ адну палітычную данос. У ім гаварылася, што мы збіраем кола палітвязняў, плануем акцыі пратэсту ў калоніі і па вызваленні. Аўтарка даносу папрасіла перадаць яго ў аператыўную частку іншаму, звычайнаму, зняволенаму, а гэта дзяўчына аддала данос мне», — расказвае Вольга.
«У мяне быў шокавы стан, але я не высвятляла адносінаў, — працягвае яна. — Данос мог стаць рэальнай нагодай для пакарання. Людзей у пагонах ён мог насцярожыць, бо ў ім падавалася інфармацыя ў небяспечным з іх гледзішча выглядзе, як палітычная актыўнасць».
Адна з палітзняволеных пісала даносы на звычайных асуджаных, кажа далей Вольга. Пра гэта стала вядома ад супрацоўніка калоніі, які, нібы, стаміўся ад гэтай асобы.
«Можа, дзяўчына, такім чынам, выплёсквала сваю крыўду. Гэта асоба мела дзіўныя эксцэнтрычныя паводзіны, якія раздражнялі адміністрацыю. Ад яе стаміліся і вырашылі, што прасцей вырашыць пытанне з ёю рукамі зэкаў», — адзначае былая палітзняволеная.
Вольга кажа, што выкрытай даносчыцы зняволеныя падкінулі забароненыя рэчы, а аператыўнікі за гэта склалі рапарт. У далейшым рабілася ўсё, каб яна адчувала сябе ізгоем.
Бывае, што палітзняволенаму аператыўнік заказвае іншага палітычнага, каб на яго сабралі кампрамат, ці патрабуе раскруціць яго на новыя эпізоды для крымінальнай справы.
«Калі адмаўляешся, то пагражае стварыць такія ўмовы, што адмаўленец будзе шкадаваць. Мне вядома, што гэта не адзінкавыя выпадкі, калі аператыўнікі ціснулі такім чынам на палітвязняў», — кажа Вольга Класкоўская.
Стукач не толькі даносіць, але падстаўляе пад пакаранне
Ахвярай даносу стала і Дар’я Чульцова. Пра тое яна даведалася ад аператыўніка.
«Мне было сказана, хто мяне здаў, проста ў твар. Дзяўчыне, з якой у мяне былі добрыя адносіны, самой пагражаў рапарт, і яна вырашыла абараніцца, выдаўшы аператыўнікам кампраметуючую мяне інфармацыю. Мая віна была ў тым, што я дапамагала гэтаму чалавеку, а паводле правілаў унутранага распарадку, гэта забаронена. Зразумела дзяўчына адмаўлялася, што выдала мяне», — расказвае Дар’я.
Калонію Дарʼя параўноўвае з маленькай вёскай, дзе ўсе ведаюць, хто даносіць, а каго зневажаюць.
Па яе словах, былі выпадкі, калі самі аператыўнікі выдавалі зняволеным шмат інфармацыі, па якой пазнавалася «наседка». Для аператыўніка стукач расходны матэрыял, але некаторымі яны даражаць.
«Такія не толькі даносяць, але яшчэ і падстаўляюць, каб на чалавека склалі рапарт. Але зноў жа ўсе ведаюць, хто ён ёсць. Проста з гэтым немагчыма нешта зрабіць. Максімум, што можаш — гэта сказаць іншаму цішэй з гэтым чалавекам. Палітычны не стане гаварыць з палітычным, калі гэты чалавек, напрыклад, глядзіць на яго, бо ён раскажа аператыўніку», — тлумачыць Дар’я.
Даніла Ганчароў расказвае, як адзін са стукачоў у іх калоніі быў асуджаны на непрацяглы тэрмін за абразу Лукашэнкі, але не лічыў, што пакараны за палітыку.
«Хлопец не вельмі саромеўся свайго стукацтва. Знаходзіцца з ім было непрыемна. Ад яго калектыў дыстанцыянаваўся, але ён, як і любая «качка», спрабаваў падслухоўваць і пачутае даносіў. З гэтага хутчэй за ўсё нічога не меў. Яму, відаць, падавалася, што так лепей. Чалавечак быў ён крыху дурнаваты, і на ім ездзілі ўсе, хто як хацеў, у тым ліку і адміністрацыя», — расказвае Даніла.
Віктару Пархімчыку ўдалося пабачыць частку сваёй крымінальнай справы, калі для яе збіралася інфармацыя.
«Там было адзначана: што варта арганізаваць за мной нефармальнае назіранне, — згадвае ён. — Да мяне падсадзілі, як я думаю, «качку» у камеру, каб выцягнуць з яе дапамогай паболей інфармацыі для справы, але з такім сукамернікам я гаварыў толькі на бытавыя тэмы».
Верыфікаваць «качку» няпроста
Даніла Ганчароў лічыць, што большасць палітычных на стукацтва не пагаджаецца. Калі ў судзе не прызнаюць віны, то, як яны могуць наважыцца на ўчынак больш заганны, разважае былы палітзняволены.
Як верыфікуюць «качку»? Для гэтага закідаюць загадзя не адпаведныя рэчаіснасці навіны пэўным людзям і сочаць, як яны даходзяць да адміністрацыі.
«Гэта адзіны зэкаўскі спосаб выкрыцця стукача, але ён не вельмі надзейны», — адзначае ён.
Віктар Пархімчык заўважае, што палітычныя не маюць асаблівай карысці ад супрацоўніцтва з адміністрацыяй. Калі ёсць загад іх прасаваць, то даносніцтва не ўратуе. Шараговы вертухай не пойдзе супраць сістэмы.
У калоніі многіх палітвязняў робяць злоснікамі, чым пазбаўляюць многіх правоў у параўнанні з іншымі нявольнікамі.
«На зоне ёсць выраз «ментам веры няма». Гэта слушна. Сістэма засталася гулагаўскай, і яна працуе як механізм. Ёсць загад прасаваць — будуць прасаваць, — адзначае Віктар. — Калі адкрыта паслаць опера, то гэта можа скончыцца 411-м артыкулам і бясконцым тэрмінам адседкі, таму лепш проста уключаць дурня і казаць, што нічога не ведаеш і нікога не бачыў».
Адміністрацыя распаўсюджвае чуткі аб стукацтве, каб дыскрэдытаваць палітвязняў
Вольга Класкоўская засцерагае: стукацтва надзвычай далікатная тэма, бо не ўсё, што здаецца ім, насамрэч яно.
У аператыўнікаў багаты арсенал уздзеяння на зняволеных і яны гэтым карыстаюцца. Напрыклад, адзін з спосабаў: «сяброўская гутарка ні пра што».
«Тут вельмі важна сябе кантраляваць і не забываць, што аператыўнікі табе не сябры. Да іх даверу аніякага не можа быць. Але асуджаныя губляюць пільнасць, і, магчыма, некаторыя рэчы аператыўнік можа выведаць», — адзначае Вольга.
Адміністрацыя сама распаўсюджвае чуткі пра палітвязняў, каб дыскрэдытаваць іх. Тады асуджаныя пачынаюць параноіць, кажа Класкоўская.
«Напрыклад, чалавек выходзіць з аператыўнай часткі ці з аператыўнікам размаўляе. Могуць выклікаць з шыхта дарогаю на працу, каб наўмысна дыскрэдытаваць. Я прасіла жанчын, каб яны не спяшаліся з высновамі і скептычна ставіліся да інфармацыі, якая выходзіла ад людзей у пагонах», — апавядае Вольга.
Нагодай для абвінавачвання ў стукацтве можа стаць і заахвочванне, кажа Даніла Ганчароў. Напрыклад, палітычны атрымаў дадатковае спатканне за добра зробленую працу і адразу трапіў пад падазрэнне ў супрацоўніцтве з адміністрацыяй.
«Калі ж з пачаткам вайны ва Украіне распачалася чарговая хваля рэпрэсій супраць палітзняволеных, то адзначаны нявольнік цярпеў, як і ўсе. Ён не быў стукачом, — адзначае Даніла. — Часта бывае, калі некага адміністрацыя не чапае з палітзняволеных, то астатнім палітычным падаецца, што ён даносіць. Чалавек трапляе ў двайную апалу. Ён не можа ні з кім навязаць адносіны, бо дурныя плёткі ходзяць, а калі надыходзіць час, церпіць ад адміністрацыі».
Дар’я Чульцова кажа, што адміністрацыя выкарыстоўвае спалох людзей, якія трапілі ў няволю за ўдзел у пратэстах, ці крытычную публікацыю ў інтэрнэце.
«Яны выказалі сваё меркаванне і разумеюць, за што выходзілі на пратэсты, але сама па сабе барацьба не для іх. Дзяўчаты трапілі ў калонію напалоханыя, і аператыўнікі карысталіся такім станам, каб іх завербаваць, аднак калонія вучыць жыццю грунтоўна і хутка. Там становішся мацнейшай, і з часам няволя вучыць даваць маральны і псіхалагічны адпор аператыўнікам», — адзначае Дар’я.
Па яе словах, адміністрацыя падчас хваляў ціску падсоўвае ўзрушаным зняволеным паперкі аб супрацоўніцтве і некаторыя, не разабраўшыся, падпісваюць іх, а потым імі іх шантажуюць.
Пакінуць у спакоі — гэта ўжо бонус
Працэс «выпраўлення» асуджанага ў калоніі больш падобны да расчалавечвання асобы, заўважае Вольга Класкоўская.
«У аператыўнай частцы гомельскай калоніі амаль на ўсю сцяну вісеў партрэт Фелікса Дзяржынскага, а пазыўны ў рацыі супрацоўнікаў — «лубянка». Для мяне гэта было шокам. Гэта яскравыя дэталі, якія паказваюць норавы калоніі і прыярытэтныя кірункі працы аператыўнай часткі. Там робіцца ўсё, каб забіць у асуджанага дабрыню, узаемадапамогу, спагаду».
Такі падыход працуе і ў падбіванні асуджаных на стукацтва. Калі чалавек трапляе ў калонію, пра яго адміністрацыя ведае, хто ён, якія ў яго слабыя месцы, і тое выкарыстоўвае для вербавання.
«Каб завербаваць у даносчыкі, часам не трэба падахвочваць бонусамі, бо працуе ціск. Зняволенаму кажуць: калі пагаджаешся на супрацоўніцтва, то мы цябе пакінем у спакоі. Гэта ўжо бонус. Чапаць можна многім: гнаіць у штрафным ізалятары, пазбаўляць перадач, пасылак. Ёсць багата іншых метадаў ціску», — кажа Вольга.
Наталля Качанава ў папраўчай установе №4. Фота: belta.by
Адна дзяўчына ў Гомелі прызналася, што яе змусілі зняцца на БТ, а потым яна выбачалася і тлумачыла гэты тым, што не здолела вытрымаць ціску. Прасцей было пагадзіцца, каб яе пакінулі ў спакоі. Яе перавялі за ўдзел у тэлевізійным роліку ў лепшы атрад.
Віктар Пархімчык дадае, што не ўсе вытрымліваюць выпрабаванне карцарам.
«Некаторыя спрабуюць дамовіцца з вертухаямі. Не выключана, што зняволены можа стаць стукачом са сваёй ініцыятывы. Мне здаецца, стукацтва стала часткай сучаснага крымінальнага свету, увайшло у норму. Давяраць нікому нельга, акрамя вузкага кола палітычных, і тое не адразу, а толькі спраўдзіўшы, што зняволены мае маральны стрыжань. І толькі пасля з ім можна адкрыта гаварыць», — адзначае Віктар.
Вольга Класкоўская кажа, што за стукацтва непалітычнаму зняволенаму могуць даць добрую пасаду на фабрыцы, спальнае месца, знойдзецца больш зручная палічка ў капцёрцы. Можна разлічваць і на дадатковыя спатканні.
Дар’я Чульцова дадае, што мінімальная аплата за даносы інфарматару — гэта цыгарэты, чай, печыва.
«Гэта для волі банальшчына, а ў калоніі дорага каштуе, — адзначае яна. — Некаторыя аператыўнікі прыкрываюць сваіх стукачоў. Не заўважаюць парушэнняў».
Віктар Пархімчык адзначае, што за стукацтва звычайны непалітычны асуджаны можа разлічваць нават на ўмоўна-датэрміновае вызваленне.
«Турэмныя парадкі крывадушныя. Погляд адміністрацыі на выпраўленне і маральныя якасці — супрацьлеглыя рэчы. Узорныя паводзіны не азначаюць, што асуджаны стаў на шлях выпраўлення. Проста ён зручны для адміністрацыі. Яе не хвалюе, што вызвалены можа некага забіць, абрабаваць ці згвалціць, бо за варотамі зоны ён ужо не праблема вертухаяў» — выказваецца Віктар Пархімчык.
«Гэтак жа працуе ўся краіна. На гэтым жа ўсё трымаецца, — лічыць былы палітвязень. — Я быў у музеі Сібіры ў Польшчы, і там паказана гэтак жа сістэма, якая працавала 100 гадоў таму. І яе цяпер укараняюць у Беларусі».
Дар’я чула, што аператыўнікі абяцаюць інфарматарам датэрміновае вызваленне, але даносчыка, на яе погляд, ніколі не адправяць дамоў, пакуль ён можа даносіць.
«У няволі ў прынцыпе не можа быць расслабону, — кажа яна. — Даводзіцца пастаянна кантраляваць рэчы, каб нічога не падкінулі. Кантраляваць словы, бо паўсюдна вушы, якія слухаюць. Кантраляваць рух, бо наўкола вочы, якія пільнуюць, што робіш».
Дар’я адзначае, што зонаўскіх установак быць пільным не пазбаўляе воля. Калі знаёмішся, то спачатку прыглядаешся да людзей, не спяшаешся гутарыць з імі адразу.
Навука кантраляваць сябе па вызваленні застаецца, пагаджаецца Даніла Ганчароў.
«Я не стану падрабязна распытваць чалавека, а калі сам кажу, то аналізую і структурна выбудоўваю гутарку, — падсумоўвае ён. — Лёгкая параноіка ёсць. Ад яе нікуды не падзенешся, але ў наш час яна не дарэмная».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬГлядзі таксама:
-
У чатах Калінкавічаў распаўсюджваецца ВІДЭА, якое зафіксавала падзенне беспілотніка
-
«Я тупіў. І сумняваўся. І рваўся паміж некалькімі пачуццямі. І цяпер мне сорамна». Кранальнай гісторыяй падзяліўся беларускі святар
-
Праўладны блогер пахваліўся, што атрымаў смешны маёмасны падатак. Але ў каментарыях яго прымусілі раскрыць праўду
Каментары